«Белавія» скасавала два рэйсы ў Ізраіль і працягвае вывазныя рэйсы з Дубая

Ілюстрацыйнае фота

Кампанія «Белавія» падоўжыла адмену рэйсаў у Ізраіль з-за вайны ў Іране.

Як паведаміла кампанія «Белавія» ў сваім тэлеграм-канале, за тры дні па маршруце Дубай-Менск дастаўлена 645 чалавек, яшчэ адзін рэйс знаходзіцца на шляху да Менска, на 11 сакавіка заплянаваны яшчэ адзін рэйс з Дубая. Кампанія ня толькі вывозіць з Дубая сваіх кліентаў зь білетамі «Белавія», але і прадае білеты ўсім жадаючым пакінуць рэгіён.

10 сакавіка білеты на заўтрашні рэйс прадаюцца па цане 1200 даляраў на сайтах-інтэгратарах па продажы авіябілетаў.

«Цяпер авіякампанія працуе над атрыманьнем новых слотаў і дазволаў на палёты ў Дубай і працягвае сачыць за разьвіцьцём сытуацыі», — паведаміла кампанія.

Таксама беларуская авіякампанія абвясьціла, што забарона на палёты над Ізраілем падоўжана: адменены яе два рэйсы ў Тэль-Авіў.

«Авіяцыйныя ўлады Ізраілю прадоўжылі закрыцьцё паветранай прасторы да 16.03.2026 для замежных авіяперавозчыкаў. У сувязі з гэтым „Белавія“ вымушана адмяніць два бліжэйшыя рэйсы з Менска ў Тэль-Авіў і назад: 12.03.2026 і 15.03.2026», — паведаміла авіякампанія.

З 6 па 8 сакавіка авіякампанія зьдзейсьніла тры вывазныя рэйсы з Дубая. Паведамляецца, што ўсяго за тры дні ў Беларусь было дастаўлена 645 чалавек.

Дзяржаўнае агенцтва БелТА з спасылкай на амбасаду Беларусі ў Эгіпце паведаміла, што 10 сакавіка кампанія «Белавія» арганізуе эвакуацыйны рэйс з Аману. Вылет адбудзецца з горада Салала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасольства Беларусі ў Тэль-Авіве наконт эвакуацыі з Ізраілю: пакінуць краіну можна рэгулярнымі рэйсамі ізраільскіх кампаніяў