Беларуская арганізацыя абыходжаньня з радыеактыўнымі адкідамі (БелРАА) апублікавала відэа, у якім паказала архітэктурна-плянавальныя рашэньні і канцэпцыі будучага пункту пахаваньня радыеактыўных адкідаў (ППРА).
Могільнік Беларускай АЭС можа зьявіцца ў вёсцы Навасёлкі пад Хвойнікамі, або ў Амсьціслаўскім раёне Магілёўскай вобласьці, або ў Астравецкім раёне Горадзенскай вобласьці. Цяпер ідзе выбар пляцоўкі пад узьвядзеньне ППРА.
У БелРАА расказалі пра працоўную нараду з удзелам галоўных праектавальнікаў РУП «Белніпіэнэргаатам» наконт абмеркаваньня архітэктурна-плянавальных рашэньняў і канцэпцыі ППРА.
У арганізацыі заявілі, што «наша задача — стварыць аб’ект, які гарантуе поўную ізаляцыю радыеактыўных адходаў ад навакольнага асяродзьдзя», і што «выбраныя намі рашэньні адпавядаюць самым строгім усясьветным стандартам бясьпекі».
Пакуль, аднак, не названыя базавыя парамэтры ППРА, няясна, як будуць захоўвацца адкіды — на паверхні або на глыбіні, колькі чалавек будуць абслугоўваць аб’ект і дзе іх будуць шукаць — сярод мясцовага насельніцтва, ці гэта будуць прыежджыя работнікі.
Раней афіцыйна заяўлялі толькі тое, што плошча ўчастку ППРА складзе каля 1 квадратнага кілямэтру. На праект плянуецца вылучыць 941 млн рублёў, увод у эксплюатацыю плянуецца ў 2030 годзе.
Факты пра Астравецкую АЭС
- Будаўніцтва БелАЭС каля Астраўца завяршылася ўвосень 2023 году. Станцыя пабудаваная паводле расейскага праекту, генэральным падраднікам выступіла дзяржаўная карпарацыя «Росатом». Першы энэргаблёк АЭС увялі ў прамысловую эксплюатацыю ў чэрвені 2021 году, другі — у лістападзе 2023-га.
- Другую АЭС для Беларусі 13 сакавіка 2025 году абмяркоўвалі Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін. Тады Лукашэнка папрасіў Пуціна, каб «Росатом» збудаваў у Беларусі яшчэ адну станцыю.
- Пад узьвядзеньне першай АЭС у Астраўцы Менск атрымаў ад Расеі крэдыт на 10 млрд даляраў, плюс каля 10% кошту праекту плянавалася выдаткаваць зь бюджэту Беларусі. У 2019 годзе Лукашэнка ацэньваў кошт праекту ў 7 млрд даляраў.
- Пытаньні аб мэтазгоднасьці будаўніцтва паўстаюць ня толькі наконт патэнцыйнай другой АЭС, але і ўжо дзейнай — як з экалягічнага, так і з эканамічнага боку. Абодва блёкі першай беларускай АЭС ня раз прастойвалі, пра іх рамонт не заўсёды своечасова паведамлялі грамадзкасьці. Таксама былі праблемы з дастаўкай корпусу рэактару, не да канца зразумелае рашэньне пра лёс адкідаў паліва. Улады нярэдка замоўчваюць інфармацыю аб БелАЭС.
- І пасьля запуску БелАЭС паслугі электраэнэргетыкі для насельніцтва ў Беларусі рэгулярна даражэюць, хоць раней Лукашэнка і ягоныя міністры шматкроць абяцалі, што АЭС дапаможа ўтрымліваць цэны на электраэнэргію без павышэньня.
Форум