«Мы маем усе козыры». Колькі яшчэ можа працягвацца вайна ў Іране? Галоўнае ў звароце Трампа

Дональд Трамп зьвяртаецца да амэрыканцаў, 1 красавіка 2026 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 1 красавіка заявіў, што Злучаныя Штаты блізкія да «завяршэньня справы» ў Іране. У той жа час амэрыканскі лідэр папярэдзіў, што сілы ЗША будуць надалей наносіць па гэтай краіне «надзвычай магутныя» ўдары яшчэ «два-тры тыдні».

Як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, у сваім першым пасьля пачатку канфлікту звароце да нацыі Трамп сказаў, што мэты ЗША «набліжаюцца да завяршэньня» пасьля тыдняў «хуткіх, рашучых, разбуральных перамог на полі бою — перамог, падобных на якія мала хто калі-небудзь бачыў раней».

«У гэты вечар прамінуў толькі адзін месяц ад дня, калі вайскоўцы Злучаных Штатаў пачалі апэрацыю „Эпічная лютасьць“», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

Дональд Трамп таксама згадаў значныя, на ягоную думку, дасягненьні на полі бою і сьцьвердзіў, што вайсковыя магчымасьці Ірану былі сур’ёзна паслабленыя.

Ён заявіў, што ракетныя і бесьпілётныя магчымасьці Ірану былі «істотна абмежаваныя», а інфраструктура ўзбраеньняў зьнішчаецца. «Ніколі ў гісторыі войнаў праціўнік не адчуваў такіх відавочных і разбуральных маштабных стратаў за лічаныя тыдні», — заявіў Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што сур’ёзна разглядае магчымасьць выхаду краіны з NATO

Пагроза

Паводле Трампа, вайна неабходная, каб ня даць Ірану магчымасьць атрымаць ядзерную зброю.

«Гэты забойчы рэжым таксама нядаўна забіў 45 тысяч сваіх людзей», — сказаў ён пра здушэньне пратэстаў унутры Ірану.

У Эўразьвязе называлі лічбу 17 тысяч.

«Калі б гэтыя тэрарысты мелі ядзерную зброю, гэта было б непрымальнай пагрозай», — дадаў прэзыдэнт ЗША.

Трамп паўтарыў сваю заяву аб тым, што Іран «проста на парозе» атрыманьня ядзернай зброі, і дадаў, што іранская ракетная праграма ўрэшце можа стварыць пагрозу для ЗША, Эўропы й іншых рэгіёнаў.

«Гэтая сытуацыя працягваецца ўжо 47 гадоў, яе трэба было ўрэгуляваць задоўга да таго, як я заняў пасаду», — сказаў амэрыканскі лідэр і зноў скрытыкаваў папярэднія адміністрацыі, у тым ліку за ядзерную дамову, падпісаную з Іранам у часы прэзыдэнта Барака Абамы.

Трамп таксама заявіў, што хоць яго «першай перавагай заўсёды быў шлях дыпляматыі», Іран адмовіўся ад спробаў дасягнуць дамоўленасьцяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пэзэшкіян заявіў, што ў Ірану ёсьць воля да міру, ён спадзяецца, што пагадненьне з ЗША і Ізраілем «набліжаецца»

«Мы маем усе козыры»

Трамп сказаў, што зьмена рэжыму «не была [...] мэтай» амэрыканскіх дзеяньняў, але мяркуе, што яна ўжо фактычна адбылася. «Іхныя лідэры... цяпер мёртвыя», — сказаў ён.

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што спадзяецца дасягнуць дамовы, але папярэдзіў пра далейшую эскаляцыю: «Калі дамовы ня будзе, мы вельмі магутна ўдарым па кожнай іхнай электрастанцыі».

«Мы маем усе козыры, — дадаў Трамп. — Яны ня маюць ніводнага».

Трамп прызнаў факт росту цэн на бэнзін, заявіў, што ён «цалкам вынікае» з іранскіх атак на камэрцыйнае вадаплаўства і на суседнія краіны, і ахарактарызаваў яго як часовы.

Паводле яго, Злучаныя Штаты «цалкам незалежныя ад Блізкага Ўсходу» ў энэргетычным пляне, але працягваюць удзельнічаць у падтрымцы саюзьнікаў.

У той жа час прэзыдэнт ЗША скрытыкаваў партнэраў за тое, што яны ня робяць большых унёскаў, і сказаў, што яны павінны ўзяць на сябе адказнасьць за адкрыцьцё Армускай пратокі.

Перад выступам Трампа кангрэсмэны-дэмакраты, у тым ліку Грэгары Мікс зь Нью-Ёрку, Адам Сьміт з Вашынгтону і Джым Гаймс з Канэктыкуту, абнародавалі заяву, у якой сьцьвярджалі, што Трамп «не наблізіўся да дасягненьня сваіх кепска вызначаных мэтаў».

Яны нагадалі пра гібель 13 амэрыканскіх вайскоўцаў, сотні параненых, а таксама пра шырэйшыя рэгіянальныя і эканамічныя наступствы. «Мы заклікаем прэзыдэнта тэрмінова пачаць перамовы аб спыненьні агню з Іранам, працаваць над пошукам дыпляматычнага рашэньня», — заявілі яны і папярэдзілі аб небясьпецы «катастрафічнай вайны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

МЗС Пакістану заявіў, што рыхтуецца правесьці мірныя перамовы ЗША і Ірану

Аналітыкі пра заявы Трампа

Экспэрты сказалі РСЭ/РС, што выступ быў накіраваны на фармаваньне грамадзкай думкі, але пакінуў няпэўнасьць што да наступных крокаў.

Джэйсан Бродзкі, палітычны дырэктар вашынгтонскай арганізацыі «Абяднаныя супраць ядзернай праграмы Ірану» (United Against Nuclear Iran), сказаў, што мэтай звароту было «згуртаваць грамадзкую падтрымку вакол апэрацыі „Эпічная лютасьць“».

«Гэта будзе пададзена не як пачатак яшчэ адной няскончанай вайны, якую пачалі ЗША, а як завяршэньне той, якую іранскі рэжым пачаў у 1979 годзе», — сказаў ён.

Экспэрт папярэдзіў, што нават калі ЗША абвесьцяць спыненьне агню праз «два-тры тыдні», «ёсьць рызыка, што іранцы працягнуць атакі, бо іхны імпэратыў — аднавіць стрымліваньне».

«Каб зьмяніць гэтыя разьлікі, ЗША, магчыма, давядзецца пайсьці на эскаляцыю», — дадаў ён.

Мэтю Бартлет, рэспубліканскі стратэг і колішні супрацоўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ў першай адміністрацыі Трампа, сказаў, што выступ быў адрасаваны некалькім аўдыторыям.

«Камунікацыя крытычна важная падчас вайны — як для аўдыторыі тут, на ўнутраным фронце, так і для рэжыму ў Іране, для вялікага народу Ірану і нашых хаўрусьнікаў у рэгіёне, у Эўропе і за яе межамі», — сказаў Бартлет РСЭ/РС.

Ён дадаў, што хоць зварот быў неабходны, «застаецца яшчэ шмат пытаньняў без адказаў наконт заўтрашняга дня, а таксама наступных дзён і месяцаў», і што «хоць сытуацыя можа пайсьці на спад, імавернасьць эскаляцыі застаецца».

Бартлет уважае, што Трамп, падобна, спрабуе акцэнтаваць вайсковыя дасягненьні і ў той жа час стварае ўмовы для патэнцыйнай дыпляматычнай фазы, уключна зь ліквідацыяй такіх эканамічных узрушэньняў, як, напрыклад, вынікі закрыцьця Армускай пратокі.

Старшы аналітык Eurasia Group Грэгары Бру сказаў РСЭ/РС перад выступам прэзыдэнта ЗША, што Трамп, імаверна, будзе настойваць як на посьпехах, так і на патрэбе працягваць апэрацыі.

Раней Трамп заявіў, што яго не хвалюе запас высокаўзбагачанага ўрану ў Іране, бо той знаходзіцца пад зямлёй і яго можна кантраляваць.

Аднак экспэрты адзначаюць, што калі Іран захоўвае кантроль над сваімі прыблізна 440 кіляграмамі высокаўзбагачанага ўрану, ён можа быць бліжэйшы да стварэньня ядзернай бомбы, чым у межах раней пагоджанага ўрэгуляваньня.

Трамп заявіў, што ЗША «вельмі блізкія» да завяршэньня канфлікту, паабяцаў «завяршыць справу — і... завяршыць яе вельмі хутка».

Наступныя тыдні будуць вызначальныя для таго, ці пойдзе канфлікт на спад, ці абвострыцца, бо дыпляматычныя намаганьні і вайсковыя дзеяньні надалей фармуюць будучыя дачыненьні ЗША і Ірану.