Шэраг беларускіх турыстаў ужо тыдзень вымушана застаецца ў Аб’яднаных Арабскіх эміратах, а некаторыя пакінулі краіну толькі цяпер, празь некалькі дзён вымушанага чаканьня рэйсу.
Аб рэйсах у Менск гаворкі па-ранейшаму няма, напісаў беларускі Рэспубліканскі зьвяз турыстычных арганізацый. Адмысловых эвакуацыйных бартоў у Беларусь авіякампанія FlyDubai не заплянавала. Перавозьнік прапануе беларусам ляцець у Маскву, альбо нават у Казань. Толькі такім перасадачным спосабам людзі, якія куплялі турыстычныя туры з заплянаваным, але скасаваным пералётам у Менск, могуць трапіць у Беларусь.
Пры гэтым пазначаныя ў білетах гарады нічога ня значаць, пасадачныя афармляюцца на найбліжэйшы дасяжны вылет. На рэйсах усё выкуплена. Трансфэр — ні ў аэрапорт Дубаю, ні з Расеі ў Беларусь — перавозьнік таксама не дае. Усе пытаньні вырашаюцца беларускімі турапэратарамі, падкрэсьлівае арганізацыя.
Увечары 5 сакавіка, па падліках турыстычных кампаній, вылецелі толькі 10% ад заплянаванай колькасьці турыстаў. А 6 сакавіка на самалётах FlyDubai ААЭ павінна пакінуць ужо больш беларускіх падарожнікаў — людзі спрабуюць рэгістравацца на вячэрнія рэйсы з самай раніцы. Прыблізная або дакладная лічба турыстаў, якім удалося пакінуць ААЭ, стане вядомай заўтра.
У самае складанае становішча, як раней заяўлялі ў РЗТА, трапілі тыя беларусы, якія апынуліся ў розных частках сьвету, далёка ад вялікіх транзытных пунктаў — на Мальдывах, на Занзыбары і іншых курортах. Большасьць гэтых турыстаў набывалі пуцёўкі менавіта зь пералётам FlyDubai. Рэйсы скасаваныя, і як выбірацца з далёкіх экзатычных выспаў — незразумела.
Форум