Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Пакістану заявіў, што рыхтуецца правесьці мірныя перамовы ЗША і Ірану

Прэм’ер-міністар Пакістану Шагбаз Шарыф
Прэм’ер-міністар Пакістану Шагбаз Шарыф

Міністар замежных спраў краіны Мухамад Ісхак Дар заявіў, што краіна рыхтуецца «неўзабаве» правесьці мірныя перамовы паміж ЗША і Іранам.

Міністра цытуе агенцтва Reuters. Пры гэтым пакуль незразумела, ці пагадзіліся ЗША і Іран узяць удзел у гэтых перамовах. Раней іранскі бок некалькі разоў зьняпраўджваў выказваньні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра «пасьпяховыя перамовы», адмаўляючы сам факт перамоваў.

Прэм’ер-міністар Пакістану Шагбаз Шарыф раней казаў, што раніцай 28 сакавіка ў рамках падрыхтоўкі да перамоваў у Ісламабадзе ў яго адбылася «падрабязная тэлефонная размова з братам, прэзыдэнтам Ірану Масудам Пэзэшкіянам, якая доўжылася больш за гадзіну».

Раней у Ісламабадзе прайшлі перамовы паміж дыпляматамі МЗС Саудаўскай Арабіі, Турэччыны і Эгіпту. Яны абмяркоўвалі плян мірнага ўрэгуляваньня канфлікту на Блізкім Усходзе.

Міністар замежных справаў Нямеччыны Ёган Вадэфуль сказаў 27 сакавіка, што чакае беспасярэдняй сустрэчы ЗША і Ірану ў Пакістане «вельмі хутка», не раскрываючы пры гэтым сваёй крыніцы.

Трамп 29 сакавіка заявіў, што Тэгеран нібыта пагадзіўся з большасьцю з 15 пунктаў ЗША ў мірным урэгуляваньні.

Раней Washington Post з спасылкай на ананімных высокапастаўленых чыноўнікаў паведамляў, што ЗША, імаверна, рыхтуюць наземную апэрацыю. У гэтым жа ЗША абвінавачваў і старшыня іранскага парлямэнту Мухамэд Бакер Калібаф, нягледзячы на публічны прапанаваны варыянт мірнага пагадненьня.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG