Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Кізім: Пасьля вайны адносіны з дэмакратычнай Беларусьсю адновяцца хутчэй, чым з Расеяй

Уладзімір Зяленскі, Сьвятлана Ціханоўская, Дзяніс Кучынскі, Вільня, 26 студзеня 2026
Уладзімір Зяленскі, Сьвятлана Ціханоўская, Дзяніс Кучынскі, Вільня, 26 студзеня 2026

У праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім патлумачыў, чаму ўкраінскія ўлады пайшлі на збліжэньне са Сьвятланай Ціханоўскай, і адказаў на пытаньне, ці даруюць украінцы беларусам пасьля вайны саўдзел дзяржавы Беларусь у агрэсіі.

Былы амбасадар адзначыў, што раней украінская ўлада мела вельмі нэгатыўнае стаўленьне да Сьвятланы Ціханоўскай, у тым ліку і з прычыны яе ранейшых заяваў пра Крым і Расею, што прывяло да адсутнасьці кантактаў. Ігар Кізім з самага пачатку лічыў ненармальным, што існуюць структуры дэмакратычных сілаў Беларусі (Аб’яднаны пераходны кабінэт), ёсьць лідэрка Ціханоўская — прадстаўніца часткі грамадзтва, якая супраць Лукашэнкі і расейскай агрэсіі, а Ўкраіна зь імі не камунікуе.

Былы дыплямат падкрэсьліў, што праца над новай стратэгіяй адносінаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі пачалася па ініцыятыве экс-міністра МЗС Дзьмітра Кулебы. Кізім нязгодны з пастаноўкай пытаньня — а што Ціханоўская можа даць Украіне. Ён сказаў, што ніколі не чакаў, што яна ў адказ на запрашэньне ў Кіеў прывязе з сабой бранятанкавы батальён у дапамогу Ўкраіне. Ён заклікаў факусавацца не на тым, «што яны павінныя даць», а на тым, што яны рэальна могуць даць, паводле яго супраца з беларускімі дэмакратычнымі сіламі на чале зь Ціханоўскай — сытуацыйны саюз супраць агульнага ворага.

Кізім падкрэсьліў, што сустрэча Ўладзіміра Зяленскага і Сьвятланы Ціханоўскай у Вільні і запрашэньне яе зь візытам у Кіеў сталі магчымымі таму, бо абодва бакі сасьпелі да яе, і гэта было вынікам доўгай падрыхтоўкі. У інтэрвію «Люстэрку» прэзыдэнт Украіны Зяленскі сказаў пра беларусаў:

«Да вайны гэта былі і сябры, і суседзі, і такія, як і мы... А цяпер перад усімі гэтымі словамі — вайна. І я б вельмі хацеў, каб вайна скончылася і напэўна нешта зьмянілася ў адносінах паміж нашымі краінамі. Усё ж беларускі народ не пачынаў вайны супраць Украіны».

Былы амбасадар Украіны ў Беларусі згодны з тым, што адносіны сапраўды разглядаюцца праз прызму саўдзелу Беларусі ў вайне. Аднак паводле яго пасьля вайны (пры ўмове сыходу Лукашэнкі з улады) нармалізацыя адносінаў з дэмакратычнай Беларусьсю адбудзецца значна хутчэй, чым з Расеяй (нават без Пуціна), дзякуючы камунікацыі з дэмакратычнымі сіламі і антываеннай пазыцыі большасьці беларусаў. Украінцы сталі значна горш ставіцца да беларусаў пасьля пачатку шырокамаштабнай вайны. Аднак Ігар Кізім папракнуў украінскія СМІ тым, што яны засяроджваюцца на асобе Лукашэнкі.

Былы дыплямат заявіў:

«Я кажу: „Ды забудзьцеся вы пра Лукашэнку“. Нашыя адносіны зь ім скончаныя. Ён свой выбар зрабіў 24 лютага 2022 году. Але беларуска-ўкраінскія адносіны ня скончыліся. І нам цяпер трэба думаць пра іх будучыню. Зь беларускім народам і новым урадам, калі ён будзе дэмакратычным, мы вельмі хутка знойдзем паразуменьне, як нам жыць далей і што рабіць разам».

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG