Палесьсе, Мсьціслаў ці Астравец: улады прапанавалі тры пляцоўкі пад адкіды ад БелАЭС. Чым гэта небясьпечна і якая зь іх лепшая

Астравецкая АЭС. Ілюстрацыйнае фота

Улады вызначаюцца з пляцоўкай пад могільнік сярэдне- і нізкаактыўных адкідаў зь Беларускай АЭС, будаваць аб’ект плянуюць пачаць у 2028 годзе. Што гэта за пляцоўка і што будзе з высокаактыўнымі адкідамі. Разьбіраемся з экспэртамі.

Сярэдне- і нізкаактыўныя адкіды з АЭС – гэта фільтры, іёнаабменныя смолы, забруджаныя матэрыялы, спэцыяльная вопратка, інструмэнты. Гэта скарыстаны матэрыял зь Беларускай АЭС, які вымагае экранаваньня і спэцыяльных умоваў захоўваньня. Атамная станцыя ля Астраўца працуе ўжо больш за пяць гадоў, але сховішча для радыяактыўных адыходаў у Беларусі няма, пра яго будаўніцтва загаварылі толькі нядаўна. Цяпер, з словаў прадстаўнікоў улады, ёсьць тры пляцоўкі, дзе могуць пабудаваць сховішча для такіх адкідаў.

Дзе будзе пляцоўка

Дырэктар «Беларускай арганізацыі ў пытаньнях абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі» Дзьмітры Логвін кажа, што зараз ацэньваецца ўзьдзеяньне гэтых варыянтаў выбару на экалёгію.

Адзін з варыянтаў месца пад будучую пляцоўку для адкідаў – тэрыторыя Палескага радыяцыйна-экалягічнага заказьніку. Гэта адчужаныя тэрыторыі, забруджаныя ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году.

Другі варыянт – Мсьціслаўскі раён Магілёўскай вобласьці.

І трэці варыянт, які раней чыноўнікі называлі найбольш імаверным, – Астравецкі раён, побач з АЭС.

Разьмяшчэньне сховішча нізка- і сярэднеактыўных адкідаў у Астраўцы найбольш праўдападобным называе і дарадца Офісу Сьвятланы Ціханоўскай у экалёгіі, экс-старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук.

«Радыяактыўныя адкіды не вельмі бясьпечна транспартаваць, гэта фактар рызыкі – везьці іх геаграфічна далёка некуды. У Астраўцы ўжо больш ляяльнае насельніцтва да станцыі, там ужо такі горад атамнікаў. На іншых пляцоўках не праводзілі геалягічных дасьледаваньняў, толькі слуханьні. Апытаньне грамадзкай думкі наконт выбару пляцоўкі ім больш патрэбная для МАГАТЭ, гэта фармальнасьць», – мяркуе Дзьмітры Кучук.

Так будзе выглядаць могільнік радыеактыўных адыходаў паводле праекту. Ілюстрацыя

Найбольш дасьледаваны рэгіён – гэта акурат Палескі радыяцыйна-экалягічны заказьнік, але там ёсьць праблема з дарожнымі шляхамі. На гэта зьвяртае ўвагу радыяцыйны хімік, навуковец, вядомы крытычным аналізам радыяцыйнай бясьпекі, — Сяргей Бесараб.

«Гэта велічэзная мёртвая, абнесеная калючым дротам зона, якую катастрофа 1986 году амаль вывела з абароту. Гэта гатовы, абкатаны і добра дасьледаваны ядзерны палігон, дзе няма цывільнага насельніцтва. Аднак няма дарожнай інфраструктуры. У Астраўцы няма пытаньняў з інфраструктурай, там ёсьць АЭС і ляяльнае насельніцтва, якое атрымлівае грошы і прэфэрэнцыі ў абмен на здароўе. Там ёсьць спэцыялісты, сыстэма назіраньня. Лягістычна і сацыялягічна гэта самы зручны варыянт для ўладаў, але шкодны з гледзішча экалёгіі», – даводзіць навуковец.

Яшчэ ў верасьні мінулага году аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol з спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што сховішча будзе пабудаванае ў Астравецкім раёне, паблізу АЭС і за 22 кілямэтры ад літоўскай мяжы. На праект плянуюць вылучыць 941 млн рублёў.

Улады ж кажуць, што канчаткова вызначацца зь месцам будаўніцтва могільніку да канца 2026 году, а будаўніцтва пачнецца ў 2027-м. Нібыта ўлады хочуць даведацца думкі людзей.

