У сацыяльных сетках актыўна абмяркоўваюць магчымы масавы пераезд расейцаў у Беларусь, асабліва пасьля блякаваньня там Telegram і абмежаваньняў інтэрнэту. Беларусы абураюцца, што ўсходнія суседзі няправільна называюць краіну — «Белоруссией», што хочуць разьлічвацца расейскімі рублямі, карыстацца sim-картамі расейскіх мабільных апэратараў бяз роўмінгу, «размаўляюць на 25% гучней» і агулам паводзяць сябе як гаспадары, а не як госьці.
Жыхары Беларусі дзеляцца назіраньнямі, што краіна яшчэ больш русыфікуецца, і асьцерагаюцца ў выніку поўнай страты незалежнасьці сваёй краіны. Некаторыя беларусы выступаюць у вобразе расейцаў, што пераехалі ў Беларусь, і апісваюць, як нібыта кепска ў ёй жыць: «прымушаюць вывучыць беларускую мову і выконваць правілы дарожнага руху». А многія расейцы не разумеюць, чаму беларусы ня хочуць іх у сябе бачыць і так нэгатыўна выказваюцца.
«Яны паводзяць сябе як гаспадары-самадуры»
Беларуска Тацяна (не называем прозьвішча суразмоўцы дзеля бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, што яна б не хацела, каб у Беларусь ехалі расейцы. Яна сама ў дзяцінстве жыла ў Расеі й мае расейскае грамадзянства, цяпер жыве ў іншай краіне. Але сьвядомую частку жыцьця пражыла ў Беларусі і лічыць сябе беларускай. Мы размаўляем зь ёю па-беларуску.
«Я не хачу бачыць у Беларусі людзей, якія прыходзяць падаўжаць расейскі пашпарт і кажуць, што яны нібыта ў сваёй краіне, якая павінна быць часткаю Расеі, вымушаныя працягваць іншаземны пашпарт, потым рэгістравацца, і што столькі грошай трэба за гэта плаціць», — тлумачыць Тацяна.
Яна перажывае, што ў Беларусі будзе як у краінах Балтыі, куды раней пераехала шмат расейцаў, якія потым абураліся, што трэба вучыць нацыянальныя мовы гэтых краін дзеля атрыманьня грамадзянства.
«Яны паводзяць сябе як гаспадары-самадуры. Я, калі яшчэ была ў Беларусі, некалькі разоў паказвала расейцам дарогу, а потым ён мне кажа: „Пайшлі да мяне ў гатэль“. Такое было некалькі разоў. Гэта пра тое, што „я прыехаў з Расеі, такі пан, як гэта ты са мной ня будзеш?“ Брыдка проста», — камэнтуе Тацяна.
Ілюстрацыйнае фота
Яна кажа, што заўсёды адмоўна ставілася да расейцаў, бо ў дзяцінстве жыла ў прамысловым горадзе Расеі, дзе былі вялікія турэмныя зоны.
«Я ведаю, што такое расейцы, з самых нізоў. Горад на сто тысяч насельніцтва, а зоны на 50 тысяч. Зараз там ёсьць палітычныя вязьні, але ў тыя часы гэта былі амаль цалкам крымінальнікі. Гэтыя людзі выходзілі, заставаліся, і тое расейскае дно заўсёды сядзіць у галаве. Буча для мяне не была чымсьці дзіўным пасьля таго, што я бачыла ў дзяцінстве», — кажа суразмоўца.
Тацяна дадае, што яна ня супраць, калі ў Беларусь прыедуць адукаваныя расейцы, якія будуць рабіць нешта карыснае, «як Мулявін, які сьпяваў па-беларуску». Пры гэтым яна адзначае, што ў яе ў Беларусі былі знаёмыя з Расеі, да якіх яна ставілася добра.
«Амаль ува ўсіх ёсьць такое, што трэба падпарадкоўвацца таму, хто стаіць вышэй, і можна рабіць што заўгодна з тым, хто стаіць ніжэй і ня можа абараніцца. Гэта разьядноўвае так страшна! Кожны загрызе ўсіх, калі хтосьці яму на нагу наступіць. Агульны ўзровень адукацыі ніжэйшы, чым у Беларусі. Там няма такой памяці, калі ты ведаеш сваіх продкаў да пятага-шостага калена. Усе адарваныя ад усіх. Магчыма, гэта праз імпэрскую палітыку», — так бачыць Тацяна адрозьненьні расейцаў ад беларусаў.
На думку Тацяны, дзьве хвалі міграцыі — расейцаў у Беларусь і беларусаў у краіны Эўразьвязу і сьвету — адрозьніваюцца. Яна кажа, што калі беларусы ня радыя перасяленьню суседзяў да іх, то, прыкладам, палякі збольшага добра ставяцца да беларусаў, ахвотна бяруць іх на працу, бо тыя добра працуюць.
«Яны спрабуюць разьлічвацца расейскімі рублямі»
Беларуска Настасься (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказала Свабодзе, што яна адмоўна ставіцца да магчымага пераезду расейцаў у Беларусь. Яна сама ў дзяцінстве жыла ў Расеі, цяпер там жывуць ейныя родныя. Сама Настасься пасьля 2020 году зьехала за мяжу.
«Мая мама, калі прыяжджала з Расеі ў Беларусь, казала, што ў яе вушы ў Беларусі адпачываюць ад лаянкі. І прадукты ў Беларусі іншыя, і людзі іншыя. У Расеі людзі злыя, агрэсіўныя, абыякавыя, я сама гэта памятаю зь дзяцінства. Я баюся, што іхны пераезд будзе для Беларусі вельмі кепскім варыянтам», — кажа яна.
Ілюстрацыйнае фота
Суразмоўца хвалюецца, што расейцы прывязуць сваю культуру ў Беларусь.
«Яны прывязуць свае хамскія звычкі. Яны сьмяюцца зь беларускай мовы, зь беларускіх назваў станцый (мэтро). Яны лічаць Беларусь траха не прыдаткам Расеі, маўляў, яны такія гаспадары прыехалі, а ўсе іншыя ці не халопы», — кажа суразмоўца.
Яна падзялілася тым, што ёй расказваюць пра прыежджых расейцаў яе блізкія, якія жывуць у Беларусі. На думку Настасьсі, адукаваных і выхаваных расейцаў у Беларусь трапляе меншасьць.
«Яны спрабуюць разьлічвацца расейскімі рублямі. Аказваецца, мае родныя таксама бачылі гэта на свае вочы, гэта ня фэйк. І яны шчыра зьдзіўляюцца, чаму нельга. То бок яны лічаць Беларусь губэрняй Расеі», — расказвае беларуска.
Яна мяркуе, што Беларусь ужо цяпер моцна русыфікаваная і акупаваная, а масавы пераезд расейцаў туды можа прывесьці да поўнай уніфікацыі і пазбаўленьня Беларусі незалежнасьці.
На думку Настасьсі, якая жыве ў Польшчы, эўрапейцы лепш ставяцца да прыежджых беларусаў, чым беларусы на радзіме да пераезду расейцаў.
«Я паводжу сябе тут як госьць, бо разумею, што яны стаміліся ад прыежджых, а расейцы паводзяць сябе як гаспадары, таму іх ня любяць», — кажа Настасься.
Настроі ў сетках і сацыялягічныя дасьледаваньні
Доктарка паліталёгіі, дасьледніца швэдзкага ўнівэрсытэту Södertörn Леся Руднік сказала Свабодзе, што пакуль няма дасьледаваньняў пра стаўленьне беларусаў да магчымага масавага прыезду расейцаў.
Леся Руднік
Паводле ейнай гіпотэзы, многія расейцы сапраўды плянуюць пераяжджаць, у тым ліку праз абмежаваньні інтэрнэту на радзіме, але ня толькі з гэтай прычыны.
«У расейскім сэгмэнце інтэрнэту ёсьць адмысловыя форумы на Reddit, на Threads, на „Яндекс“, ёсьць форумы, у якіх толькі IT. Ёсьць турфірмы, якія кансультуюць, дапамагаюць з дазволам на жыхарства, агенцтвы нерухомасьці. Ня маю лічбаў, але разумею, што нейкія працэсы адбываюцца. Бізнэс звычайна рэагуе на трэнды. Відавочна, што іх становіцца больш, магчыма, будзе яшчэ больш, бо зьяўляецца больш прапановаў», — разважае Леся Руднік.
Былая дырэктарка і дзейная сябра рады Цэнтру новых ідэяў мяркуе, што блякаваньне Telegram у Расеі можа стаць для рашэньня расейцаў перасяляцца апошняй кропляй, але не адзінай.
«Думаю, гэта зьвязана з банкаўскімі сыстэмамі, з агульнай дасяжнасьцю інтэрнэту, зь ніжэйшымі падаткамі, з блізкасьцю да Эўропы», — мяркуе яна.
Паводле Лесі Руднік, беларусам з-за мяжы без дасьледаваньняў складана ацаніць, чым задаволеныя або незадаволеныя беларусы ўнутры краіны праз пераезд расейцаў. Але, паводле яе назіраньняў, беларусы трывожаццца, што расейцы прывязуць з сабой свае культурныя асаблівасьці, у тым ліку культуру камунікацыі, а таксама перажываюць наконт эканамічнай канкурэнцыі.
Адна з асноўных каштоўнасьцяў беларусаў — і праўладных, і дэмакратычна настроеных, і нэўтральных, — жаданьне жыць у незалежнай краіне. Гэтая каштоўнасьць застаецца нязьменнай, тлумачыць суразмоўца. Яшчэ адно асноўнае пажаданьне беларусаў — каб не было вайны.
Адно з апошніх дасьледаваньняў стаўленьня беларусаў да расейцаў праводзілі сацыёлягі Філіп Біканаў і Канстанцін Несьцяровіч у 2023 годзе. Паводле яго, 81% беларусаў ставяцца пазытыўна да расейцаў як людзей. Гэта найвышэйшы паказьнік сярод усіх краін, названых у апытаньні. Пры гэтым 51% беларусаў тады станоўча ставіліся і да расейскіх уладаў.
«Гэта паказвае, што, з аднаго боку, беларусы сапраўды ставяцца пазытыўна да расейцаў, зь іншага боку, гэта сьведчыць, што беларусы мірныя і пазытыўныя людзі, якія і да іншых краін добра ставяцца, проста да расейцаў — пад уплывам натуральных чыньнікаў: наколькі шмат сваякоў там ёсьць, наколькі шмат людзей езьдзіць туды падпрацоўваць», — тлумачыць доктарка паліталёгіі.
Паводле дасьледаваньня арганізацыі Chatham House 2022 году, каля 20% беларусаў выказвалі пазытыўныя думкі наконт Расеі. Тады ж 33% беларусаў хутчэй хацелі б жыць у Расеі, чым на Захадзе, а 38% беларусаў аддавалі перавагу Захаду. Каля 60% беларусаў у 2023 годзе ўважалі, што расейцы павінны інтэгравацца ў беларускую культуру, як і ўкраінцы, і ўзбэкі.
На думку дасьледніцы Лесі Руднік, ацэньваць настроі беларусаў толькі праз сацыяльныя сеткі недастаткова. Камэнтары ў сетках могуць толькі даваць падставу для гіпотэзаў.
«Ёсьць рэчы, якія немагчыма дасьледаваць, асабліва ў аўтарытарных рэжымах. Думаю, гэта (стаўленьне да пераезду расейцаў у Беларусь. — РС) — адна зь іх. Мы цяпер можам пакуль толькі асэнсоўваць і спрабаваць тлумачыць гэтую сытуацыю», — кажа экспэртка.