3 лютага Лукашэнка загадаў зьмяніць графік, згодна зь якім працуе вулічнае асьвятленьне ў гарадах. Маўляў, ёсьць 4-5 лішніх гадзін, калі электрычнасьць можна эканоміць.
«Усе вулічныя ліхтары ўключаныя, усё зьзяе. Менская вобласьць і далей — усё гарыць. У шэсьць гадзін вечара. Навошта? Ужо ў палове восьмай можна адключаць раніцай сьвятло на вуліцы, асабліва цяпер, калі сьвятла шмат. Поўная лухта. Адрэгулюйце гэтыя фотаэлемэнты, каб электраэнэргія аўтаматычна вашым штучным інтэлектам адключалася ў сем гадзін раніцы. І каб сьвятло запальвалася не ў шэсьць гадзін вечара, а ў восем. Палічыце — 4–5 гадзін», — цытуе БелТА словы Лукашэнкі.
Ужо на наступны дзень 4 лютага чыноўнікі Мінэнэрга сабраліся на нараду і даручылі «скарэктаваць графікі вулічнага асьвятленьня з улікам сацыяльных стандартаў і асаблівасьцяў вясковых населеных пунктаў».
Канкрэтных графікаў, як гэта будзе ў розных гарадах не апублікавалі. 4 лютага ў Менску сьвятло на вуліцах запалілі, а 19:00. У гарадах Менскай вобласьці, згодна з дзяржаўнымі выданьнямі, графік быў іншы: сьвятло пачалі запальваць, а 20:00 і гасіць, а 7:00.
5 лютага ў Менгарвыканкаме чыноўнікі паабяцалі журналістам «Люстэрка», якія туды дазваніліся, што ў Менску 5 лютага асьвятленьне ўключаць як і раней, у 18:00. А ўчора, маўляў, была разавая акцыя. Што з іншымі гарадамі, не паведамлялася.
«Гэта поўны сюр»
Навуковец, радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб, вядомы крытычным аналізам радыяцыйнай бясьпекі, кажа, што ў Беларусі ня могуць паміж сабой паразумецца розныя ведамствы. «Белэнэрга» выпрацоўвае электрычнасьць, якой больш, чым дастаткова. А стратная жыльлёва-камунальная гаспадарка ня мае грошай, каб за гэтую электрычнасьць заплаціць.
«Адно ведамства фізычна не можа дамовіцца зь іншым. Для гэтай бюракратычнай пачвары не існуе тэрміна агульная электрычнасьць. „Белэнэрга“ пляваць, што АЭС працуе ў халастую, ім трэба грошы зараз. А ў ЖКГ дзірка ў бюджэце з прычыны анамальных халадоў. Ім няма чым плаціць „Белэнэрга“ за асьвятленьне вуліц. Пры гэтым і ліхтар, і АЭС належыць дзяржаве. Вось такую схему яны пабудавалі. Яны эканомяць не электрычнасьць, якую дзяваць няма куды, якой прорва. Яны хочуць, каб у іх сышліся справаздачы, а пакутуюць ад гэтага людзі», — гаворыць навукоўца.
Сяргей Бесараб зважае, што АЭС нельга «выкруціць на нуль» уначы, яна працуе 24 гадзіны.
«Яна працуе ўвесь час, няма сыстэмы, якая б яе балянсавала. Ноччу спажываньне падае: заводы стаяць, людзі сьпяць. Узьнікае начны правал энэргаспажываньня, энэргію няма куды дзяваць. У нармальнай краіне ўключалі б усё, што маглі, каб выраўняць графік нагрузкі і не гвалтаваць абсталяваньне станцыі. У Беларусі ж штучна паглыбляюць правал нагрузкі, ствараюць праблемы для энэргасыстэмы. Гэта як у аўтамабілі адначасова ціснуць і тормаз, і газ. Таму яны проста будуць скідваць пар у градзільнях. Энэргію, за якую людзі заплацілі, ужо паказальна зьнішчаюць. Гэта проста сюр нейкі», — даводзіць суразмоўца.
Кіраўнік праекту «Кошт ураду» Ўладзімер Кавалкін зьвяртае ўвагу на тое, што нават калі б у Беларусі не было АЭС, то лячыць траўматызм у людзей, якія перасоўваюцца ў цемры, усё адно даражэй, чым электрычнасьць. А з наяўнасьцю АЭС такія захады проста ня маюць сэнсу.
«Асьвятляць вуліцы таньней, чым лячыць людзей за кошт бюджэту, выплачваць лісты непрацаздольнасьці, нехта можа займець інваліднасьць і такога чалавека трэба будзе ўтрымліваць за кошт бюджэту. Калі падлічыць гэтыя выдаткі, то выйдзе нашмат таньней проста асьвятляць вуліцы. Гэта цалкам бздура Лукашэнкі. У Беларусі вырабляецца шмат энэргіі ад БелАЭС і вечарам, і асабліва ў начны час ёсьць лішняя энэргія, якую можна пусьціць на асьвятленьне. Калі паглядзець на краіны, якія маюць АЭС, яны добра асьветленыя ўначы. АЭС не магчыма моцна разагнаць, ці цалкам спыніць. Таму вырабленая ўначы энэргія якраз ідзе на асьвятленьне вуліц і гарадоў», — выказваецца суразмоўца.
«Займайцеся любоўю!»
Людзі сустрэлі такія абмежавальныя меры на асьвятленьне масавым абурэньнем у сацсетках. Самыя распаўсюджаныя аргумэнты: дзеці ідуць у школу, а людзі на працу, а 7:00, а гэта цёмныя дарогі, што небясьпечна як для кіроўцаў, так і для пешаходаў, да таго ж на вуліцы зіма і сьлізка. Таксама ў людзей узьнікла пытаньне, навошта ў Беларусі будавалі АЭС, калі цяпер трэба эканоміць на электрычнасьці. Многія пісалі, што дабіраліся да працы з уключанымі ліхтарыкамі на тэлефоне. Таксама беларусы дзяліліся ў сацсетках фотаздымкамі цёмных вуліц, судзячы па ім праблема з асьвятленьнем закранула не толькі Менскую вобласьць.
Прапагандысты і прадзяржаўныя журналісты па-свойму адрэагавалі на гэтыя праблемы. Напрыклад, вядоўца СТБ Рыгор Азаронак новаўводзіны ацаніў і прапанаваў людзям «увечары займацца любоўю», бо «стала больш душэўнасьці і праведнасьці».
Карэспандэнты раённага выданьня «Мінская праўда» праехаліся па гарадах вобласьці і прыйшлі да высновы, што «асьвятляць вуліцы дапамагае падаючы сьнег».
«Аднак у сьнегу, які падае, ёсьць цудоўная ўласьцівасьць — пасьля выключэньня вулічнага асьвятленьня менавіта ён робіць пешаходаў заўважнымі», — напісала выданьне.
Форум