Форум праводзіцца ў партнэрстве з аналітычным цэнтрам «Рада зьнешняй палітыкі «Украінская прызма» (Кіеў) і міжнародным фондам «Адраджэньне» (Украіна).
Мерапрыемства будзе прысьвечана «ключавым аспэктам беларускай вызваленчай барацьбы, пагрозам з боку рэжыму Лукашэнкі, а таксама пытаньням супрацоўніцтва беларускіх дэмакратычных сіл з Украінай і эўрапейскімі партнэрамі».
Да ўдзелу запрошаны ўкраінскія і заходнія экспэрты, беларускія палітычныя дзеячы і добраахвотнікі на баку Кіева.
«Сярод ключавых тэм абмеркаваньня — Беларусь як фактар рэгіянальнай бясьпекі і сцэнарыі разьвіцьця сытуацыі да 2027 года, новая мадэль украінска-беларускіх адносін у пэрыяд вайны, пэрспэктывы беларускага добраахвотніцкага руху, а таксама пытаньне стварэньня рэгіянальнага фармату „беларускага Рамштайна“ (гаворка аб міжнародных перамовах. — „Позірк“.)», — падкрэсьліваецца ў рэлізе.
«Ва ўмовах нестабільнасьці і рэгіянальнага крызісу бясьпекі з прычыны паўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны, разьвязанай Крамлём і падтрыманай дыктатурай Лукашэнкі, пытаньне барацьбы беларусаў за свабодную, дэмакратычную будучыню зьяўляецца даволі актуальным», — адзначаецца ў анонсе сустрэчы ад «Украінскай прызмы».
- 25 студзеня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская правялі першыя поўнафарматныя перамовы ў Вільні, дзе ўдзельнічалі ў мерапрыемствах у памяць аб удзельніках паўстаньня 1863–64 гадоў супраць расейскага царызму.
- Па выніках сустрэчы быў анансаваны візыт Ціханоўскай у Кіеў. Пра дату не паведамлялася, аднак 27 лютага была распаўсюджана інфармацыя, што ён адбудзецца «у бліжэйшыя месяцы».