Міністар унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў анансаваў сэрыял пра міліцыю «Слова афіцэра». Ён плянуецца на 3 сэзоны, агулам зьбіраюцца зьняць 24 эпізоды. З словаў Кубракова, сэрыял мусіць расказаць пра дынастыі беларускіх міліцыянтаў ад 1941-га да 2020 году. Адлюструюць, сярод іншага, «тыя пытаньні, якія ўзьнікалі ў сем’ях праваахоўнікаў на фоне выкананьня імі свайго службовага абавязку» падчас пратэстаў 2020 году. Сюжэт сэрыялу «прабівае на сьлязу», запэўнівае міністар. Ні бюджэт стужкі, ні акторы пакуль не вядомыя.
Апошнім часам гэта далёка ня першы прадукт «Беларусьфільму», які так ці інакш закранае дзяржаўнае ўладкаваньне Беларусі і расказвае пра сацыяльныя праблемы грамадзтва. Прыгадаем, што зьняў «Беларусьфільм» і што зьбіраецца здымаць у бліжэйшы час.
Што зьнята
Пастка «экстрэмісцкіх сілаў»
«Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь» — фільм пад такой назвай упершыню паказалі ў Беларусі ў кінатэатры «Піянэр» 5 сакавіка. Гэта зьмешаная мастацка-дакумэнтальная стужка на 26 хвілінаў. Сюжэт — малады чалавек Макс, які любіць кампутарныя гульні і амаль увесь вольны час бавіць у інтэрнэце, знаёміцца з электроннай памочніцай Алінай, якая абяцае зрабіць яго багатым і знакамітым.
Паверыўшы ёй, маладзён пачынае рабіць «супрацьпраўныя ўчынкі», ад якіх яго спрабуе ўтрымаць Правабот — электронны ахоўнік Канстытуцыі. Такое апісаньне прапануюць аўтары стужкі, паглядзець яе ў вольным доступе пакуль немагчыма.
Цяпер гэты фільм паказваюць у кінатэатрах «Ракета» і «Піянэр», адначасова яго запусьцілі ў тур па прадпрыемствах і навучальных установам усёй краіны. Бюджэт стужкі невядомы, няма фільму і на сэрвісах ацэнкі кшталту «Кинопоиска».
Зьняў стужку рэжысэр Яўген Шлемянкоў, які раней ужо выпусьціў кінадылёгію «Нашы сымбалі» пра афіцыйныя сьцяг і герб. 43-гадовы Шлемянкоў не заўсёды рабіў толькі афіцыёзныя фільмы ў духу дзяржаўнай ідэалёгіі. У 2019 годзе разам зь сябрамі ён зьняў кіно «Тэлефон даверу», дзе сам быў акторам. Гэта кароткамэтражная мастацкая стужка пра псыхалягічныя праблемы, брак самарэалізацыі і адзіноту.
Спартовая драма пра веславаньне
Летась у лістападзе ў Беларусі выйшла спартовая драма «Пераломны момант» ад рэжысэра Дзьмітрыя Сарокі. Гэта таксама праект «Беларусьфільму», які пасьля дэманстравалі ў кінатэатрах усёй Беларусі. Фільм расказвае пра 14-гадовага падлетка Арцёма Савічава, капітана каманды ў акадэмічным веславаньні, які на спаборніцтвах выпадкова ламае човен і цярпіць няўдачу. Каб давесьці новаму кіраўніцтву школы, сваёй маці і сабе самому, што ён нечага варты, хлопец зьбірае сваю каманду падлеткаў-аўтсайдэраў пад кіраўніцтвам новага трэнэра.
Скрыншот з трэйлера фільма "Пераломны момант". "Беларусьфільм"
Фільму няма на сэрвісах ацэнкі кшталту «Кинопоиск», ягоны бюджэт таксама традыцыйна не агучваўся. Дзьмітры Сарока вядомы тым, што зьняў дакумэнтальны фільм «Прэзыдэнцкі аркестар» у 2022 годзе.
Рамантыка працы ў беларускай глыбінцы
Летась у верасьні «Беларусьфільм» прэзэнтаваў яшчэ адно нацыянальнае кіно «Класная». Гэта гісторыя пра настаўніцу Тацьцяну, вымушаную паехаць па разьмеркаваньні на працу ў далёкі аграгарадок. Спачатку ёй не падабаецца, як складваецца жыцьцё, але пасьля Тацьцяна знаходзіць падыход да вучняў і сустракае сваё каханьне ў гэтай самай глыбінцы.
У стужцы неймаверная колькасьць дзяржаўных сымбаляў, сьцягоў, вучні стаяць пад гімн і сьпяваюць яго. Аўтары ўклалі ў стужку столькі дзяржаўнай ідэалёгіі, колькі маглі.
Скрыншот з трэйлера фільма "Класны кіраўнік".
«Эўрарадыё» падлічыла бюджэт гэтага фільму згодна з сайтамі дзяржаўных закупак. Выйшла мінімум 784 953 рублёў, ці 245 000 даляраў паводле тагачаснага курсу.
Фільм здымаў малады рэжысэр Кірыл Халецкі, вядомы ідэалягічнай дакумэнтальна-мастацкай стужкай «Культурны код», якая расказвае пра дзяржаўныя сымбалі.
Ацэнка стужкі «Класная» на «Кинопоиске» — 6 з 10, рэйтынг IMDb 4,4 — з 10 магчымых.
Што здымаюць цяпер
Бацька Мінай ад расейскага рэжысэра і актораў
Прэм’еру стужкі «Бацька Мінай. Партызанская легенда» абяцаюць 3 ліпеня 2026 году. Гэта сумесны праект «Беларусьфільму» і расейскай студыі «Военфильм».
Здымае карціну, якая расказвае пра аднаго з арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі падчас Другой усясьветнай вайны, расейскі рэжысэр Ігар Угольнікаў. Апошнія гады ён займаўся ваеннымі драмамі ў Расеі: «На заклік сэрца», «Пазыўны „Жураўлі“», «Ёсьць толькі МіГ». Усе гэтыя стужкі маюць на IMDb ацэнкі, ня большыя за 6,5 балаў з 10 магчымых.
Скрыншот з трэйлера фільма "Класны кіраўнік".
Склад галоўных актораў таксама з Расеі. Бацьку Міная грае расейскі актор Аляксей Краўчанка.
Яшчэ адзін пэрсанаж фільму, камісар партызанскага атраду і правая рука Бацькі Міная — расейскі актор Сяргей Махавікоў.
Драма пра вайсковых лётнікаў
У траўні «Беларусьфільм» абяцае выпусьціць кіно пра лётнікаў Мікіту Куканенку і Андрэя Нічыпорчыка «Адно на дваіх». Гэта вайсковыя пілёты, які кіравалі самалётам Як-130. Ён разьбіўся 19 траўня 2021 году ў Баранавічах. Лётнікаў у Беларусі прызналі героямі.
Стваральнікі абяцаюць, што гэта будзе biopic, фільм-біяграфія, а 70% карціны — рэальныя фрагмэнты жыцьцяпісаў лётнікаў. Кіно здымае рэжысэр Іван Паўла, які раней здымаў фільмы «На сьпіне ў чорнага ката», «Падрыў», «Час вярнуцца».
Здымкі фільма на нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", фота з афіцыйнага сайта кампаніі
Маладога лётніка Мікіту Куканенку ў фільме будзе граць Ягор Чубакоў, паводле спэцыяльнасьці ён інжынэр, а не прафэсійны актор. Хто будзе граць ягонага старэйшага таварыша і настаўніка Андрэя Нічыпорчыка, пакуль не паведамлялі.
Бюджэт фільму таксама невядомы.
«Культурны прадукт для дзяржаўных людзей»
На думку мэдыяэкспэрткі, доктаркі навук Ірыны Сідорскай, гэтыя стужкі здымаюцца не каб пераканаць кагосьці, а для «нармалізацыі рэжыму». Каб паказаць людзям прысутнасьць беларускай дзяржавы, якая «мае права вырашаць усё».
«Гэта робіцца, каб паказаць, што існуе „правільная культура“, „правільнае кіно“ і нават „правільныя эмоцыі“. Гэтымі фільмамі дзяржава паказвае афіцыйную вэрсію таго, што адбываецца. Нібыта якая існуе школа, якая міліцыя, хто сапраўдныя героі, а хто ворагі. Дзяржава стварае афіцыйную карціну рэальнасьці, і няважна, што гэтая карціна не адпавядае рэчаіснасьці. Людзі разумеюць, што гэта не адпавядае рэчаіснасьці, але такое кіно робіць візуальную легітымізацыю, дзяржава прымушае так бачыць сьвет, Беларусь і сваіх грамадзян», — гаворыць экспэртка.
Другая мэта выпуска ідэялягічных фільмаў — паказаць прадстаўнікам дзяржаўнага апарату, што пра іх памятаюць, што яны «героі», дадае Ірына Сідорская.
«Ім вельмі важна стварыць культурны прадукт для тых мэтавых групаў, якія падтрымліваюць „рэжым“. Маўляў, вы і ёсьць героі і гераіні сучаснага беларускага кіно, паказаць — маўляў, вы галоўныя. Ня думаю, што камусьці за мяжой будуць цікавыя беларускія фільмы. Гэта найперш унутраны прадукт. Беларуская дзяржава паказвае: глядзіце, у нас усё добра, мы ня ў крызісе, няма ніякай гуманітарнай і дэмаграфічнай катастрофы. Мы ствараем фільмы. Ні ў якай ступені ня важная якасьць гэтага прадукту, ён проста будзе», — заўважае суразмоўца.