Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму і за што далі «Оскараў». Сьцісла і зь ВІДЭА


Фігура статуэткі, якой далі мянушку «Оскар». Ілюстрацыйнае фота

91-я цырымонія ўручэньня прэміяў Амэрыканскай кінааакадэміі прайшла ў Галівудзе 24 лютага. Найбольш «Оскараў» атрымаў фільм пра музыканта; фільм году таксама пра музыку, але іншага. Расказваем, у каго асноўныя статуэткі.

«Зялёная кніга» — найлепшы фільм (і яшчэ два «Оскары»)

Стужка пераказвае рэальную гісторыю чарнаскурага піяніста Дона Шырлі (выканаўца ягонай ролі Магершала Алі ўзяў «Оскара» за найлепшую ролю другога пляну), які паехаў гастраляваць па расісцкім поўдні ЗША ў 1962 годзе. Музыка наняў выкідалу ў якасьці кіроўцы і ахоўніка, а атрымаў у ягонай асобе сапраўднага сябра. Фільм мае таксама «Оскара» за найлепшы арыгінальны сцэнар.

«Рома» — найлепшы рэжысэр (і яшчэ два «Оскары»)

Найлепшы замежны, гэтым разам мэксыканскі, фільм сёлета мае «Оскары» за найлепшую рэжысуру, а таксама за найлепшую апэратарскую работу (рэжысэр і апэратар — Альфонса Куарон, ён жа сцэрнарыст і прадусар). Стужка распавядае драматычную гісторыю звычайнай мэксыканскай сям’і з 1970-х гадоў. Фільм незвычайны і тым, што зьняты чорна-белым, і тым, што выдадзены на інтэрнэт-сэрвісе Netflix.

«Багемная рапсодыя» — найлепшая мужчынская роля (і яшчэ тры «Оскары»)

Выбар актора Рамі Малека на ролю лідэра гурту Queen Фрэдзі Мэркюры некаторыя крытыкавалі: не падобны вонкава. Аказалася, дастаткова падобны, каб узяць за гэтую ролю такую ўзнагарожу. Біяграфія аднаго з самых папулярных сьпевакоў XX стагодзьдзя таксама атрымала «Оскары» за найлепшыя гук, мантаж гуку і мантаж відэа.

«Фаварытка» — найлепшая жаночая роля (толькі адзін «Оскар» з 10 магчымых)

Хоць Алівія Колман і атрымала «Оскара» за выкананьне ролі дзіўнаватай брытанскай каралевы Анны, сёлетняя цырымонія была расчараваньнем для каманды фільму. «Фаварытка» была намінаваная на найбольшую колькасьць статуэтак — 10. А атрымала толькі адну.

«Чалавек-павук. У павучыны сьвет» — найлепшы мультфільм

Што, калі ёсьць не адзін сьвет, а шмат паралельных, і ў кожным ёсьць свой супэргерой Чалавек-павук? І што, калі яны сустрэнуцца ў адным сьвеце і будуць разам змагацца са злом? І што, калі адзін зь іх — сьвіньня, а яшчэ аднаго агучвае Нікалас Кейдж? І калі ўсё гэта зьняць як кампутарны мультфільм, але стылізаваць пад комікс? Так можна атрымаць «Оскара» нават тады, калі на яго таксама прэтэндуе зроблены ўручную лялечны мультфільм славутага Ўэса Андэрса.

«Чорная Пантэра» — найлепшыя касьцюмы (і яшчэ два «Оскары»)

Фільм называлі вельмі важным за тое, што ён паказвае афрыканскую культуру ў самым папулярным цяпер жанры — і Амэрыканскую кінаакадэмію загадзя крытыкавалі за тое, што «Оскараў» нібыта зьбіраюцца даваць не за мастацкія якасьці, а за сацыяльную значнасьць. Але «Чорную Пантэру» ўзнагародзілі якраз у тэхнічных намінацыях: за найлепшыя касьцюмы, найлепшую музыку і найлепшую працу мастака-пастаноўшчыка.

«Нараджэньне зоркі» — найлепшая песьня

І яшчэ адзін музычны фільм, прычым рэмэйк стужкі 1937 году, на якую ўжо было два рэмэйкі. Затое з Брэдлі Купэрам і сьпявачкай Лэдзі Гага ў галоўных ролях. Яны і выконваюць песьню «Shallow», за якую далі «Оскара».

А таксама

Найлепшая жаночая роля другога пляну — Рэгіна Кінг за ролю ў «Калі б Біл-стрыт магла размаўляць», найлепшы адаптаваны сцэнар у «Чорны Ку-клус-клянавец», найлепшыя дакумэнтальныя фільмы — «Вольны адзіночны пад’ём» (поўнамэтражны) і «Кропка. Канец сказу» (кароткі). Найлепшы кароткамэтражны фільм — «Скура». Найлепшыя візуальныя эфэкты — «Першы чалавек», а найлепшы грым — «Улада».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG