Ва Ўкраіне новыя ахвяры расейскіх абстрэлаў. У Смаленскай вобласьці пашкоджаны хімзавод, ёсьць загінулыя

абноўлена
Наступствы расейскага ўдару па Запарожжы 24 лютага 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы расейскага ўдару па Запарожжы 24 лютага 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Расейскія войскі ў ноч на 25 лютага атакавалі Ўкраіну 115 ударнымі дронамі. Папярэдне, паводле апэратыўнага камандаваньня Паветраных сілаў Украіны, сродкі супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць 95 расейскіх бесьпілётнікаў.

Зафіксавалі пацэльваньне 18 дронаў па 11 лякацыях. Расейскія войскі атакавалі жылы сэктар і інфраструктуру. Ёсьць загінулыя і параненыя.

Ва Ўкраіне ад абстрэлаў загінулі сама меней пяць чалавек, больш за 10 параненыя

Чатыры чалавекі загінулі і яшчэ два атрымалі раненьні ў выніку расейскага абстрэлу Запароскага раёну. Там цалкам зьнішчаны жылы дом. Целы загінулых даставалі з-пад завалаў. Расейскія войскі нанесьлі 643 удары па 32 паселішчах Запароскай вобласьці. Абласныя ўлады атрымалі 218 паведамленьняў аб пашкоджаньні жыльля, аўтамабіляў і аб’ектаў інфраструктуры.

У Днепрапятроўскай вобласьці адзін чалавек атрымаў раненьні. Расейскія войскі атакавалі Нікапаль і Сінельнікаўскі раён, дзе пацярпелі сельскагаспадарчае прадпрыемства і прыватны дом.

У Херсонскай вобласьці расейцы білі па крытычнай і сацыяльнай інфраструктуры, а таксама па жылых кварталах. У выніку абстрэлаў пашкоджаныя тры шматпавярховыя дамы і 11 прыватных, воданапорная вежа, вышка сотавай сувязі, газаправод, гаспадарчая пабудова і асабістыя аўтамабілі. Адзін чалавек загінуў, 11 атрымалі раненьні.

Украінскія сілы атакавалі Смаленскую вобласьць

Украінскія і расейскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што ў ноч на 25 лютага сілы абароны Ўкраіны атакавалі расейскі хімічны завод у горадзе Дарагабуж Смаленскай вобласьці.

Паводле Расейскай службы Радыё Свабода, некаторыя з Telegram-каналаў, у прыватнасьці Mash, напісалі, што ў выніку атакі загінулі чатыры чалавекі, тры зь іх — супрацоўнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Расеі. Яшчэ чатыры чалавекі нібыта атрымалі раненьні.

Паводле Міністэрства абароны Расеі, у ноч на 25 лютага над Смаленскай вобласьцю зьбілі 14 бесьпілётнікаў.

Украінскія крыніцы, у тым ліку Exilenova+ і Supernova+, апублікавалі фота і відэа зь месца лучаньня, якія сапраўды пацьвярджаюць, што цэльлю быў хімічны завод «Дарагабуж» — на ім вырабляюць мінэральныя ўгнаеньні, а таксама аміячную салетру для вытворчасьці снарадаў.

Вайскоўцы Ўкраіны таксама пакуль не камэнтуюць гэтую інфармацыю.

Telegram-канал ASTRA зьвярнуў вагу, што ў мясцовых чатах зьявілася паведамленьне аб скасаваньні заняткаў ува ўсіх школах Дарагабужа.

Пазьней Сьледчы камітэт Расеі паведаміў, што ў выніку абстрэлу загінулі 7 чалавек і ня менш за 10 чалавек атрымалі раненьні. Пашкоджаньні атрымала інфраструктура прадпрыемства і пажарная частка. Паводле гэтага факту завялі крымінальную справу аб тэрарыстычным акце.

Згодна зь інфармацыяй Сьледчага камітэту Расеі, украінскія сілы атакавалі завод 30 ударнымі дронамі.

​
XS
SM
MD
LG