Зьмешваньне пагроз і магчымасьці мірнага пагадненьня з Тэгеранам прагучала ў інтэрвію, апублікаваным позна ўвечары 29 сакавіка ў Financial Times, і ў заўвагах журналістам на борце Air Force One, адзначае цэнтральная служба Радыё Свабода.
Дональд Трамп вітаў поступ у перамовах з Іранам, кажучы, што яны вядуцца проста і ўскосна з «разумнымі» лідэрамі, і сьцьвярджаў, што Тэгеран часткова адкрывае Армускую пратоку — водны шлях, празь які праходзіць каля 20% усясьветных паставак нафты і прыроднага газу. Ён пры гэтым не ўдакладніў, што назваў «простымі перамовамі з Іранам». Іранскія палітыкі адмаўляюць нават факт перамоваў. Тэгеран заявіў толькі тое, што атрымаў, разгледзеў і адхіліў 15-пунктны мірны плян ЗША, прадстаўлены праз пакістанскіх эмісараў.
Трамп сказаў: «У нас вельмі добра атрымліваецца ў гэтых перамовах. Але з Іранам ніколі ня ведаеш, што будзе, бо мы вядзем зь імі перамовы, а потым заўсёды павінны іх падрываць… няхай гэта будзе з дапамогай бамбавікоў B52». Таксама амэрыканскі кіраўнік сказаў, што «іранскі рэжым ужо зьнішчаны».
«Перавага» — забраць іранскую нафту
У інтэрвію FT Трамп сказаў, што «я б аддаў перавагу забраць нафту», параўнаўшы сытуацыю з Вэнэсуэлай, дзе, паводле яго слоў, ён мае намер узяць пад кантроль нафтавую прамысловасьць краіны «на нявызначаны тэрмін» пасьля таго, як амэрыканскія войскі захапілі кіраўніка краіны Нікаляса Мадура ў студзені. Сваіх крытыкаў ён назваў «дурнымі людзьмі».
«Можа, мы возьмем востраў Харг, можа, і не. У нас ёсьць шмат варыянтаў», — сказаў Трамп, маючы на ўвазе цэнтар, куды экспартуецца большая частка іранскай нафты.
Трамп паставіў Ірану «крайні тэрмін» да 6 красавіка, каб адкрыць Армускую пратоку і прыняць пагадненьне аб спыненьні вайны, інакш ЗША могуць нанесьці ўдары па электрастанцыях.
Пакістан ужо прапанаваў бакам перамовы на сваёй тэрыторыі, але рэакцыя Вашынгтону і Тэгерану на гэта невядомая. Тым часам прадстаўнік іранскага парлямэнту Махамэд Бакер Калібаф адзначыў, што, паводле інфармацыі іранцаў, амэрыканцы рыхтуюць наземную апэрацыю, хоць публічна гавораць пра жаданьне перамоваў. Ён засьцярог ЗША ад такога кроку і папярэдзіў, што Іран можа пакараць за такую атаку на краіну.
Абстрэлы паміж Іранам і Ізраілем
Іран позна ўвечары 29 сакавіка нанёс ракетны ўдар па пустынным горадзе Бэершэба, у выніку якога пацярпелі як мінімум 11 чалавек, паведамілі ізраільскія ўлады. У выніку аднаго з удараў на хімічным заводзе на ўскраіне гораду пачаўся вялікі пажар.
Ізраільскія вайскоўцы паведамілі, што за 24 гадзіны да вечара 29 сакавіка яны нанесьлі больш за 140 авіяўдараў па цэнтральнай і заходняй частцы Ірану, у тым ліку па Тэгеране. Сярод іншых цэляў былі пашкоджаныя пускавыя пляцоўкі балістычных ракет і сховішчы.
Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) 29 сакавіка паведаміла, што іранскі цяжкаводны рэактар у Хандабе, недалёка ад гораду Арак, які, паводле уладаў краіны, быў атакаваны 27 сакавіка, атрымаў сур’ёзныя пашкоджаньні і больш не працуе. Ізраільскія вайскоўцы таксама заявілі, што нанеслі новыя ўдары па аб’ектах, зьвязаных з дзеячамі рэжыму аятолаў, але не ўдакладнілі падрабязнасьцяў.
Міністэрства энэргетыкі Ірану паведаміла, што ўдары ЗША і Ізраілю позна ўвечары 29 сакавіка былі накіраваныя на энэргетычныя аб’екты ў сталіцы Тэгеране, што прывяло да адключэньняў электраэнэргіі ў некалькіх раёнах.
Тым часам прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу заявіў, што даручыў войску прасунуцца далей у паўднёвы Лібан, каб пашырыць «існую паласу бясьпекі». Палітык дадаў, што мэтай было прадухіліць пагрозу, якую нясе падтрымоўваная Іранам «Хэзбала». Ізраіль і ЗША лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.
Форум