Згодна з урадавай пастановай № 172, апублікаванай 8 красавіка на Нацыянальным праўным партале, ліцэнзаваньне акумулятараў уводзяць на найбліжэйшыя паўгода. Праз 6 месяцаў рашэньне Савету міністраў могуць перагледзець і скасаваць або, наадварот, працягнуць яшчэ на нейкі час.
Ва ўрадзе ліцэнзаваньне імпарту разглядаюць як «часовую меру нетарыфнага рэгуляваньня», аднак чым выкліканая патрэба ўвядзеньня такой меры ў аднабаковым парадку, не ўдакладняюць. Пад часовае ліцэнзаваньне трапілі дзьве катэгорыі — два коды таварнай намэнклятуры замежнаэканамічнай дзейнасьці:
- 8507 10 200 2 — акумулятары электрычныя, сьвінцовыя, якія выкарыстоўваюцца для запуску поршневых рухавікоў, якія працуюць з вадкім электралітам масай больш за 5 кг, для прамысловай зборкі;
- 8507 10 200 3 — акумулятары электрычныя, сьвінцовыя, якія працуюць з вадкім электралітам, іншыя, масай больш за 5 кг.
За атрыманьне ліцэнзіі на імпарт юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам трэба плаціць дзяржаўнае мыта, такім чынам, выдаткі прадпрымальнікаў, якія гандлююць гэтымі таварамі, непазьбежна вырастуць, дадае Telegraf.news.
Аднак у прэс-службе ўраду сьцьвярджаюць, што ліцэнзаваньне «не прывядзе да павышэньня цэнаў для канчатковага спажыўца». Там падкрэсьлілі, што гэтую меру прынялі «дзеля падтрымкі айчынных вытворцаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусь да канца 2027 году падоўжыла забарону на ўвоз тавараў зь «недружалюбных краін». Цяпер з выняткаміУ Беларусі вырабляюць акумулятарныя батарэі адразу некалькі кампаніяў: пінскае ТАА «Зубр Энэрджы» (брэнды ZUBR, VOLAT і іншыя), берасьцейскае ТАА «Акумулятарны Альянс» (напрыклад, Brest Battery) і менскае УП «Амкадор-Радыян» (Radian і Elhim-I).
У працэдуры ліцэнзаваньня ёсьць выключэньні. Дазволу ня трэба будзе для ўвозу тавараў зь дзяржаваў ЭАЭС — пры ўмове пацьверджаньня іх паходжаньня адпаведнымі сэртыфікатамі, а таксама тавараў, уключаных у Эўразійскі рэестар прамысловых тавараў дзяржаваў ЭАЭС.