Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёра беларускіх спартоўцаў могуць выступіць на Паралімпіядзе-2026 зь дзяржаўнай сымболікай

Беларускія паралімпійцы Сьвятлана Саханенка, Юры Голуб, Дзьмітры Лобан, Лідзія Графеева. Менск, 2018
Беларускія паралімпійцы Сьвятлана Саханенка, Юры Голуб, Дзьмітры Лобан, Лідзія Графеева. Менск, 2018

У Міляне і Картыне д’Ампэцца працягваюцца зімовыя Алімпійскія гульні. Паралімпійскія гульні пачнуцца там жа 6 сакавіка.

Расейскія і беларускія спартоўцы змогуць выступіць з сымболікай сваіх дзяржаваў на Паралімпійскіх гульнях 2026 году ў італьянскіх Міляне і Картыне д’Ампэцца, паведаміў партал RFI з спасылкай на Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК).

Удакладняецца, што Расею на Паралімпіядзе могуць прадставіць шэсьць атлетаў, Беларусь — чатыры. Але незразумела, ці будзе хто-небудзь зь іх сапраўды ўдзельнічаць, піша dpa.

Беларусы могуць выступіць у лыжных гонках, расейскія — у горных лыжах, лыжных гонках і сноўбордзе. Паралімпійскія гульні пройдуць з 6 па 15 сакавіка.

23 кастрычніка 2025 году МПК выпусьціў паведамленьне, зь якога вынікала, што беларускія і расейскія спартсмэны ня змогуць узяць удзел у Паралімпійскіх гульнях, якія пройдуць у Італіі 6–15 сакавіка 2026 году, піша Позірк.

Адзначалася, што раней МПК дазволіў атлетам дзьвюх краін удзельнічаць у Паралімпіядзе, аднак кваліфікацыйныя спаборніцтвы праходзяць пад эгідай адпаведных міжнародных фэдэрацыяў — лыжнага спорту і сноўборду, біятлёну, кэрлінгу і парахакею.

МПК зьвяртаў увагу, што тры першыя фэдэрацыі працягнулі адхіленьне беларусаў і расейцаў ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай. Усясьветная фэдэрацыя парахакею паведаміла, што ў зборнай РФ «няма магчымасьці кваліфікавацца» на Паралімпіяду, у Беларусі ж «няма каманды ў парахакеі, якая выступае на міжнародным узроўні».

Паводле прэзыдэнта МПК Эндру Парсанса, арганізацыя «цалкам паважае рашэньне кожнай міжнароднай фэдэрацыі наконт відаў спорту, якімі яна кіруе».

«Пазыцыя фэдэрацыяў лыжнага спорту і сноўборду, біятлёну і кэрлінгу цяпер азначае, што спартоўцы і каманды зь Беларусі і Расеі ня могуць удзельнічаць у сваіх спаборніцтвах, што пазбаўляе іх магчымасьці прайсьці кваліфікацыю на зімовыя Паралімпійскія гульні 2026 году», — сказаў Парсан.

21 кастрычніка мінулага году Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту і сноўборду (FIS) не дапусьціла беларускіх і расейскіх спартоўцаў да кваліфікацыйных алімпійскіх спаборніцтваў пад сваёй эгідай. Пад эгідай FIS праводзяцца спаборніцтвы ў лыжных гонках, горных лыжах, фрыстайле і сноўбордзе.

Гэтае рашэньне беларускі бок апратэставаў у Спартовым арбітражным судзе ў Лязане (CAS). 2 сьнежня CAS абвясьціў аб частковым задавальненьні апэляцыі.

На сэсіі Генэральнай асамблеі МПК 27 верасьня ў Сэуле (Паўднёвая Карэя) большасьць арганізацыяў — чальцоў камітэту прагаласавала за аднаўленьне поўных правоў і прывілеяў паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і РФ.

На зімовай Паралімпіядзе 2022 году ў Пэкіне Беларусь і РФ не выступалі праз разьвязаную Масквой пры падтрымцы Менску вайну ва Ўкраіне.

У летніх Паралімпійскіх гульнях, якія прайшлі ў Парыжы з 28 жніўня па 8 верасьня 2024 году, удзельнічалі ў нэйтральным статусе восем беларускіх спартоўцаў. Пяць залатых узнагародаў выйграў Ігар Бокі, адну — Ягор Шчалканаў, сярэбраны мэдаль выйграў Дзьмітры Салей.

29 жніўня стала вядома аб затрыманьні ў крымінальнай справе шматгадовага старшыні Паралімпійскага камітэту Беларусі, кіраўніка Беларускага таварыства інвалідаў зроку (БелТІЗ) Алега Шэпеля.


XS
SM
MD
LG