Заўтра ў Лос-Анджэлесе ўручаць «Оскары»: хто галоўныя фаварыты

Ілюстрацыйнае фота

У ноч з нядзелі на панядзелак па беларускім часе ў Лос-Анджэлесе пройдзе 98-я цырымонія ўручэньня прэміі «Оскар». Узнагароды будуць уручаць у тэатры Dolby Theatre за найлепшыя фільмы 2025 года.

У галоўнай намінацыі «Найлепшы фільм» сёлета прадстаўленыя 10 карцін. Сярод іх найбольшую ўвагу крытыкаў і гледачоў прыцягнулі некалькі фаварытаў.

Леанарда Ды Капрыё на лёнданскай прэм'еры фільма «Адна бітва за другой». 16 верасня 2025 году

Сярод галоўных прэтэндэнтаў — «One Battle After Another» («Бітва за бітвай»). Фільм рэжысэра Пола Томаса Андэрсана, у якім граюць Леанарда Ды Капрыё, Шон Пэн, Бенісіо дель Торо і Тэяна Тэйлар, лічыцца адным з галоўных фаварытаў сёлетняга «Оскара». Гэта гісторыя пра былога рэвалюцыянэра, які спрабуе абараніць сваю дачку ад небясьпечнага ваеннага афіцэра. Карціна ўжо атрымала шэраг узнагародаў, у тым ліку на брытанскай прэміі BAFTA.

Раян Куглер (рэжысэр "Грэшнікаў"), Зінзі Куглер і Сеў Оганян з узнагародай за кінэматаграфічнае і касавае дасягненьне за фільм Sinners на 83-й цырымоніі ўручэньня "Залатога глёбуса" у Беверлі-Гілз, ЗША, 11 студзеня 2026 года.

Яшчэ адзін фаварыт — «Sinners» («Грэшнікі»). Гэты жанравы трылер рэжысэра Раяна Куглера. Фільм, у якім у ролях братоў-блізьнятаў зьняўся актор Майкл Б. Джордан, сумяшчае элемэнты жахаў і сацыяльнай драмы і атрымаў рэкордныя 16 намінацый у розных катэгорыях.

Джэсі Баклі. 1 сакавіка 2026 году

Гістарычная драма «Hamnet» («Гамнэт»), зьнятая паводле рамана Мэгі О’Фарэл. Гэта выдуманая гісторыя жыцьця сына Ўільяма Шэкспіра, які памёр у юным узросьце. Крытыкі адзначаюць фільм за моцную акторскую працу, а Джэсі Баклі лічыцца адной з фаварытак у намінацыі «Найлепшая актрыса».

Акрамя гэтых фільмаў на галоўныя ўзнагароды прэтэндуюць «Франкэнштайн», «Формула-1», «Сны цягнікоў» ды іншыя.

Цырымонія пройдзе 15 сакавіка ўвечары ў ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уручэньне «Оскара» адклалі. Такое адбывалася толькі тройчы за ўсю гісторыю прэміі