Цяпер разглядаюць тры асноўныя варыянты: раён побач зь БелАЭС у Астраўцы, тэрыторыя Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка і Магілёўская вобласьць, расказаў у этэры СТВ дырэктар «БелРАА» Дзьмітры Логвін.
Паводле абяцаньняў чыноўніка, выбар залежыць ня толькі ад тэхнічных парамэтраў, але й ад меркаваньня людзей.
Судзячы з апытаньняў, на якія спаслаўся Логвін, прыярытэтнай пляцоўкай выглядае Астравец. Там больш за 70% мясцовых жыхароў ня супраць разьмяшчэньня аб’екту. На ягоную думку, гэта тлумачыцца тым, што людзі ўжо жывуць побач з атамнай станцыяй і, паводле адмыслоўцаў, бачаць ад гэтага сапраўдныя плюсы: разьвіцьцё інфраструктуры і эканомікі.
У Магілёўскай вобласьці падтрымка ніжэй — каля 60%. Там жыве шмат перасяленцаў з тэрыторый, якія пацярпелі пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, аднак большасьць усё ж не пярэчыць праекту могільніку.
А вось у Палескім запаведніку больш за 50% апытаных выступаюць супраць будаўніцтва.
У жніўні-верасьні ўлады зладзяць грамадзкія абмеркаваньні праекту, і тады ўжо вызначыцца месца будучага палігону.
Дыялёг пройдзе адразу на трох пляцоўках, з удзелам міжнародных экспэртаў і з дакладным рэглямэнтам. Ужо цяпер адмыслоўцы паступова выяжджаюць у рэгіёны, каб падрыхтаваць людзей да абмеркаваньня.
Зьяўленьне аб’екту можа сур’ёзна паўплываць на разьвіцьцё тэрыторыі. Размова пра прыток прыкладна 5 тысяч адмыслоўцаў і разьвіцьцё сацыяльнай інфраструктуры.
Комплекс плянуюць разьмясьціць на пляцы ад 50 да 100 га. Пры гэтым непасрэдна сховішча зойме толькі каля траціны тэрыторыі, астатняе адвядуць пад вытворчыя і тэхналягічныя аб’екты, у тым ліку энэргетыку, аўтаматызацыю і нават рашэньні з элемэнтамі штучнага інтэлекту.
Канчатковае рашэньне наконт разьмяшчэньня пляцоўкі могуць прыняць у канцы 2026-га — пачатку 2027 году. Калі ўсё пойдзе згодна з плянам, будаўніцтва пачнецца ўжо ў 2028-м.
Размова пра сярэдне- і нізкаактыўныя адкіды — фільтры, іёнаабменныя смолы, забруджаныя матэрыялы, спэцыяльную вопратку, інструмэнты. Гэта скарыстаны матэрыял зь Беларускай АЭС, які патрабуе экранаваньня і спэцыяльных умоваў захоўваньня. Гаворка не пра скарыстанае ядзернае паліва.
На праект плянуецца вылучыць 941 млн рублёў, увод у эксплюатацыю плянуецца ў 2030 годзе. Рэалізацыяй зоймецца РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжаньні з радыяактыўнымі адкідамі».
Форум