Чым шкодны такі могільнік

Поруч з Астравецкім раёнам знаходзіцца Нарачанскі край і яго санаторыі – гэта турыстычны рэгіён, заўважае Сяргей Бесараб.

«Будаўніцтва зьнішчыць адзін з самых чыстых, азёрных, аграрных рэгіёнаў краіны. Гэта зьнішчыць курортную нарачанскую зону. Беспрэцэдэнтнае экалягічнае хамства. Нізкаактыўныя адкіды маюць многія краіны, дзе ёсьць АЭС. Яны захоўваюцца ў бэтонных канавах з ангарам зьверху. Калі ўсё залітае ў цэмэнт, яно ня мусіць выпрацоўваць радыяцыю. Фон ня мусіць зьмяняцца. Пагроза – гэта грунтовыя воды, калі забудоўнікі нешта нарабілі, ці выкарысталі танныя матэрыялы, кепска правялі дасьледаваньні. Тады вада можа падмыць сховішча праз 5–7 гадоў і панесьці ізатопы ў падземныя ваданосныя пласты», – тлумачыць навуковец.

БелАЭС

Паводле Дзьмітрыя Кучука, у справе захоўваньня радыяактыўных адкідаў не існуе цалкам добрых, бясьпечных варыянтаў. Суразмоўца падкрэсьлівае, што такое сховішча мусіць прастаяць прынамсі 100 гадоў.

«Патрэбныя пэўныя стандарты. Бо канструкцыя як мінімум на 100 гадоў павінна быць гермэтычная, тэхнічна не абрынуцца, адпаведна якасьць бэтону павінна быць належная. Бо ў выпадку чаго ўсе гэтыя забруджаныя рэчывы могуць трапляць у Вяльлю, далей у Нёман, ну і, адпаведна, у Балтыйскае мора. Гэта ўплывае на экалёгію ня толькі найбліжэйшага, але і ўсяго Балтыйскага рэгіёну», – гаворыць Дзьмітры Кучук.

А што з адпрацаваным палівам з рэактару

Пакуль застаецца адкрытым пытаньне ядзернага могільніку, дзе мусіць захоўвацца адпрацаванае паліва з рэактару. Паводле плянаў, сьпярша адпрацаванае паліва мусіць захоўвацца ў прырэактарных басэйнах выгрузкі, пасьля яго мусіць забіраць Расея для выманьня карысных рэчываў. А пасьля ўжо перапрацаванае высокаактыўнае і шкоднае рэчыва будзе вяртацца назад у Беларусь, і яго недзе трэба захоўваць.

«Расея з гэтага паліва забірае плютоній, рэдказямельныя элемэнты, Беларусі аддае адпрацаваныя рэчывы, якія будуць фаніць паўтысячы гадоў, і Беларусь павінна іх захоўваць. Для такіх адкідаў патрэбнае зусім іншага тыпу сховішча, бо яны высокаактыўныя. Цяпер чамусьці няма размоваў, дзе і як гэта будзе», – дзівіцца Сяргей Бесараб.

Радыяцыйны хімік нагадвае, што Беларусь пасьля Чарнобыльскай катастрофы мела магутную навуковую школу ў атамнай энэргетыцы, але зараз навука проста пазбаўленая права голасу.

«Беларусь пасьля 1986 году валодала адной з самых высоканавуковых школаў у гэтай галіне. Дасьледавала радыяцыю на найвышэйшым узроўні, мела моцную, абгрунтаваную і незалежную пазыцыю. А зараз радыяцыйная навука цалкам пазбаўленая права голасу. Калі мы прааналізуем выказаныя публічна думкі пра АЭС і тыя ж адкіды, то ў вочы кідаецца поўная адсутнасьць хаця б аднаго сьпікера з боку дзяржавы, якога было б ня сорамна слухаць. Профільныя акадэмікі проста маўчаць і перапісваюць чужыя прэс-рэлізы за Расеяй», – заўважае навуковец.

Урад Беларусі ў 2023 годзе зацьвердзіў стратэгію абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі, падзеленую на тры этапы.

Да пачатку 2030-х гадоў трэба разьвязаць пытаньне разьмяшчэньня радыяактыўных адкідаў, якія ўтвараюцца на БелАЭС. Гэты праект разьлічаны на 10 гадоў.

Другі этап рэалізацыі стратэгіі (2030–2050-я гг.) прадугледжвае вывучэньне магчымасьцяў будаўніцтва дадатковых сховішчаў радыяактыўных адкідаў.

Трэці этап ахоплівае «больш аддаленую» пэрспэктыву.