Фонд плянуе выплаціць мінімум па €1000 кожнаму. Гэтыя грошы дапамогуць перажыць першыя тыдні пасьля вызваленьня: знайсьці пры патрэбе часовае жыльлё, набыць адзеньне і лекі, аднавіць дакумэнты.
Выплаты пачнуцца пасьля завяршэньня збору 31 сакавіка 2026 году.
«Наша мэта — каб кожны чалавек, выходзячы на свабоду, адчуваў, што пра яго не забыліся, яго чакалі. І ў яго ёсьць людзі, гатовыя дапамагчы: мы з вамі», — гаворыцца ў паведамленьні фонду.
Празь некалькі хвілін пасьля абвяшчэньня збору мэту павялічылі з 100 да 250 тысяч эўра. Гэта зьвязана з тым, што стала вядомая колькасьць вызваленых — 250 асобаў.
«Значная частка зь іх застаецца пасьля вызваленьня ў Беларусі, аднак наш досьвед працы з вызваленымі паказвае, што пасьля выхаду на волю сілавікі і ўлады ствараюць невыносныя ўмовы для жыцьця: пагрозы, вобшукі, немагчымасьць знайсьці працу. Часта людзі вымушаныя пакінуць краіну», — адзначае фонд на сваёй старонцы.
Вызваленыя, што застануцца ў Беларусі, маюць права атрымаць дапамогу з тэрміновага збору згодна з правіламі.
Як будзе працаваць збор і выплачвацца дапамога, можна пачытаць тут.
19 сакавіка пасьля чарговай сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі яшчэ 250 палітычных зьняволеных. Вядома, што 15 зь іх вывезеныя з краіны, 235 застануцца ў Беларусі. У адказ ЗША зьнялі санкцыі зь «Белінвэстбанку», «Банку разьвіцьця Рэспублікі Беларусь» і Міністэрства фінансаў. Акрамя гэтага, з усіх санкцыйных сьпісаў выключаныя Беларуская калійная кампанія і «Беларуськалій».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму збор Севярынца стаў хітом, а Ціханоўскі не сабраў на зьмену рэжыму, і на што беларусы гатовыя даваць грошы