Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча будзе байкатаваць адкрыцьцё Паралімпіяды праз допуск беларусаў і расейцаў пад дзяржаўнымі сьцягамі

Беларускія паралімпійцы, якія ўдзельнічалі ў змаганьнях у 2018 годзе. Архіўнае фота
Беларускія паралімпійцы, якія ўдзельнічалі ў змаганьнях у 2018 годзе. Архіўнае фота

Дэлегацыя Міністэрства спорту і турызму Польшчы ня будзе ўдзельнічаць у адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў у Мілане (Італія) праз допуск да іх беларусаў і расейцаў пад дзяржаўнымі сьцягамі.

«У сувязі з дазволам Міжнароднага паралімпійскага камітэту расейскім і беларускім спартоўцам змагацца на XIV зімовых Паралімпійскіх гульнях у Мілане і Картыне д’Ампэцца з выкарыстаньнем іх нацыянальнай сымболікі, прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму Польшчы ня будуць удзельнічаць у цырымоніі адкрыцьця гульняў. Ва ўмовах расейскай агрэсіі, якая працягваецца супраць Украіны, удзел спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў спартовых змаганьнях з выкарыстаньнем іх сьцягоў і гімнаў зьяўляецца абсалютна непрымальным», — адзначаецца ў паведамленьні міністэрства на плятформе X.

З заклікам байкатаваць цырымонію адкрыцьця Паралімпійскіх гульняў выступіў і камісар Эўразьвязу ў пытаньнях спорту Глен Мікалеф.

«Я падтрымліваю паралімпійцаў і ўсё, што яны прадстаўляюць. Аднак спачатку дазволіць Расеі і Беларусі вярнуцца, а цяпер даць ім „дзікую карту“ і прыскорыць іх удзел без кваліфікацыі? Гэта непрымальна», — заявіў Мікалеф.

Паводле яго, пакуль вайна працягваецца нельга падтрымліваць аднаўленьне выкарыстаньня нацыянальных сьцягаў і гімнаў, якія немагчыма адасобціь ад гэтага канфлікту.

«З гэтай прычыны я ня буду прысутнічаць на цырымоніі адкрыцьця Паралімпійскіх гульняў», — адзначыў эўракамісар.

Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга заявіў, што рашэньня аб допуску расейцаў і беларусаў «ігнаруе простую ісьціну: гэтыя сьцягі і гімны прадстаўляюць рэжымы, якія вядуць агрэсію, зьнішчаюць гарады і выкарыстоўваюць спорт як зброю для прапаганды. Іх нельга адасобіць ад злачынстваў, учыненых пад іхным сьцягам».

Міжнародны паралімпійскі камітэт (МПК) дапусціў шэсьць расейскіх і чатырох беларускіх спартоўцы да ўдзелу ў Паралімпійскіх гульнях 2026 году пад сымболікай сваіх дзяржаваў.

Беларусы могуць выступіць у лыжных гонках, расейскія — у горных лыжах, лыжных гонках і сноўбордзе. Паралімпійскія гульні пройдуць з 6 па 15 сакавіка.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG