Цяпер і дзьве службы эвакуацыі. Што зьменіцца для беларусаў пасьля падзелу каманды, якая працавала ў BySol

Ілюстрацыйнае фота

Расказваем, чаму ўтварыліся дзьве службы эвакуацыі — фонду BySol і ProEvac — і што зьменіцца для людзей, якім трэба дапамога.

2 сакавіка стала вядома, што служба эвакуацыі, якая пяць гадоў вывозіла людзей з Беларусі зь Беларусі, ратуючы іх ад палітычнага перасьледу, падзялілася на дзьве каманды.

Рэформы ў фондзе

Службу эвакуацыі BySol стварылі два чалавекі, якія ў канцы 2020 году самі ўцяклі зь Беларусі лясамі. Яны вырашылі дапамагаць іншым людзям, якім пагражае турма «за палітыку», выбірацца з краіны. Гэта была прыватная ініцыятыва. Іхныя імёны публічна невядомыя. Спачатку заснавальнікі называлі сябе нікамі «Фёдар» і «Паша». Неўзабаве, у 2021 годзе, іхная служба эвакуацыі стала супрацоўнічаць з фондам беларускай салідарнасьці BySol. Яны прэзэнтавалі сябе як служба эвакуацыі BySol.

«Каманду эвакуацыі стварылі ў 2021 годзе як незалежную ініцыятыву. У тым жа годзе мы сталі супрацоўнічаць з BySol пры захаваньні пэўнай аўтаномнасьці», — расказалі Свабодзе супрацоўнікі службы эвакуацыі, якія цяпер выйшлі з BySol (яны не называюць сваіх імёнаў дзеля бясьпекі. — РС).

«У студзені 2021 году да мяне прыйшлі прадстаўнікі ініцыятывы, што на той момант ужо займаліся дапамогай у выезьдзе зь Беларусі тым, хто знаходзіцца пад пагрозай арышту і забаронай на выезд. У калегаў былі напрацоўкі, інструмэнт і разуменьне, як працаваць з праблемай. Мы дамовіліся аб супрацы, што дапамагло выратаваць ад турмы тысячы чалавек. Знайшлі разам зь Лёшам Лявончыкам грошы на працу каманды эвакуацыі», — згадаў былы кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак у сваім Facebook.

Так было да 1 сакавіка гэтага году. 2 сакавіка стала вядома, што частка каманды перайшла ў асобную ініцыятыву ProEvac, а частка працягне працаваць пры фондзе BySol.

Як расказалі Свабодзе ў сьвежастворанай ініцыятыве ProEvac, з BySol пайшлі заснавальнікі каманды эвакуацыі, «якія маюць вялікі практычны досьвед і высокую экспэртнасьць у справе тэрміновай эвакуацыі людзей».

Яны адзначылі, што сыходзяць не з прычыны канфлікту, а праз рэформы ўнутры фонду.

«У сувязі з рэформамі ўнутры арганізацыі мы палічылі стратэгічна слушным працягнуць разьвіцьцё па-за BySol», — кажуць супрацоўнікі каманды эвакуацыі ProEvac.

Пры гэтым суразмоўцы не ўдакладнілі, пра якія менавіта рэформы вядзецца.

Прадстаўнік фонду BySol Зьміцер Ягораў расказаў Свабодзе, што рэформы ў арганізацыі скіраваныя на «упарадкаваньне працэсаў, увядзеньне палітык і рэглямэнтаў, стандартызацыю працы, асабліва там, дзе гэтага бракавала».

«Крызіс, выкліканы паводзінамі Стрыжака, паказаў, чаму ў арганізацыі ня можа быць усё „завязана на аднаго чалавека“; калі мы хочам быць устойлівай арганізацыяй, мы ня можам пакладацца толькі на джэнтэльмэнскія пагадненьні, вусныя дамоўленасьці. Нам важная стандартызацыя ў падыходах — гэта пра бясьпеку і прафэсіяналізм. Пры ініцыяваньні такіх зьменаў у камандзе эвакуацыі яе частка вырашыла, што хоча займацца працай па-за BySol», — патлумачыў Ягораў.

Зьміцер Ягораў

Частка службы эвакуацыі засталася працаваць пры BySol. Яна працягне працаваць як і раней, адзначылі ў BySol.

Былы кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак зазначыў, што ён не зьяўляецца прадстаўніком новай ініцыятывы ProEvac.

«Аднак у межах сваіх сёньняшніх магчымасьцяў я буду дапамагаць сваім калегам па „эваку“, бо лічу іх прафэсіяналамі сваёй справы, нягледзячы на назву структуры, ў якой яны працуюць», — напісаў Стрыжак у Facebook.

Ён удакладніў у камэнтары Свабодзе, што «ўзровень і характар магчымай каапэрацыі пакажа будучыня».

Куды зьвяртацца па дапамогу з эвакуацыяй

Кожная з камандаў службаў эвакуацыі мяркуе, што эфэктыўнасьць іхнай дапамогі не пагоршыцца пасьля разьдзяленьня. У абедзьвюх формах звароту да гэтых ініцыятываў пытаньні падобныя. Пры звароце да кожнай з ініцыятываў па дапамогу ў чалавека запытаюць дакумэнты, якія пацьвярджаюць рэпрэсіі супраць яго ў Беларусі.

ProEvac

Ранейшая форма заяўкі на эвакуацыю засталася ў каманды ProEvac. Яны стварылі ўласныя акаўнты ў сацыяльных сетках: Instagram, Facebook, Telegram. Напісаць наўпрост па кансультацыю можна ў Telegram: «Фёдар» — @dogen_free, «Паша» — @evac_help.

Ілюстрацыйнае фота

«Для нас і для людзей нічога не зьмянілася. Мы працягваем аказваць дапамогу людзям, якія апынуліся пад рэпрэсіямі. Эфэктыўнасьць не пагоршыцца дакладна, а ці палепшыцца — гэта ўсё будзе залежаць толькі ад нас саміх! У першую чаргу эфэктыўнасьць — гэта досьвед ды веды супрацоўнікаў. Мы ўпэўненыя, што якасьць будзе толькі паляпшацца», — пракамэнтавалі Свабодзе гэтыя зьмены супрацоўнікі каманды эвакуацыі ProEvac.

Служба эвакуацыі BySol

Каб зьвярнуцца па дапамогу з эвакуацыяй да фонду BySol, трэба запоўніць новую форму. Яе можна знайсьці на сайце фонду bysol.org: трэба націснуць на кнопку «Атрымаць дапамогу» і выбраць разьдзел «Эвакуацыя».

«За бясьпеку дадзеных адказвае нашая арганізацыя», — адзначыў прадстаўнік BySol Зьміцер Ягораў.

Ён дадаў, што яны плянуюць, як і раней, аказваць дапамогу ў эвакуацыі. У бліжэйшыя месяцы BySol хоча ўзмацніць службу новымі спэцыялістамі, кірунак застанецца прыярытэтным.

«Нармальная колькасьць выездаў на месяц — менш за 10. Гэта бываюць складаныя выезды, калі трэба ўкласьці шмат арганізацыйных высілкаў, а бываюць прасьцейшыя, дзе дастаткова дапамогі зь візай і інструкцыяў. У нашай каманды эвакуацыі дастаткова кампэтэнцый і сілаў, каб працягваць гэтую працу на такім узроўні», — адзначыў Ягораў.

Фінансаваньне службаў эвакуацыі

Прадстаўнік фонду BySol Зьміцер Ягораў расказаў Свабодзе, што чальцы каманды службы эвакуацыі BySol атрымлівалі і атрымліваюць заробкі ад фонду BySol.

«Пошук фінансаваньня, справаздачнасьць перад донарамі, улік і кантроль сродкаў, усе фармальнасьці забясьпечвае фонд. Каманда эвакуацыі займалася і займаецца ўласна ратаваньнем людзей, эвакуацыяй», — адзначыў ён.

У 2024 годзе прадстаўнікі службы эвакуацыі расказвалі Свабодзе, што яны атрымліваюць ганарар за сваю дзейнасьць дзякуючы донарам, але за гэтыя сумы можна сябе ўтрымліваць толькі мінімальна, таму многія маюць дадатковую працу.

«На гэты момант сталага фінансаваньня ў нас няма. Але гэта ніякім чынам не адаб’ецца на якасьці нашай дапамогі. Падтрымаць нас можна праз плятформу Buy Me а Coffee», — пракамэнтавалі Свабодзе супрацоўнікі каманды службы эвакуацыі ProEvac.

Як паведаміў прадстаўнік BySol Зьміцер Ягораў, з 2021 году па пачатак 2026 служба эвакуацыі атрымала 2687 заявак.

«З нашаю дапамогаю была праведзена 1271 эвакуацыя. Мы ня можам сказаць дакладна, колькі гэта асобаў, бо ў кожным выпадку мог быць як адзін чалавек, так і, напрыклад, сям’я», — заўважыў ён.

Дзейнасьць службы эвакуацыі прызналі праваабарончай ініцыятывай 2023 году.