У Смаленскай вобласьці 25 лютага адбыўся выбух на буйным прадпрыемстве, якое вырабляе аміячную салетру. Пра тое, што адбываецца ў Смаленскай вобласьці пасьля паветранага ўдару па хімічным прадпрыемстве, расказала Расейская служба Радыё Свабода.
Раніцай 25 лютага бесьпілётнікі (БПЛА) атакавалі Смаленскую вобласьць. У выніку ўдараў па прадпрыемстве «Дарагабуж», якое вырабляе аміяк і салетру, загінулі сем супрацоўнікаў заводу. Жыхары Дарагабужа і навакольных вёсак у першыя ж гадзіны пасьля нападу раскупілі ваду ў бутэльках і прадукты першай патрэбы.
Губэрнатар вобласьці Васіль Анохін паабяцаў эвакуаваць жыхароў. Але вечарам 25 лютага ніякай эвакуацыі арганізавана не было, паведамляе праект Расейскай службы Радыё Свабода Север. Реалии.
Пажар на заводзе «Дарагабуж». 25 лютага 2026 году
Жыхары Дарагабужа і бліжэйшых да заводу вёсак Палібіна і Нова-Міхайлаўка расказваюць, што атака пачалася паміж 4:30 і 5 гадзінамі раніцы 25 лютага. Мясцовыя жыхары расказвалі пра пажар і палёты дронаў, пра тое, што ўсе дарогі, якімі можна было ўцячы ад небясьпекі, былі перакрытыя.
Пазьней Сьледчы камітэт Расеі і губэрнатар Смаленскай вобласьці пацьвердзілі, што каля 30 дронаў з выбуховымі прыладамі атакавалі прадпрыемства «Дарагабуж». Завод знаходзіцца за 120 кілямэтраў на ўсход ад Смаленску і прыкладна за сто кілямэтраў ад Вязьмы. Да Беларусі — каля 180 кілямэтраў. Афіцыйна гэтае прадпрыемства вырабляе мінэральныя ўгнаеньні.
Аднак аміячная салетра, названая ў пераліку вытворчых магчымасьцяў прадпрыемства, выкарыстоўваецца ў тым ліку для вырабу выбуховых рэчываў. Публічнае акцыянэрнае таварыства «Дарагабуж» уваходзіць у групу кампаніяў «Акрон», 94% акцыяў якой валодае мільярдэр Вячаслаў Кантар.
Пракуратура Смаленскай вобласьці паведамляе аб пажарах наступнае: «Пры падзеньні абломкаў БПЛА на тэрыторыю заводу адбылося ўзгараньне. Пашкоджаныя элемэнты інфраструктуры, будынак пажарнай часткі, спэцтэхніка».
«Загінулі сем чалавек. Дзесяць атрымалі раненьні. Усе пацярпелыя — супрацоўнікі прадпрыемства», — паведамляе сьледчы камітэт вобласьці.
Жыхары Дарагабужа прызнаюцца, што баяцца заставацца ў родным горадзе, але абяцанай эвакуацыі няма. З крамаў зьніклі вада і ежа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гомельцы паведамілі аб палёце дрона і верталёта над горадам. Вайсковы камісар супакойвае людзей ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне новыя ахвяры расейскіх абстрэлаў. У Смаленскай вобласьці пашкоджаны хімзавод, ёсьць загінулыя