Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія турысты, якія набылі туры зь Менску зь пералётам FlyDubai, ня могуць вярнуцца дадому

Самалёты FlyDubai, архіўны здыма
Самалёты FlyDubai, архіўны здыма

У Эміратах чакаюць адпраўкі дадому сотні беларускіх грамадзян, пакуль улады і авіяперавозьнікі ніяк ня могуць канчаткова разьвязаць праблему з іх эвакуацыяй, што паўстала пасьля іранскіх абстрэлаў дубайскага аэрапорту і іншых аб’ектаў у ААЭ.

Пералётаў чакаюць людзі, якія забранявалі туры зь пералётам бюджэтным перавозьнікам ААЭ — FlyDubai. Пра гэта паведамляюць беларускія турыстычныя кампаніі і іх кліенты, якія захрасьлі на курортах у сувязі з сытуацыяй на Блізкім Усходзе.

«Белавія» арганізавала ўжо некалькі вывазных рэйсаў з Дубая ў Менск. Беларускія турфірмы, якія адправілі турыстаў у ААЭ з дапамогай авіякампаніі FlyDubai, пакуль атрымліваюць толькі рассылку з скасаванымі датамі вылетаў зь Менску ў Дубай і назад.

Абяцаны на 5 сакавіка вывазны рэйс павінен быў забраць тых, хто па білетах адлятаў з Дубая ў Менск 5 сакавіка. Турфірмы задаваліся лягічным пытаньнем — а што ж будзе з тымі турыстамі, у якіх вылет быў заплянаваны яшчэ 28 лютага? Пытаньне павісла ў паветры — гэтак жа, як і вывазны рэйс FlyDubai на 5 сакавіка па маршруце Дубай — Менск, піша Рэспубліканскі зьвяз турыстычных арганізацый.

Рэйс эмірацкай авіякампаніі ў Менск скасавалі. Скасаваны таксама і рэйс FZ 1715 на 6 сакавіка.

На вывазныя рэйсы «Белавія» пакуль трапіць нерэальна, пішуць у зьвязе турыстычных арганізацый. Пры гэтым беларуская дзяржаўная авіякампанія паведамляе, што эвакуацыйныя рэйсы з Дубая заплянаваныя на гэты і ўвесь наступны тыдзень, таму, магчыма, месцы зьявяцца. Але гэта — новыя квіткі, адпаведна, выдаткі. Пакуль беларускія турапэратары сваім коштам падаўжаюць пражываньне турыстам, якія паляцелі з FlyDubai.

Цікава, што самалёты FlyDubai з Дубая ў Маскву не скасоўваюць. Тыя беларускія турысты, хто прылятаў FlyDubai з расейскай сталіцы, ужо вяртаюцца гэтым самым маршрутам дадому. Таму турфірмы думаюць над тым, каб саджаць турыстаў менавіта на расейскія рэйсы, бо з вылетам у Менск — поўная невядомасьць, падкрэсьліваюць у Рэспубліканскім зьвязе турыстычных арганізацый.

Паводле апошніх паведамленьняў беларускіх турапэратараў, авіякампанія ўсё ж такі зьбіраецца вывозіць беларускіх турыстаў з Дубая ў Маскву.

У самую складаную сытуацыю трапілі тыя беларусы, якія апынуліся ў розных частках сьвету, далёка ад вялікіх транзытных пунктаў — на Мальдывах, на Занзыбары і іншых курортах. Большасьць гэтых турыстаў набывалі пуцёўкі менавіта зь пералётам FlyDubai. Рэйсы скасаваныя, і як выбірацца з далёкіх экзатычных выспаў — незразумела.

Эвакуацыя ад «Белавія»

Як казаў раней генэральны дырэктар авіякампаніі «Белавія» Ігар Чаргінец у этэры «Беларусь 1», паводле яго ацэнкі, у ААЭ маглі затрымацца каля 1 тысячы беларусаў. 5 сакавіка ў Менск прыляцеў эвакуацыйны рэйс з Аману. А 4 сакавіка «Белавія» выканала два эвакуацыйныя рэйсы з Дубаю. На першым рэйсе былі 189 пасажыраў, на другім — 283, у тым ліку двое немаўлят.

Зараз авіякампанія прапануе пасажырам вярнуць білеты ў Дубай, купленыя да даты 31 сакавіка.

У кампаніі сьцьвярджаюць, што эвакуацыйныя рэйсы з Дубаю будуць выконваць на гэтым і наступным тыдні. Апроч таго, «Белавія» чакае зьменаў у абмежаваньнях паветранай прасторы Катару для эвакуацыйнага рэйсу з Дохі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG