Наступствы расейскага ўдару па Ахтырцы Сумскай вобласьці ў сьнежні 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
У ноч на 18 лютага Расея ракетамі абстрэльвала населеныя пункты Ўкраіны на лініях баявога сутыкненьня і ўздоўж дзяржаўнай мяжы, а таксама атакавала дронамі тылавыя рэгіёны краіны.
Вынік абстрэлаў — шмат разбурэньняў і дзясяткі параненых.
Улады расейскіх рэгіёнаў заявілі аб пашкоджаньнях у выніку атакі ўкраінскіх сілаў.
У Сумскай вобласьці 16 параненых
Паводле ўладаў Сумскай вобласьці, у рэгіёне атрымалі раненьні 16 чалавек, у тым ліку 11 — у абласным цэнтры. Расейскія войскі атакавалі цывільную інфраструктуру — жылыя дамы і адміністрацыйныя будынкі, а таксама аб’екты транспартнай і крытычнай інфраструктуры.
У памежжы расейцы атакавалі цывільныя аўтамабілі. У Сумах пашкоджаныя шматкватэрныя дамы, выбітыя сотні вокнаў.
У Запароскай вобласьці ў выніку безупынных абстрэлаў загінуў адзін чалавек і сем параненыя. За апошнія 24 гадзіны, паводле абласных уладаў, расейцы нанесьлі 638 удараў па 40 населеных пунктах.
Рэгіён абстрэльвалі дронамі, а таксама з артылерыі й авіяцыі.
Улады атрымалі 136 паведамленьняў аб пашкоджаных жылых дамах, аўтамабілях і аб’ектах інфраструктуры.
Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў паведаміў, што ў выніку начнога ракетнага абстрэлу Белгарад і Белгарадзкая акруга зноў засталіся безь сьвятла.
«Ёсьць пашкоджаньні аб’ектаў энэргетычнай інфраструктуры. Іх маштаб будзе зразумелы ўдзень», — удакладніў ён. Паводле яго, папярэдне, ніхто не пацярпеў.
Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі аб пашкоджаньні ў Чабаксарах (Чувашыя) абароннага прадпрыемства «ВНИИР-Прогресс». Папярэдне вядома аб пажары на яго тэрыторыі.
Старшыня гарадзкога сходу дэпутатаў Ўладзімір Дабрахотаў пацьвердзіў толькі факт атакі бесьпілётнікаў на Наваюжны раён Чабаксараў і Чабаксарскую акругу. Але ён сьцьвярджае, што разбурэньняў капітальных будынкаў няма, зафіксавалі толькі пашкоджаньне аўтамабіляў. Пацярпелых таксама няма.
«Усе тэрміновыя і апэратыўныя службы працуюць на месцах. Бясьпецы жыхароў нічога не пагражае, сытуацыя пад кантролем», — заявіў Дабрахотаў.
Форум