Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лос-Анджэлесе ўручылі «Оскараў». «Паразытаў» прызналі найлепшым фільмам году


У ноч с 9 на 10 лютага ў Лос-Анджэлесе прайшла 92-я цырымонія ўзнагароджаньня кінапрэміі «Оскар» — самай прэстыжнай узнагароды ў сьвеце кіно. Імёны новых ляўрэатаў называлі зоркі Галівуду — як і год таму, на цырымоніі не было вядоўцаў.

Найлепшым фільмам 2019 году назвалі фільм карэйскага кінарэжысэра Пон Чжун Хо «Паразыты». Гэта першы фільм не на ангельскай мове, які атрымаў галоўную ўзнагароду «Оскара» за ўсю гісторыю існаваньня прэміі. Таксама фільм атрымаў прэміі ў намінацыях «Найлепшы замежны фільм» і «Найлепшы арыгінальны сцэнар», а рэжысэра фільму Пон Чжун Хо прызналі найлепшым рэжысэрам.

Найлепшай акторкай сёлета стала Рэнэ Зэлвэгер, за галоўную ролю ў біяграфічнай карціне «Джудзі», а найлепшым акторам назвалі Хаакіна Фэнікса за ролю ў трылеры «Джокер».

Найлепшым акторам другога пляну назвалі Брэда Піта за ролю ў фільме «Аднойчы... у Галівудзе», і гэта ягоны першы «Оскар» за акторскую працу — да гэтага Брэд Піт станавіўся ўладальнікам статуэткі толькі як адзін з прадусараў за фільм «12 гадоў рабства». Найлепшай акторкай другога пляну стала Лора Дэрн, якая сыграла ў карціне «Шлюбная гісторыя».

  • «Найлепшы анімацыйны фільм» — «Гісторыя цацак – 4».
  • Найлепшы дакумэнтальны фільм — «Амэрыканская фабрыка».
  • Прэміі за найлепшую апэратарскую працу, найлепшыя візуальныя эфэкты, а таксама найлепшы гук атрымаў фільм «1917».
  • Прэміі за найлепшы мантаж і гукавы мантаж атрымала спартовая драма «Ford супраць Ferrari».
  • Найлепшы кароткамэтражны дакумэнтальны фільм — «Навучыцца катацца на скейтбордзе ў зоне баявых дзеяньняў (калі ты дзяўчынка)».
  • Найлепшы кароткамэтражны мастацкі фільм — «Акно насупраць».
  • Найлепшы адаптаваны сцэнар — «Трус Джоджо».
  • Найлепшы кароткамэтражны мультфільм — «Любоў да валасоў».
  • Найлепшая музыка да фільма — «Джокер».
  • Найлепшая песьня ў фільме — (I’m Gonna) Love Me Again, «Рокетмэн».
  • Найлепшая работа мастака-пастаноўшчыка — «Аднойчы ў... Галівудзе»
  • Найлепшы дызайн касьцюмаў — «Маленькія жанчыны».
  • Найлепшыя прычоскі і грым — «Скандал».

«Оскар» прысуджаецца ў 24 намінацыях. Сёлета прэмію ўручалі 92-і раз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG