Прэзыдэнты Украіны і ЗША Ўладзімір Зяленскі і Дональд Трамп позна ўвечары 25 лютага абмеркавалі пытаньні да чарговага раўнду перамоў паміж Расеяй і Ўкраінай, якія адбудуцца 26 лютага ў Жэнэве.
«Былі на званку таксама прадстаўнікі прэзыдэнта Трампа — Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнэр. Зараз нашы каманды шмат працуюць, і я падзякаваў за ўсе намаганьні і такі ўдзел у перамовах, у рабоце для завяршэньня вайны», — паведаміў Уладзімір Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны дадаў, што, дзякуючы праграме PURL, украінскі бок можа набываць ракеты для сыстэм супрацьпаветранай абароны, а гэта дапамагае праходзіць «найбольш складаную зіму» і абараняць мірных жыхароў.
Паводле яго, абмеркавалі таксама падрыхтоўку да сустрэчы ў пачатку сакавіка, якая адбудзецца ў трохбаковым фармаце.
«Разьлічваем, што яна дасьць магчымасьць перайсьці да перамоў на ўзроўні лідэраў. Прэзыдэнт Трамп падтрымлівае такую пасьлядоўнасьць крокаў. Толькі так можна вырашыць усе складаныя і адчувальныя пытаньні і нарэшце закончыць вайну», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Тэрыторыі і палітычная воля
Чакаецца, што перамовы ў Жэнэве будуць сканцэнтраваныя на пакеце мер для аднаўленьня эканомікі Ўкраіны, а таксама на падрыхтоўцы да магчымага трохбаковага саміту з Расеяй ужо ў сакавіку.
Дыпляматычны манэўр, як паведаміла Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, адбываецца на тле цьвярозай ацэнкі Кіева фундамэнтальных разыходжаньняў паміж варожымі бакамі.
Па выніках сустрэчы з прэм’ер-міністрам Нарвэгіі Ёнасам Гарам Стэрэ, Зеленскі назваў «палітычную волю» і «тэрытарыяльную цэласнасьць» асноўнымі тэмамі рознагалосьсяў.
«Праблема ў палітычнай волі спыніць гэтую вайну і пытаньні тэрыторый», — сказаў Зяленскі. Прызнаючы жаданьне адміністрацыі Трампа хутка завяршыць канфлікт, ён выказаў скептыцызм наконт таго, што рабочыя групы ніжэйшага ўзроўню змогуць вырашыць найбольш спрэчныя пытаньні.
«Я ня ўпэўнены, што (26 лютага) ў нас будзе менавіта такі вынік па тэрыторыях», — сказаў ён і дадаў, што такія прарывы могуць адбыцца на ўзроўні лідэраў.
Нягледзячы на тое, што Кіеў прадэманстраваў прагматычную гатоўнасьць разгледзець пытаньне аб спыненьні баявых дзеяньняў уздоўж цяперашніх ліній кантролю, ва Ўкраіне падкрэсьлілі, што любое спыненьне агню павінна быць падмацавана «жалезнымі» гарантыямі бясьпекі з боку Вашынгтона і эўрапейскіх саюзьнікаў.
Аднак Масква працягвае патрабаваць ад Украіны адмовы ад дадатковых тэрыторый у Данецкай вобласьці, што Кіеў катэгарычна адхіліў.
Прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў нядаўна выказаў сумнеў у мэтазгоднасьці саміту Пуціна і Зяленскага, паколькі няма пэўнасьці, ці прапануе на цяперашніх перамовах Украіна жыцьцяздольны «шлях наперад».
Мова «ціску»
На фоне маруднасьці ў дыпляматыі ўкраінскія чыноўнікі і актывісты папярэджваюць, што аднымі толькі размовамі Крэмль ня зрушыць.
У Вашынгтоне пасол Украіны Вольга Стэфанішына 24 лютага заявіла журналістам, што дыпляматыя павінна быць падмацавана «жорсткай сілай».
«Мова, якую разумеюць расейцы, — гэта не дыялёг ці дыпляматычныя намаганьні, а ціск», — сказала Стэфанішына. Паводле яе, санкцыі і супраціўленьне на полі бою — адзіныя эфэктыўныя інструмэнты ўплыву на Маскву.
Гэтае меркаваньне знайшло водгук на вуліцах сталіцы ЗША ў мінулыя выходныя. Некалькі сотняў дэманстрантаў сабраліся ля мэмарыялу Лінкальна, перш чым прайсьці да рэзыдэнцыі расейскага пасла. Мітынг, арганізаваны Амэрыканска-ўкраінскімі актывістамі (USUA), стаў напамінам пра ўнутраны ціск на Белы дом з мэтай забесьпячэньня «справядлівага міру».
«Украінская дыяспара працягвае пасылаць адміністрацыі ЗША выразны сыгнал: Украіне патрэбны справядлівы і трывалы мір з моцнымі гарантыямі бясьпекі», — заявіла кіраўніца групы Надзея Шапарынская.
У інтэрвію Радыё Свабода 24 лютага яна папярэдзіла аб небясьпецы вяртаньня да «няўдалай мадэлі» Будапэшцкага мэмарандуму 1994 году, згодна зь якім Украіна абмяняла свой ядзерны арсэнал на гарантыі бясьпекі, якія ў рэшце рэшт Масква праігнаравала.
Рэспубліканцы зноў заклікаюць да перадачы ракет Tomahawk
Патрабаваньне ўзмацненьня ціску таксама набірае абароты на Капіталійскім пагорку — уплывовыя рэспубліканскія заканадаўцы заклікаюць адміністрацыю Трампа пашырыць вайсковую падтрымку, каб атрымаць рычагі ўплыву за сталом перамоваў.
24 лютага сэнатар Ліндсі Грэм з Паўднёвай Караліны заклікаў да пастаўкі Ўкраіне крылатых ракет Tomahawk. Грэм сьцьвярджаў, што здольнасьць пацэльваць у заводы па вытворчасьці бесьпілётнікаў і ракет на расейскай тэрыторыі мае вырашальнае значэньне, бо, паводле яго, пакуль што «Пуцін ня мае сур’ёзнага намеру спыніць вайну».
Гэты заклік падтрымаў і сэнатар-рэспубліканец Джэры Моран з Канзасу, які ахарактарызаваў уварваньне Расеі як «стратэгічную няўдачу», якая суправаджалася вялікай колькасьцю ахвяр. Моран далучыўся да закліку да перадачы Tomahawk і ўзмацненьня санкцый, настойваючы на тым, што Маскве нельга дазваляць абвяшчаць перамогу «ні на полі бою, ні за сталом перамоваў».
Рэспубліканец ад штата Нябраска Дон Бэкан 25 лютага на Амэрыканскай радзе ў зьнешняй палітыцы заявіў, што перадача высокадакладнай зброі далёкага радыюсу дзеяньня і «разгромныя» санкцыі неабходныя, каб прадэманстраваць, што Злучаныя Штаты ня будуць цярпець «гвалтоўнага захопу тэрыторыі».
Прарыў няўлоўны
Нягледзячы на сёлетнія шматлікія сустрэчы паміж украінскімі, расейскімі і амэрыканскімі прадстаўнікамі, канчатковы прарыў застаецца няўлоўным.
Хоць высокія чыноўнікі ЗША ў прыватным парадку сыгналізавалі пра сваё жаданьне захаваць дыпляматычны імпульс, разрыў паміж патрабаваньнем Кіева аб бясьпецы і патрабаваньнем Масквы аб тэрыторыях застаецца велізарным.
Зеленскі выказаў гатоўнасьць сустрэцца з Пуціным на нэўтральнай тэрыторыі, але посьпех такой сустрэчы, імаверна, залежыць ад вынікаў Жэнэўскіх перамоў і прапанаванага трохбаковага раўнду ў сакавіку.
Па тым, як вайна пераходзіць на пяты год, можна адзначыць, што два напрамкі — дыпляматыя і высокаінтэнсіўныя баявыя дзеяньні — працягваюць ісьці паралельна.
Ці зможа агульны міжнародны ціск і перамовы нарэшце зьмяніць траекторыю канфлікту, застаецца вызначальным пытаньнем цяперашніх дыпляматычных намаганьняў.