Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельцы паведамілі аб палёце дрона і верталёта над горадам. Вайсковы камісар супакойвае людзей

абноўлена
Расейскі дрон «Герань» на парадзе ў Менску, 2024 год. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі дрон «Герань» на парадзе ў Менску, 2024 год. Ілюстрацыйнае фота

Інфармацыю пра гэта распаўсюдзіў гомельскі рэгіянальны сайт «Флагшток».

Раніцай 26 лютага жыхары Гомля паведамілі мясцоваму выданьню «Флагшток» аб пралёце дрона над горадам. Пры гэтым украінскія маніторынгавыя каналы апошнімі гадзінамі не фіксавалі ўварваньняў лётных апаратаў у паветраную прастору Гомельскай вобласьці.

Як перадае «Флагшток», дрон «выдае характэрны гук, падобны на гук мапэда». Паведамленьні пра гук паступалі «каля паўгадзіны з розных раёнаў Гомля», пісала выданьне ў 9:34.

Пазьней «Флагшток» дадаў, што «усьлед за чорным БПЛА» вайскоўцы «адправілі верталёт». Як перадае выданьне з спасылкай на зьвесткі візуальнага назіраньня, над Гомлем, імаверна, быў заўважаны дрон Shahed-136 («Герань»), які выкарыстоўвае Расея.

У 10:03 тэлеграм-канал «Говорит Гомель|Гомельщина», які зьвязваюць з упраўленьнем ідэалёгіі Гомельскага аблвыканкаму, апублікаваў допіс, у якім пералічаныя «меры бясьпекі пры выяўленьні дронаў». Выданьне ўдакладніла, што матэрыял абнародаваны «проста, каб ведаць».

«Неабходна захоўваць спакой і найперш прыняць меры для запэўненьня ўласнай бясьпекі. Калі дазваляе час, схавацца ў капітальным будынку далей ад вокнаў і шкляных вітрын або схавацца за дрэвамі з густой кронай», — гаворыцца ў пасьце.

Выданьне таксама папярэдзіла аб крымінальнай адказнасьці за «любую здымку і публікацыю фота і відэа перамяшчэньняў вайсковай тэхнікі, вайскоўцаў або вайсковых аб’ектаў».

Журналіст «Люстэрка» пад выглядам звычайнага грамадзяніна датэлефанаваўся да вайсковага камісара Гомельскага раёна Аляксандра Пазьнякова, каб высьветліць сытуацыю.

— Гэта заняткі ідуць, — адказаў вайсковец.

— Нашы нешта запускаюць? — удакладніў журналіст.

— Так.

— Гэта будзе ўвесь дзень? Калі гэта скончыцца?

— Не хвалюйцеся, усё ў парадку.

— Гэта значыць, вы ведаеце, усё пад кантролем?

— Так-так-так.

Адзін з украінскіх маніторынгавых каналаў а 1:22 начы паведаміў, што адзін расейскі дрон пасьля ўзьдзеяньня на яго сродкамі радыёэлектроннай барацьбы паляцеў у кірунку Мазыра. «Ужо без пагрозы для Ўкраіны, лятае ўжо над Рэспублікай Беларусь», — адзначаецца ў паведамленьні.

У ноч на 26 лютага расейскія войскі атакавалі тылавыя рэгіёны Ўкраіны адначасова з прыфрантавымі. Для ўдару гэтым разам выкарысталі і баявыя дроны, і ракеты.

Найбольш параненых — у Харкаўскай, Запароскай і Днепрапятроўскай вобласьцях.

Сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны змаглі зьбіць 374 бесьпілётнікі і 32 ракеты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG