У Беларусі прынамсі 22 іншаземцы маюць статус палітычнага зняволенага, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», палова зь іх — грамадзяне Расеі. Таксама ёсьць палітвязьні — грамадзяне Ўкраіны, Літвы, Францыі, Латвіі, Польшчы.
Замежных грамадзян трымаюць за кратамі паводле абвінавачаньняў у «агентурнай дзейнасьці», «шпіянажы», «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці», «закліках да санкцыяў», «удзелу ў дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак», «дыскрэдытацыі Беларусі», «акце тэрарызму», «міжнародным тэрарызме». На гэты момант шасьцёх іншаземцаў трымаюць у няволі ў сувязі з вайной Расеі ва Ўкраіне. Пяць грамадзян іншых краін уключаныя ў так званы «сьпіс тэрарыстаў».
Агулам з 2020 году ў Беларусі пад палітычны крымінальны перасьлед трапілі сама меней 100 замежных грамадзян (зь іх 27 жанчын). Праваабаронцам вядома, што як мінімум 75 зь іх накіравалі ў калёніі.
61 іншаземец мае статус «былога палітвязьня», ня менш за 29 былі памілаваныя і дэпартаваныя зь Беларусі.
У Беларусі на 20 студзеня 1 444 чалавекі прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. З пачатку прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году палітвязьнямі былі прызнаныя 4356 чалавек.