Іран пачаў атакі на Ізраіль і Кувэйт менш чым празь дзень пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў пра «вельмі добрыя і прадуктыўныя» перамовы наконт дасягненьня пагадненьня аб спыненьні вайны з Тэгеранам, якая ідзе ўжо амаль месяц. Нядаўна Трамп заяўляў пра перамогу ЗША над Іранам і найвялікшую магутнасьць амэрыканскіх войскаў, аднак новыя падзеі паказваюць, што Іран ня толькі ня скораны, але й плянуе атакі, ды пасьпяхова праводзіць іх.
24 сакавіка прынамсі шэсьць чалавек атрымалі раненьні ў выніку ўдараў па чатырох аб’ектах у Тэль-Авіве. Мясцовыя чыноўнікі заявілі, што шкода была нанесеная абломкамі, якія ўпалі пасьля таго, як былі зьбітыя іранскія ракеты і бесьпілётнікі, паведамляе «Радыё Фарда».
Тым часам Кувэйт заявіў, што ягоныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны адрэагавалі на «ракетныя атакі і напад бесьпілётнікаў», і што паведамленьні аб выбухах былі выкліканыя перахопам гэтых пагрозаў.
Тэгеран запусьціў ракеты і бесьпілётнікі па цэлях на Блізкім Усходзе на фоне супярэчлівых паведамленьняў пра тое, што праводзяцца перамовы аб спыненьні агню ў баявых дзеяньнях, якія пачаліся з удараў ЗША і Ізраілю па Іране 28 лютага.
23 сакавіка Трамп заявіў, што перамовы ў выходныя з «высокапастаўленым» іранскім чыноўнікам былі дастаткова плённымі, каб ён адклаў на пяць дзён магчымыя напады на іранскія электрастанцыі, калі толькі Іран не адкрые Армускай пратокі.
Іран рашуча адмаўляе, што якія-небудзь простыя перамовы ўвогуле адбываліся, хоць некалькі СМІ цытавалі неназваныя крыніцы і паведамлялі, што пасярэднікі ўдзельнічалі ў перадачы паведамленьняў паміж двума бакамі.
Кенэт Полак, былы аналітык Белага дому і ЦРУ, які цяпер працуе ў Інстытуце Блізкага Ўсходу (MEI), сказаў, што ёсьць мала доказаў, якія пацьвярджаюць сьцьвярджэньні пра хуткі дыпляматычны прагрэс. І гэта нягледзячы на намаганьні некалькіх краінаў у пасярэдніцтве ў перамовах.
«Наколькі я разумею, іранцы адказалі велізарнымі папярэднімі ўмовамі — выплатай з боку ЗША рэпарацый, вывадам усіх сілаў з рэгіёну — што для Трампа непрымальна», — сказаў Полак у Вашынгтоне.
Таксама аналітык вылучыў гіпотэзу, чым магла тады быць выкліканая заява Трампа.
«Здаецца, словы Трампа ў асноўным накіраваныя на супакойваньне рынкаў, а не на адлюстраваньне сапраўднага, непазьбежнага прарыву», — падкрэсьліў ён.
А рынкі — пытаньне актуальнае і вострае. Пачатак канфлікту прывёў да рэзкага росту цэнаў на нафту, асабліва з прычыны амаль поўнага спыненьня суднаходзтва ў Армускай пратоцы, ключавым пункце суднаходзтва, празь які праходзіць каля адной пятай часткі ўсясьветнага транзыту нафты і газу.
Канфлікт перакуліў энэргетычныя і фондавыя рынкі, павысіў кошт паліва, падсілкаваў страхі перад глябальнай інфляцыяй і ўзрушыў Блізкі Ўсход, а таксама краіны Захаду, выклікаючы асьцярогі, што баявыя дзеяньні перакінуцца на іншыя краіны і ахопяць увесь рэгіён.
Пагроза ўдараў па электрасетках Пэрсыдзкай затокі выклікала асьцярогі масавых парушэньняў апрасьненьня вады для піцьця і яшчэ больш пахіснула рынкі нафты.
Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.
Форум