Менскі гарадзкі суд вынес прысуд чатыром жыхарам Менску, якія, паводле сьледзтва, былі кур’ерамі фонду BySol. Ім інкрымінавалі ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні), даведалася Вясна.
Таксама адной з фігурантак справы дадаткова выставілі абвінавачваньне паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
Паводле сьледзтва, фігуранты справы былі кур’ерамі ініцыятывы BySol— «у іхныя задачы ўваходзіла атрыманьне і перадача грошай іншым удзельнікам фармаваньня, іх разьмеркаваньне на патрэбы ўдзельнікаў незаконнай пратэставай і экстрэмісцкай дзейнасьці».
Двум фігурантам справы прызначылі па 2 гады пазбаўленьня волі, яшчэ аднаму — 3 гады. Жанчыне, якой дадаткова інкрымінавалі ўдзел у пратэстах, прызначылі 3 гады пазбаўленьня волі. Іх імёны не называюцца.
Таксама фігуранты справы павінны сплаціць па 500 базавых велічыняў штрафу. Гэта па 22,5 тысячы рублёў кожны.
Фонд запярэчвае: ня маем ніякіх кур’ераў
Пры гэтым у BySol адзначылі, што сілавікі схлусілі адносна тых, хто атрымаў турэмныя тэрміны за «кур’ерскую працу».
«Нашая арганізацыя не карыстаецца кур’ерамі для перадачы грошай унутры Беларусі», — заявіў прадстаўнік фонду Зьміцер Ягораў у камэнтары «Эўрарадыё».
«Мы робім усё, каб не падвяргаць людзей небясьпецы. Тое, што ў Менску асудзілі чатырох чалавек, прыпісваючы ім ролю кур’ераў BySol — прыклад пошуку палітычных ворагаў ды хлусьні з боку сілавікоў. Гэтыя людзі асуджаныя несправядліва і з палітычных матываў. Яны ніколі не былі кур’ерамі BySol, з простай прычыны — BySol ніколі ня меў кур’ерскай сеткі ў Беларусі».
Форум