Як паведаміў украінскі праект Каардынацыйнага штабу Ўкраіны ў абыходжаньні з ваеннапалоннымі «Хачу жыць», грамадзянін Польшчы прыехаў ва Ўкраіну, каб асабіста пераканацца, што на яе тэрыторыі ідзе вайна. Расейскія вайскоўцы выкралі яго ў 2023 годзе і вывезьлі ў Расею, дзе зьмясьцілі ў ізалятар № 2 у Таганрогу.
У апублікаваным праектам відэаматэрыяле вызваленыя з палону ўкраінцы расказалі, што расейскія турэмнікі вельмі ўзрадаваліся, што да іх трапіў сапраўдны паляк. Яго білі штодзень, прымушалі гаварыць па-польску, а калі ён пачынаў гаварыць, білі за тое, што ня можа размаўляць па-расейску.
Адзін з украінскіх вайскоўцаў расказаў, як пасьля чарговага пабіцьця да Кшыштафа выклікалі турэмнага лекара, а калі той пачаў яму перавязваць траўмаваную галаву, яго зноў пачалі біць і пагражаць, што Польшча будзе наступнай цэльлю расейскага ўварваньня.
Як вынікае з аповедаў украінцаў, 55-гадовы Кшыштаф Галяс памёр празь месяц пасьля ягонага знаходжаньня ў таганроскім СІЗА. Пасьля гэтага супрацоўнікі ізалятару прымушалі ягоных сукамэрнікаў падпісаць тлумачэньні, у якіх гаварылася, што ён памёр з «натуральных прычын».
Паводле праекту «Хачу жыць», польскія ўлады даведаліся аб гэтай гісторыі толькі праз два гады пасьля гібелі Кшыштафа Галяса. Яго цела дагэтуль не перадалі ў Польшчу, а ягоная сям’я так і не атрымала ніякіх афіцыйных пацьверджаньняў сьмерці Кшыштафа.
Рэжым у сьледчым ізалятары № 2 у Таганрогу — адзін з самых жорсткіх. Празь яго прайшлі шмат украінскіх палонных. У гэтым ізалятары ў свой час трымалі ўкраінскую журналістку Вікторыю Рошчыну, якая таксама загінула ад катаваньняў і жорсткага пабіцьця. 24 красавіка 2025 году стала вядома, што цела Вікторыі Рошчынай вярнулі ва Ўкраіну безь некаторых унутраных органаў.
Форум