Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет міністраў абмежаваў увоз у Беларусь аўтамабільных акумулятараў

Дом ураду ў Менску
Дом ураду ў Менску

Цяпер, каб завезьці імпартныя акумулятары для легкавіка або грузавіка, давядзецца атрымліваць асобную ліцэнзію ў Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ) і ўзгадняць яе зь Міністэрствам прамысловасьці.

Згодна з урадавай пастановай № 172, апублікаванай 8 красавіка на Нацыянальным праўным партале, ліцэнзаваньне акумулятараў уводзяць на найбліжэйшыя паўгода. Праз 6 месяцаў рашэньне Савету міністраў могуць перагледзець і скасаваць або, наадварот, працягнуць яшчэ на нейкі час.

Ва ўрадзе ліцэнзаваньне імпарту разглядаюць як «часовую меру нетарыфнага рэгуляваньня», аднак чым выкліканая патрэба ўвядзеньня такой меры ў аднабаковым парадку, не ўдакладняюць. Пад часовае ліцэнзаваньне трапілі дзьве катэгорыі — два коды таварнай намэнклятуры замежнаэканамічнай дзейнасьці:

  • 8507 10 200 2 — акумулятары электрычныя, сьвінцовыя, якія выкарыстоўваюцца для запуску поршневых рухавікоў, якія працуюць з вадкім электралітам масай больш за 5 кг, для прамысловай зборкі;
  • 8507 10 200 3 — акумулятары электрычныя, сьвінцовыя, якія працуюць з вадкім электралітам, іншыя, масай больш за 5 кг.

За атрыманьне ліцэнзіі на імпарт юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам трэба плаціць дзяржаўнае мыта, такім чынам, выдаткі прадпрымальнікаў, якія гандлююць гэтымі таварамі, непазьбежна вырастуць, дадае Telegraf.news.

Аднак у прэс-службе ўраду сьцьвярджаюць, што ліцэнзаваньне «не прывядзе да павышэньня цэнаў для канчатковага спажыўца». Там падкрэсьлілі, што гэтую меру прынялі «дзеля падтрымкі айчынных вытворцаў».

У Беларусі вырабляюць акумулятарныя батарэі адразу некалькі кампаніяў: пінскае ТАА «Зубр Энэрджы» (брэнды ZUBR, VOLAT і іншыя), берасьцейскае ТАА «Акумулятарны Альянс» (напрыклад, Brest Battery) і менскае УП «Амкадор-Радыян» (Radian і Elhim-I).

У працэдуры ліцэнзаваньня ёсьць выключэньні. Дазволу ня трэба будзе для ўвозу тавараў зь дзяржаваў ЭАЭС — пры ўмове пацьверджаньня іх паходжаньня адпаведнымі сэртыфікатамі, а таксама тавараў, уключаных у Эўразійскі рэестар прамысловых тавараў дзяржаваў ЭАЭС.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG