Улады Ленінградзкай вобласьці заявілі, што за апошнія содні над рэгіёнам зьбілі 36 дронаў.
Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, удар ужо трэці раз быў накіраваны на нафтаналіўныя парты ў Прыморску і Усьць-Лузе.
На спадарожнікавых фота можна пабачыць, што пажар у Усьць-Лузе разгарэўся з новай сілай.
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што за апошнія сем дзён у адказ на ўкраінскія атакі расейскай тэрыторыі нанесьлі адзін інтэнсіўны і пяць групавых удараў.
У ведамстве сьцьвярджаюць, што ва Ўкраіне пацэлілі па прадпрыемствах ВПК, аб’ектах паліўна-энэргетычнай, транспартнай і аэрадромнай інфраструктуры, па вытворчасьці безэкіпажных морскіх дронаў і па пунктах дысьлякацыі ўкраінскай арміі.
Ва Ўкраіне заявілі аб атаках Расеі на цывільную інфраструктуру
У Палтаўскай вобласьці пасьля расейскага абстрэлу спынілі здабычу газу на адным з аб’ектаў кампаніі «Нафтагаз». У выніку пажару, як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, істотна пашкоджана абсталяваньне. З пачатку гэтага году расейскія войскі 40 разоў атакавалі інфраструктуру кампаніі.
Апроч таго, расейцы пацэлілі ў адно зь мясцовых прамысловых прадпрыемстваў, у выніку чаго больш за 5 тысяч спажыўцоў засталіся бяз газу.
Без электраэнэргіі засталіся і жыхары Херсонскай і Харкаўскай вобласьцяў. Энэргетыкі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, каб найхутчэй аднавіць энэргазабесьпячэньне.
Праз расейскія абстрэлы поўдня Ўкраіны Малдова мае праблемы з электраэнэргіяй
Улады Малдовы заклікалі сваіх грамадзян абмежаваць выкарыстаньне электраэнэргіі ў пікавыя гадзіны з прычыны яе значнага дэфіцыту пасьля лучаньня расейскіх войскаў па лініі электраперадач.
«Існуе рэальная рызыка часовых адключэньняў для падтрыманьня балянсу электрасыстэмы», — адзначаецца ў паведамленьні ўраду.
Улады паведамілі, што прыярытэтным застаецца энэргазабесьпячэньне крытычна важнай інфраструктуры для функцыянаваньня дзяржавы і абароны грамадзян.
Энэргаёмістым прадпрыемствам прапанавалі перанесьці вытворчыя працэсы на няпікавыя пэрыяды спажываньня энэргіі, а грамадзянам парупіцца аб зарадцы сваіх мабільных прыладаў і ўнікаць ліфтаў.
Праблемы з энэргазабесьпячэньнем у Малдове пачаліся пасьля расейскага абстрэлу Ўкраіны 24 сакавіка. Тады на поўдні выйшла з ладу высакавольтная лінія электраперадач, і, каб падтрымліваць энэргазабесьпячэньне, апэратар энэргетычнага рынку краіны Moldelectrica ў каардынацыі з калегамі з Румыніі і Ўкраіны падключылі альтэрнатыўныя маршруты паставак, у тым ліку 4 міжсеткавыя лініі 110 кВ паміж Румыніяй і Малдовай.