Пра гэта паведамляецца на рэсурсах кампаніі, пры гэтым рэйсы ня цалкам вывазныя, паведамляе @belavia_official.
Таксама авіякампанія нагадвае, што надалей выконвае эвакуацыйныя (вывазныя) рэйсы для пасажыраў, якія ўжо купілі білеты.
На адным з рэсурсаў продажу авіябілетаў удалося знайсьці чатыры білеты на рэйс Дубай — Менск на 10 сакавіка, білет каштуе каля 39 тысяч расейскіх рублёў (каля 500 даляраў ЗША), на 11 сакавіка засталося 7 білетаў. З кожнай хвілінай білеты даражэюць.
Тым часам авіякампанія FlyDubai вывозіць беларусаў зь білетамі да Менску ў Маскву ці Казань, як паведамляюць пасажыры, бяз трансфэру ў Беларусь. Пасажырам гэтай авіякампаніі вывазных рэйсаў наўпрост у Беларусь не абяцаюць, паведамляе Беларускі рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацыяў.
Дзяржаўнае агенцтва БелТА з спасылкай на амбасаду Беларусі ў Эгіпце паведаміла, што 10 сакавіка кампанія «Белавія» арганізуе эвакуацыйны рэйс з Аману. Вылет адбудзецца з горада Салала.
Генэральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец раней у этэры «Беларусь 1» сказаў, што ў ААЭ маглі затрымацца каля тысячы беларусаў. 5 сакавіка ў Менск прыляцеў эвакуацыйны рэйс з Аману. 4 сакавіка «Белавія» выканала два эвакуацыйныя рэйсы з Дубаю. На першым рэйсе былі 189 пасажыраў, на другім — 283, у тым ліку двое немаўлят.
5 сакавіка міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў па тэлефоне паразмаўляў зь міністрам замежных спраў ААЭ Абдалом ібн Заедам аль-Нахаянам. Як паведамляе замежнапалітычнае ведамства Беларусі, размова тычылася становішча на Блізкім Усходзе. Рыжанкоў выказаў ААЭ ўдзячнасьць за клопат пра беларускіх турыстаў, якія апынуліся ў гэтай краіне, а таксама выказаў суразмоўцу спачуваньні ў зьвязку з разбурэньнямі ад абстрэлаў.
Пры гэтым варта адзначыць, што ўлады Беларусі, маючы добрыя зносіны з ААЭ, шчыльна сябруюць і з Іранам, які абстраляў Дубай і Абу-Дабі за супрацу са Злучанымі Штатамі. Раней Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з аяталом Алі Хамэнэі, якога забілі ЗША і Ізраіль у паветранай атацы на Тэгеран. А 4 сакавіка ён сустрэўся з надзвычайным і паўнамоцным паслом Ірану ў Беларусі Алірэзом Санэі. Лукашэнка выказаў спачуваньні з прычыны гібелі Хамэнэі і назваў супольную апэрацыю Ізраілю і ЗША «вераломным нападам», у выніку якога загінулі мірныя жыхары і дзеці.