Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры эўрапейскія краіны адмовіліся трансьляваць адкрыцьцё Паралімпіяды праз допуск на яе беларусаў і расейцаў

Беларускія паралімпійцы, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтвах 2018 году. Ілюстрацыйнае фота
Беларускія паралімпійцы, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтвах 2018 году. Ілюстрацыйнае фота

Літоўскае нацыянальнае радыё і тэлевізія (LRT) ня будзе трансьляваць цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця зімовых Паралімпійскіх гульняў у Італіі, бо да спаборніцтваў дапушчаныя беларускія і расейскія спартоўцы пад іхнымі дзяржаўнымі сьцягамі.

Як адзначаецца ў заяве LRT, гэтае рашэньне ўхвалена супольна з грамадзкімі трансьлятарамі Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі.

«Мы ня можам пагадзіцца з рашэньнем Міжнароднага паралімпійскага камітэту дазволіць спартоўцам Расеі і Беларусі спаборнічаць пад сьцягамі сваіх краін і далучаемся да ініцыятывы трансьлятараў краін Балтыі не трансьляваць цырымонію адкрыцьця», — працытаваў заяву намесьнік генэральнага дырэктара LRT Гіціс Аганаўскас.

Пасьля ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе спартоўцам Расеі і Беларусі забаранілі ўдзел у Паралімпійскіх гульнях таго ж году, хоць праз два гады ім дазволілі спаборнічаць у якасьці нэўтральных спартоўцаў на летніх Паралімпійскіх гульнях у Парыжы.

У канцы лютага Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) дазволіў шасьці расейскім і чатыром беларускім спартоўцам удзельнічаць у гульнях 2025 году ў Італіі пад дзяржаўнымі сьцягамі.

У Параліміпійскіх гульнях возьмуць удзел 665 спартоўцаў з розных краін сьвету. Яны разыграюць 79 камплектаў мэдалёў. Зімовыя Паралімпійскія гульні ў Міляне і Картыне д’Ампэцца адбудуцца 6–15 сакавіка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG