Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менскім гарвыканкаме назвалі скарачэньне вулічнага асьвятленьня «разавай акцыяй»

У Менску да ўключэньня вулічнага асьвятленьня 4 лютага 2026 году
У Менску да ўключэньня вулічнага асьвятленьня 4 лютага 2026 году

У Менскім гарадзкім выканкаме назвалі «разавай акцыяй» скарачэньне пэрыяду вулічнага асьвятленьня 4 лютага ў адказ на крытыку Аляксандра Лукашэнкі і яго патрабаваньне перанесьці гадзіны ўключэньня сьвятла.

«Гэта было рашэньне кіраўніцтва. Сёньня так ня будзе, гэта была разавая акцыя. Сёньня а шостай гадзіне ўключаць асьвятленьне. Як звычайна, як да гэтага рабілася», — паведамілі выданьню «Люстэрка» у прымальнай старшыні Менгарвыканкаму Уладзіміра Кухарава.

Журналісту таксама паведамілі, што такіх тэлефанаваньняў было «вельмі шмат» і рашэньне ўжо нібыта скасавалі.

На прадпрыемстве «Менгарсьвятло» адказалі, што выконваюць рашэньні Менгарвыканкаму.

«Як там вырашаць, так і будзе», — працытавала «Люстэрка».

Увечары 4 лютага ў беларускім сэгмэнце сеціва зьявіліся сотні камэнтароў ад людзей, якія абураліся рэзкім зьніжэньнем узроўню асьвятленьня на вуліцах.

Перад гэтым Аляксандар Лукашэнка абурыўся тым, што дзяржава нібыта выдаткоўвае велізарныя грошы на вулічнае асьвятленьне. У прыватнасьці, ён запатрабаваў уключаць асьвятленьне толькі а 20-й гадзіне, а выключаць а 7-й раніцы.

Незадаволенасьць Лукашэнкі выклікала тое, што ў Менскай вобласьці «ўсё сьвеціцца», а вулічнае асьвятленьне падключаецца ўжо, а 18-й гадзіне. Чыноўнікі сказалі, што быццам некарэктна працуюць фотаэлемэнты, якія адказваюць за ўключэньне ліхтароў. Тады Лукашэнка запатрабаваў адрэгуляваць іх да такой ступені, каб асьвятленьне ўключалася не раней за 20-ю гадзіну.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG