Пасольства Беларусі ў Тэль-Авіве наконт эвакуацыі з Ізраілю: пакінуць краіну можна рэгулярнымі рэйсамі ізраільскіх кампаніяў

Амбасада Беларусі ў Ізраілі, архіўнае фота
Амбасада Беларусі ў Ізраілі, архіўнае фота

Беларускія дыпляматы 9 сакавіка заявілі суграмадзянам, якія апынуліся ў Ізраілі ў часе баявых дзеяньняў, што пакінуць краіну тыя могуць толькі самастойна. Пра эвакуацыйныя рэйсы гаворкі няма.

На старонцы амбасады ў Фэйсбуку гаворыцца, што цяпер у продажы ёсьць квіткі на рэйсы авіякампаніяў El Al, Israir, Arkia і Air Haifa. Амбасада адзначае, што «самы хуткі і зручны спосаб выезду — набыць квіток наўпрост на афіцыйным сайце авіякампаніі ці празь ліцэнзаванае турыстычнае агенцтва». Свой допіс амбасада назвала «важнай інфармацыяй».

Пры гэтым «турысты і замежныя грамадзяне, якія апынуліся ў крытычнай сытуацыі і ня могуць самастойна зарэзэрваваць білет, могуць запоўніць адмысловую форму Міністэрства транспарту Ізраілю для атрыманьня дапамогі ў арганізацыі выезду». Але яе запаўненьне не гарантуе таго, што заяўнік атрымае месца ў самалёце, а таксама не вызваляе ад патрэбы самастойна аплаціць білет адпаведнай авіякампаніі.

Кампанія «Белавія», як і перавозьнікі з іншых краін, пасьля пачатку ваенных дзеяньняў ізраільскіх і амэрыканскіх уладаў у Іране рэйсы ў Ізраіль скасавала.

Амбасада Беларусі ў Эгіпце 9 сакавіка паведаміла пра заплянаваны на 10 сакавіка чарговы вывазны рэйс «Белавія» з Аману.

Працягваюцца эвакуацыйныя рэйсы беларускага перавозьніка з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, пра анансаваную раней магчымасьць арганізацыі аналягічных рэйсаў з Катару «Белавія» пакуль не паведамляе.

Аляксандар Лукашэнка пасьля забойства найвышэйшага кіраўніка Ірану аяталы Алі Хамэнэі некалькі дзён маўчаў. А затым пры сустрэчы з іранскім дыпляматам назваў «напад Ізраілю пры падтрымцы ЗША на Іран» «вераломным» і «непрымальным».

​
XS
SM
MD
LG