Паводле яго, МПК даў расейцам максымальна магчымую колькасьць запрашэньняў.
«Перад Паралімпіядай яны былі бяз права ўдзелу канкрэтных спартоўцаў. Калі ў гэты панядзелак (16 лютага) Міжнародны паралімпійскі камітэт даў шэсьць слотаў, гэта значыць фактычна ліцэнзій Расеі і чатыры Беларусі, ён выратаваў суб’ектаў расейскага паралімпійскага руху і беларускага», — сказаў Сушкевіч.
Кіраўнік украінскіх паралімпійцаў лічыць, што сваім рашэньнем МПК парушыў уласныя правілы, хоць прадстаўнікі 36 краін падалі заяўкі на магчымасьць атрыманьня спэцыяльных запрашэньняў.
«Гэтыя месцы даюцца ў першую чаргу тым краінам, якія зьяўляюцца дэбютантамі або дзе гэты від спорту недастаткова разьвіты. І гэта, у прынцыпе, падтрымка такіх краін для разьвіцьця зімовых паралімпійскіх відаў спорту ў іх краінах. І другі прынцып (быў парушаны) — даць гэтыя месцы тым краінам, у якіх ёсць маладыя спартоўцы, якія пачынаюць свой шлях у зімовых паралімпійскіх відах спорту. І Расея, і Беларусь — даўнія краіны, якія спаборнічаюць у зімовых відах спорту. Таму... не было ніякіх падстаў даць гэтыя месцы Расеі і Беларусі», — лічыць прэзыдэнт Нацыянальнага паралімпійскага камітэту Украіны.
Нацыянальны паралімпійскі камітэт Украіны заявіў, што паралімпійская зборная Украіны і сам камітэт будуць байкатаваць цырымонію адкрыцьця XIV зімовых Паралімпійскіх гульняў і патрабуюць, каб там не выкарыстоўваўся ўкраінскі сьцяг.
Пра намер байкатаваць цырымонію адкрыцьця Паралімпіяды ўжо заявілі прадстаўнікі Літвы, Польшчы і Чэхіі.
Міжнародны паралімпійскі камітэт абвясьціў на гэтым тыдні, што шасьці расейцам і чатыром беларусам будзе дазволена спаборнічаць пад сваімі дзяржаўнымі сьцягамі на Паралімпійскіх гульнях у Італіі. Урад Італіі выказаў сваю нязгоду з гэтым рашэньнем і заклікаў Міжнародны паралімпійскі камітэт перагледзець яго.
Зімовыя Паралімпійскія гульні пройдуць з 6 па 15 сакавіка.
Пасьля маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе расейскім і беларускім спартоўцам дазволілі ўдзельнічаць у Алімпіядзе толькі ў якасьці «нэўтральных» спартоўцаў.
Форум