Аляксандар Катовіч паведаміў журналісту Еўрарадыё, што яго змабілізавалі на фронт 19 лютага. Публічна вядома пра гэта стала амаль празь месяц — 16 сакавіка.
Катовічу 35 гадоў. Ён украінец з Адэсы, грамадзянін Украіны. У Беларусь пераехаў да жонкі-беларускі ўвосень 2019 году. Калі пачаўся поўнамаштабны напад Расеі на Ўкраіну, пісаў у сетках камэнтары ў падтрымку радзімы і з асуджэньнем агрэсіі Расеі і Ўладзіміра Пуціна. За гэта яго асудзілі ў Беларусі на 5 гадоў зьняволеньня. Ён адсядзеў 2 гады і 3 месяцы. Пасьля Катовіча памілавалі і вывезьлі ва Ўкраіну з групай яшчэ трыццаці ўкраінцаў. Гэта адбылося 22 лістапада 2025 году.
Ён аднаўляў сілы пасьля турмы, вырашаў пытаньні з дакумэнтамі. Уладкаваўся на працу праграмістам у сваю колішнюю фірму. Так Аляксандар пражыў у Кіеве амаль тры месяцы, пасьля чаго яго змабілізавалі на вайну ва Ўкраіне.
Катовіч пасьля вызваленьня зь беларускай калёніі
Катовіч у інтэрвію Свабодзе расказваў, што яго могуць змабілізаваць у кожны момант, калі ён на вуліцы сустрэне прадстаўнікоў тэрытарыяльнага цэнтру камплектаваньня і сацыяльнай падтрымкі (ТЦК). Таму ён хаваўся ад іх, амаль не выходзіў на вуліцу, не наведваў кавярняў, езьдзіў на таксоўцы. З грамадзкіх установаў хадзіў толькі ў краму і на пошту. Пытаньні з дакумэнтамі вырашаў онлайн.
«Ты можаш проста ісьці міма паліцыянтаў на вуліцы, а яны папросяць на праверку твае дакумэнты. Блёк-пасты ёсьць проста ў горадзе, пасярод дарогі. Яны спыняюць і правяраюць усіх, хто ў машыне», — расказваў украінец, як шукаюць тых, хто ўхіляецца ад мабілізацыі.
Аляксандар пасьля 2022 году быў у вышуку ва Ўкраіне, бо яму дасылалі позву ў камісарыят, але ён не прыйшоў, бо знаходзіўся ў Беларусі. Суразмоўца адзначаў, што не плянаваў ехаць ва Ўкраіну ваяваць у 2022 годзе. Ён думаў, ці ня зьехаць у Польшчу або Літву. Аднак застаўся разам зь сям’ёй у Беларусі.
Як стала вядома Свабодзе, зараз Аляксандар Катовіч знаходзіцца ў навучальным вайсковым цэнтры, ён часова недасяжны для камэнтароў.
Чаму так адбылося?
Ва Ўкраіне мужчыны ва ўзросьце 25–60 гадоў падлягаюць абавязковай мабілізацыі на вайну, калі дазваляе стан здароўя і яны ня маюць адтэрміноўкі. Адтэрміноўку могуць атрымаць, прыкладам, бацькі траіх дзяцей, студэнты, людзі, якія апякуюцца хворымі роднымі.
Яшчэ адна прычына, паводле якой грамадзянін Украіны можа атрымаць пажыцьцёвую адтэрміноўку ад войска, — статус чалавека, несправядліва пазбаўленага свабоды ў выніку расейскай агрэсіі. Гэта вызначае закон аб сацыяльнай і праўнай абароне асобаў, прызнаных пазбаўленымі асабістай свабоды ў выніку ўзброенай агрэсіі супраць Украіны, і іхных сямейнікаў. Аляксандар прэтэндаваў на гэты статус, бо ён пісаў камэнтары, якія крытыкавалі расейскую агрэсію супраць Украіны, за што сядзеў у Беларусі, якая лічыцца суагрэсарам у вайне супраць Украіны. Але адтэрміноўкі ў выніку не атрымаў.
Як патлумачыў Свабодзе ўкраінскі праваабаронца Ўладзімір Яворскі, Беларусь не прызнаная ва Ўкраіне дзяржавай-агрэсарам, таму, на ягоную думку, Катовічу і не далі адпаведны статус.
Аляксандр Катовіч
Аляксандар Катовіч раней меркаваў, што ён ня мог атрымаць статус несправядліва пазбаўленага волі празь бюракратыю, бо ягоныя звароты перанакіроўвалі, як ён казаў, «адфутбольвалі» паміж службамі: Нацыянальнай паліцыяй і Службай бясьпекі Ўкраіны (некаторыя запыты і афіцыйныя адказы на іх ёсьць у рэдакцыі. — РС). Катовіч расказваў, што не атрымліваў канкрэтных адказаў на свае запыты.
Таксама Аляксандар паведамляў Свабодзе, што ведае ўкраінцаў, якія сядзелі ў турмах Беларусі і атрымалі такі статус. Ён адзначаў, што пасьля вызваленьня і вывазу зь Беларусі такіх палітвязьняў некаторым зь іх дапамагалі афармляць дакумэнты ўкраінскія службоўцы, якія першым часам апекаваліся вызваленымі.
«Я ведаю, што камусьці дзяржава спрыяла ў падачы гэтых заяваў, а камусьці сказалі: „Хочаце — рабіце самі“. Мой знаёмы палітвязень ведае хлопца з групы, вызваленай 13 сьнежня (2025 году), такога самага, як я, ён кідаў у групу фоткі перамяшчэньня расейскіх войскаў па Беларусі, і яму далі статус. Ёсьць інфармацыя, што ў іх ёсьць па два каардынатары з Службы бясьпекі Ўкраіны і з Каардынацыйнага штабу. Калі мы прыехалі, да нас такога не было. Да асобных людзей падыходзілі і прапаноўвалі напісаць заяву, каб ім далі такі статус, а да іншых ніхто не падышоў», — расказваў Аляксандар.
Атрымаць статус незаконна пазбаўленага волі ў выніку расейскай агрэсіі Аляксандар Катовіч спрабаваў з дапамогай адваката. Акрамя пажыцьцёвай адтэрміноўкі ад войска, такі статус дазваляў бы яму прэтэндаваць на разавую дапамогу ад украінскай дзяржавы — каля 6 тысяч эўра (сума залежыць ад тэрміну, праведзенага за кратамі).