Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зыгар: Расейцы навучацца паважаць Беларусь, яе незалежнасьць і мову праз 100 гадоў

Міхаіл Зыгар
Міхаіл Зыгар

Расейскі гісторык і пісьменьнік Міхаіл Зыгар перакананы, што для таго, каб у Расеі зьявілася эліта, здольная паважаць сувэрэнітэт Беларусі, яе мову і гісторыю, можа спатрэбіцца сто гадоў.

Пра гэта ён сказаў у інтэрвію Свабодзе, адказваючы на пытаньне, ці могуць калісьці ў Расеі абраць лідэра, які прызнае, што Масква больш не павінна трымаць пры сабе Беларусь.

Зыгар: Я перакананы, што так будзе. Я б мог вам прапанаваць нават паспрачацца, але да моманту, калі гэта здарыцца, хутчэй за ўсё, нас з вамі ўжо ня будзе ў жывых. Я бы даў ім, напрыклад, 100 гадоў. Важна, каб вырасла пасьляваеннае пакаленьне, людзі, якія народзяцца пасьля заканчэньня цяперашняй вайны паміж Расеяй і Украінай. І яно, я спадзяюся, будзе больш разумным і здаровым.

Прычыну імпэрскіх поглядаў расейцаў гісторык бачыць у стагодзьдзях вывучэньня прапагандысцкай вэрсіі гісторыі, у якой Расея з пагардай ставіцца да заваяваных народаў.

Зыгар: Гэты традыцыйны імпэрскі гістарычны наратыў заўсёды быў такі. І, на жаль, людзям проста не прыходзіць у галаву, што гэта няправільна, што ўсё, чаму іх вучылі ў школе, — гістарычная прапаганда. Я спадзяюся, што гэта не назаўсёды, мы з вамі бачым, што так бывае з усімі імпэрыямі. І ўсякая імпэрская ці постымпэрская нацыя цяжка пераасэнсоўвае сябе ў гісторыі. Расставацца з гэтымі ілюзіямі і з гэтай «вялікай» гісторыяй, вялікай у двукосьсі, вельмі цяжка. Мы бачым шмат розных прыкладаў, як самыя розныя краіны цяжка расстаюцца з вось гэтым мітам аб уласнай велічы.

Паводле гісторыка, справу ўскладняе яшчэ і тое, што расейцы амаль нічога ня ведаюць пра Беларусь як асобную краіну. Ён адзначае, што ў сьвядомасьці большасьці расейцаў Беларусь асацыюецца галоўным чынам з Лукашэнкам, а ведаў пра беларускую мову і культуру амаль няма.

Зыгар: Ёсьць нейкія веды пра ўкраінскую культуру. Пра Тараса Шаўчэнку чулі, Верку Сярдзючку. Я баюся, што ведаў пра Беларусь значна менш. Пра Францішка Скарыну мала хто чуў і пра беларускую культуру мала хто чуў. Нават ня кожны скажа, што «Ляпіс Трубяцкі» — беларускі гурт. Большасьць людзей у Расеі лічаць, што Беларусь на сто адсоткаў расейскамоўная і беларуская мова, калі яна і была, то ўжо выйшла з ужытку.

Цалкам інтэрвію зь Міхаілам Зыгарам у тэкставым фармаце чытайце ў другой палове дня на сайце Свабоды.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG