У спакойную хаду рыхтаваньня да Паралімпійскіх гульняў у Італіі ўмяшалася палітыка. Пачалося з таго, што Міжнародны паралімпійскі камітэт дазволіў паралімпійцам зь Беларусі і Расеі выступаць на Паралімпіядзе не ў нэўтральным статусе, як было зь беларусамі і расейцамі на Алімпійскіх гульнях, а пад дзяржаўнымі сьцягамі.
Гэта адбудзецца ўпершыню з 2022 году, калі Расея поўнамаштабна ўварвалася ва Ўкраіну, а рэжым Аляксандра Лукашэнкі даў расейцам тэрыторыю для нападу.
Неўзабаве пасьля пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі дзьве дзяржавы выключылі зь міжнародных спаборніцтваў. Пазьней Міжнародны алімпійскі камітэт і шэраг фэдэрацыяў відаў спорту, у тым ліку паралімпійскія, пачалі пэўнае «размарожваньне». Беларусаў, а таксама расейцаў пачалі дапускаць да спаборніцтваў спачатку на ўмовах «нэўтральнасьць», без пазначэньня дзяржаўнай прыналежнасьці, сьцягоў і гімнаў.
У 2024 годзе на летняй Паралімпіядзе ў Парыжы беларускія паралімпійцы выступалі яшчэ ў нэўтральным статусе. А цяпер на Паралімпіядзе ў Картыне д’Ампэцца й Міляне зроблены новы крок — дазволіць атлетам выступаць пад дзяржаўнымі сьцягамі. Гэта наступствы рашэньня верасьня 2025 году, калі з паралімпійскіх камітэтаў дзьвюх дзяржаваў зьнялі санкцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны паралімпійскі камітэт апраўдваецца за дазвол сьцягоў Беларусі і РасеіУдзельнікі зь Беларусі
У Алімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе ўдзельнічалі 7 спартовак зь Беларусі, удзельнікаў-мужчын не было. На Паралімпіяду ўжо пад чырвона-зялёным сьцягам і ў складзе афіцыйнай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь прыедуць 4 спартоўцы — тры жанчыны і адзін мужчына.
У складзе дэлегацыі Беларусі — спартоўцы, якія возьмуць удзел у спаборніцтвах у паралыжных гонках. Гэта Раман Сьвірыдзенка, Дар’я Фядзьковіч (кляса LW4 — атлеты з паразай нагі), Валянціна Бірыла (LW10,5 — сядзячыя атлеты з падтрымкай) і Лідзія Лобан (LW12 — сядзячыя атлеты).
10 сакавіка пройдуць спаборніцтвы ў спрынце, на наступны дзень мэдалі вызначаць у індывідуальных гонках на 10 км клясычным стылем. 14 сакавіка адбудуцца эстафэты, а на заключны дзень — 15 сакавіка — заплянаваныя гонкі з разьдзельнага старту на 20 км каньковым ходам.
Ад Расеі на Паралімпіядзе выступяць шасьцёра параатлетаў.
Агулам у Параліміпійскіх гульнях возьмуць удзел 665 спартоўцаў з розных краін сьвету. Яны разыграюць 79 камплектаў мэдалёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чацьвёра беларускіх спартоўцаў могуць выступіць на Паралімпіядзе-2026 зь дзяржаўнай сымболікайДэмаршы на знак пратэсту супраць удзелу расейцаў і беларусаў
Чатыры эўрапейскія краіны адмовіліся трансьляваць адкрыцьцё Паралімпіяды праз допуск на яе беларусаў і расейцаў. Такое рашэньне супольна прынялі тэлекампаніі чатырох дзяржаваў — Літвы, Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі.
«Мы ня можам пагадзіцца з рашэньнем Міжнароднага паралімпійскага камітэту дазволіць спартоўцам Расеі і Беларусі спаборнічаць пад дзяржаўнымі сьцягамі сваіх краін і далучаемся да ініцыятывы трансьлятараў краін Балтыі не трансьляваць цырымоніі адкрыцьця», — працытаваў заяву намесьнік генэральнага дырэктара літоўскага грамадзкага трансьлятара LRT Гіціс Аганаўскас.
Пратэсты стасуюцца ня толькі тэлепаказаў. У Польшчы трансьлятары заявілі, што знарок не пакажуць праходку беларускай дэлегацыі на цырымоніі адкрыцьця ў Вэроне. Міністэрства спорту і турызму Польшчы таксама заявіла, што па прылёце ў Італію ня будзе ўдзельнічаць у адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў, і прычынай — менавіта ўдзел расейцаў і беларусаў.
Супраць выказаўся й шэраг палітыкаў Італіі — краіны-гаспадыні Паралімпійскіх гульняў. Міністар замежных справаў краіны Антоніё Таяні і міністар спорту і моладзі Андрэа Абодзі падпісаліся пад адмысловай нотай.
«Урад Італіі выказвае сваю абсалютную нязгоду з рашэньнем Міжнароднага паралімпійскага камітэту дапусьціць шасьцёх расейскіх і чатырох беларускіх спартоўцаў да ўдзелу ў Паралімпійскіх гульнях пад дзяржаўнай сымболікай, у тым ліку гімнамі», — працытавала заяву ўраду выданьне Il Foglio.
Расейская амбасада скрытыкавала італьянскі ўрад за гэтую заяву, заявіўшы, што ў ёй «мала дыпляматыі». Расейскую пазыцыю падтрымаў ультраправы палітык, кіраўнік «Лігі Поўначы» Матэа Сальвіні, які выказаўся ў духу, блізкім да цяперашняй пазыцыі МАК і МПК, — маўляў, Алімпіяда і Паралімпіяда дазваляюць аднавіць атмасфэру сяброўства і даюць магчымасьць спаборнікам з розных частак сьвету змагацца пад сваімі сьцягамі.
За тры дні да цырымоніі адкрыцьця Паралімпіяды пра дэмарш заявілі ў Нямеччыне. Нямецкая асацыяцыя спорту інвалідаў (DBS) прыняла рашэньне ня ўдзельнічаць ва ўрачыстым праходзе атлетаў, а міністарка ў справах спорту і валянтэрства Крыстыянэ Шэндэрляйн пастанавіла ня ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцьця. Аднак яна ўсё яшчэ мерыцца прысутнічаць на спаборніцтвах у час Гульняў, як і спартоўцы, паведаміла яна ў сваёй заяве. Ня возьмуць удзелу ў цырымоніі адкрыцьця таксама прадстаўнікі ўрадаў Харватыі і Літвы, пра што яны сказалі ў адмысловых заявах.
Спачатку было вядома, што цалкам збайкатуюць цырымонію адкрыцьця дэлегацыі дзьвюх краін — Украіны і Эстоніі. Затым да іх дадаліся Чэхія, Фінляндыя, Латвія, Нідэрлянды, Канада, Нямеччына, Харватыя і Літва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры эўрапейскія краіны адмовіліся трансьляваць адкрыцьцё Паралімпіяды праз допуск на яе беларусаў і расейцаўПазыцыя Ўкраіны
У авангардзе пратэсту супраць удзелу Беларусі і Расеі пад дзяржаўнымі сьцягамі і наагул супраць удзелу атлетаў з гэтых краін выступае Ўкраіна, якая цярпіць ад вайны ўжо пяты год. Больш за тое, украінскі бок упэўнены, што паралімпійцаў дзьвюх краін дапусьцілі да Алімпіяды насуперак спартоваму прынцыпу.
Прэзыдэнт Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Ўкраіны Валерый Сушкевіч раней у інтэрвію Ўкраінскай службе Радыё Свабода заявіў, што расейскія і беларускія спартоўцы не прайшлі кваліфікацыі на спаборніцтвы.
«Перад Паралімпіядай яны былі бяз права ўдзелу канкрэтных спартоўцаў. Калі 16 лютага Міжнародны паралімпійскі камітэт даў шэсьць месцаў, гэта значыць фактычна ліцэнзіяў, Расеі і чатыры — Беларусі, ён выратаваў суб’ектаў расейскага паралімпійскага руху. І беларускага», — сказаў Сушкевіч.
Кіраўнік украінскіх паралімпійцаў лічыць, што сваім рашэньнем МПК парушыў уласныя правілы, хоць прадстаўнікі 36 краін падалі заяўкі на магчымасьць атрыманьня спэцыяльных запрашэньняў. Звычайна такія запрашэньні даюць тым краінам, якія дэбютуюць у Паралімпіядзе або ў якіх канкрэтны від спорту недастаткова разьвіты.
Пра сытуацыю выказаўся нават міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга. Напярэдадні Паралімпіяды Сыбіга асобна падзякаваў краінам, якія адмовіліся браць удзел у цырымоніі адкрыцьця, і заявіў, што рашэньне аб допуску расейцаў і беларусаў можа нанесьці непапраўную шкоду паралімпійскаму руху.
«Рашэньне ігнаруе відавочную праўду: гэтыя сьцягі і гімны прадстаўляюць рэжымы, якія вядуць агрэсію, зьнішчаюць гарады і выкарыстоўваюць спорт як зброю для прапаганды. Іх нельга адасобіць ад злачынстваў, учыненых пад іхным сьцягам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея і Беларусь атрымалі ліцэнзіі на Паралімпіяду без адбору, заявіў кіраўнік украінскага паралімпійскага камітэтуПры гэтым байкатаваць Алімпіяду ўкраінцы ня будуць. Сушкевіч адзначыў, што няўдзел украінцаў у Паралімпіядзе быў бы «перамогай Пуціна», а таму ўкраінскія паралімпійцы паляцяць у Італію і не адмовяцца ад удзелу, нягледзячы на абуральнае для Кіева рашэньне МПК.
Удзел расейцаў і беларусаў у Гульнях — не адзіная прычына для Ўкраіны быць незадаволенымі працай МПК. У Італію ўкраінцы плянавалі прыляцець у адмысловых куртках з выяваю абрысаў мяжы сваёй дзяржавы. Відавочна, з анэксаваным расейцамі Крымам і акупаванымі сёньня тымі ж расейцамі ўсходнімі часткамі краіны, гэта значыць, мяжы 1991 году.
«Расейцам дазволілі выступаць пад сваім сьцягам, а ўкраінцам забаранілі паказваць сваю тэрыторыю. Гэта проста абсурд», — сказаў дарадца міністра абароны Ўкраіны Сяргей Сьцярненка.
Украінскія паралімпійкі ў строях, якіх не дапусьцілі да Паралімпіяды арганізатары
Украінцам давялося тэрмінова шыць і высылаць самалётам у Італію новыя строі з прычыны забароны старых.
Зімовыя Паралімпійскія гульні ў Міляне і Картыне д’Ампэцца адбудуцца 6–15 сакавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ўпершыню з 1998 году засталіся без алімпійскіх мэдалёў у фрыстайле