28 лютага ЗША і Ізраіль нанесьлі ракетны ўдар па Іране, у выніку якога загінулі найвышэйшы кіраўнік Ірану аятала Алі Хамэнэі і шэраг вайсковых начальнікаў. Іран у адказ пачаў абстрэлы Ізраілю і іншых краін рэгіёну. У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
Беларуска Вольга (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы. — РС) прыляцела ў Ізраіль 26 лютага на некалькі дзён як турыстка. Ніколі не была ў гэтай краіне і хацела паглядзець Ерусалім, Мёртвае мора, іншыя славутасьці. А 28 лютага раніцай прачнулася пад гукі сырэны ў Тэль-Авіве.
«У суботу мы прасядзелі ў бамбасховішчы паўдня, бо як толькі трэба было выходзіць — гучалі сырэны. Раскладу ж бамбаваньняў няма. Мясцовыя расказалі, як паставіць аплікацыю, што апавяшчае пра атаку. Ёсьць таксама мясцовыя чаты, якія пішуць пра пуск ракет. Калі такое паведамленьне бачыш, то трэба рухацца ў бок бамбасховішча. Уначы было 3 сырэны, спаць нармальна ня можаш, бо ня можаш расслабіцца. Я вырашыла спаць проста ў бамбасховішчы. Людзі вельмі ветлівыя, мне дала спальнік цудоўная дзяўчына Наста, зь Беларусі таксама, але жыве ў Ізраілі. Саміх прылётаў ракет я ня бачыла», — апісвае падзеі Вольга.
«За паўтары хвіліны каву пасьпяваеш зрабіць»
Вольга расказвае, што паміж апавяшчэньнем і атакай ёсьць 1,5 хвіліны. І за гэты час людзі пасьпяваюць запарыць сабе кавы і спусьціцца ў бамбасховішча.
«Дзіўлюся, колькі ўсяго можна пасьпець за паўтары хвіліны. У мяне быў гостэль у старым доме, там не было бамбасховішча, яны даслалі інструкцыю, дзе яно знаходзіцца. Гэта проста паркінг шматпавярховага дому, мінус чацьверты паверх. Там стаяць гукаўзмацняльнікі, ёсьць інтэрнэт. Праўда, там ува ўсіх крычаць тэлефоны, бо на іх прыходзіць паведамленьне пра атаку. Там трэба сядзець, пакуль ня прыйдзе паведамленьне. Ні разу не было паведамленьня пра тое, што можна адыходзіць далёка», — апавядае Вольга.
У яе быў зваротны квіток на 2 сакавіка, але цывільная авіяцыя не лятае праз вайну. Дзяўчына вырашыла рызыкнуць і паехаць у Эгіпет, бо адтуль вылеты ёсьць.
«Я знайшла групу ў Тэлеграме, дзе можна адшукаць транспарт. Мы знайшлі трансфэр, і яшчэ чатырох турыстаў. Нас вёз мужчына, які наагул працуе гідам. Нам удалося знайсьці ня вельмі дарагі варыянт, 70 эўра з чалавека. Там трэба ехаць праз пустэльню, а калі гучыць сырэна, трэба выйсьці з машыны, адысьці ад яе, легчы на зямлю і закрыць галаву рукамі. Так трэба ляжаць 15 хвілінаў; калі ня будзе паўторнай сырэны, то можна вярнуцца ў машыну і ехаць далей. Пакуль мы ехалі, 5 разоў была сырэна», — расказвае суразмоўца.
Ракеты Вольга бачыла толькі ў небе, ні шуму, ні выбухаў ня чула.
«Мы бачылі ракеты ў небе, усё, што мы бачылі, перахоплівалася. Там бачна: яна ляціць-ляціць, пасьля ўспышка і ўтвараецца воблака», — апісвае суразмоўца.
На мяжы вялікія чэргі з двух бакоў. Праход мяжы заняў каля гадзіны. Цяпер Вольга ў Эгіпце і спрабуе вылецець дадому. Многія рэйсы запоўненыя, іншыя на бліжэйшы час каштуюць вялікіх грошай. Напрыклад, вылецець з Шарм-эль-Шэйху авіякампаніяй LOT у Вільню можна толькі 6 сакавіка, квіток каштуе 527 эўра. Вылецець «Турэцкімі авіялініямі» можна 3 сакавіка за 812 эўра.
Цэны на гатэлі ў Эгіпце падчас вайны пакуль моцна ня вырасьлі. Бюджэтныя цэны пачынаюцца ад 30-50 эўра за ноч. Такія цэны былі на момант напісаньня матэрыялу.
«Пачынаеш проста цаніць такія рэчы, як магчымасьць схадзіць у душ», — кажа Вольга.
«Трывога гучала кожныя 15 хвілін»
Гісторык Алесь Белы стала жыве ў Ізраілі, у Рамат-Гане, гэта частка Тэль-Авіву. Ён адзначае, што 28 лютага было шмат сыгналаў трывогі, да бамбасховішча ад дому яму ісьці 5 хвілінаў.
«Давялося б бегаць увесь час, таму я проста заставаўся дома. Стаяў у такім месцы, дзе, на мае суб’ектыўныя адчуваньні, меншая імавернасьць абвалу. У гэтай сэрыі атак у параўнаньні зь мінулым іранскім абстрэлам менш запускаў, але яны больш трапныя. Вядома, гэта парушае рытм жыцьця. Учора было цяжкавата дабірацца на працу і з працы, аўтобусы ходзяць радзей. Невядома, колькі гэта працягнецца, а самае галоўнае — ці дасьць вынік. Адукаваныя іранцы хацелі б памяняць гэты рэжым. Ізраіль ня мае да Ірану як да краіны нейкай нянавісьці, адтуль у Ізраіль прыехала шмат габрэяў. Ёсьць элемэнты іранскага ўплыву, пэрсыдзкай культуры на габрэйскую», — кажа Алесь Белы.
Паводле яго, у грамадзтве адчувалася набліжэньне вайны. Тэму паміж сабой абмяркоўвалі людзі.
«Даўно адчувалася, што гэта пачнецца. Два месяцы гэта абмяркоўвалі блогеры, калегі на працы пра гэта казалі. Гэта ўсё адкладалася. Тое, што вайна будзе, апошнім часам ніхто ўжо не сумняваўся. Калі зараз ідзе атака, бывае ўражаньне, што гэта над галавой, а гэта можа быць за некалькі кілямэтраў», — расказвае суразмоўца.
У сувязі з закрыцьцём паветранай прасторы над шэрагам краін Блізкага Ўсходу «Белавія» вымушана карэктуе плян палётаў.
1 сакавіка «Белавія» ўжо скасавала рэйс Менск — Тэль-Авіў — Менск. Тады авіякампанія паведаміла, што пасажыры могуць аформіць вяртаньне кошту білетаў у месцы іх набыцьця або перанесьці даты вылету.
Рэйс Менск — Дубай — Менск на 2 сакавіка скасавалі. Раней Іран ракетамі атакаваў дубайскі аэрапорт. Пасажырам прапанавалі вярнуць сродкі або рэзэрваваць палёты наноў.
З прычыны таго, што авіяцыйныя ўлады Ізраілю працягнулі забарону на палёты над тэрыторыяй краіны да 6 сакавіка, кампанія мусіла скасаваць рэгулярны рэйс В2 747/748 Менск — Тэль-Авіў — Менск, заплянаваны на 5 сакавіка.
Форум