Расейскія войскі перад чарговым раўндам перамоў у Жэнэве атакавалі Ўкраіну ракетамі і дронамі. Шмат параненых

абноўлена
Наступствы аднаго з ранейшых расейскіх удараў па Харкаве, ілюстрацыйнае фота
Наступствы аднаго з ранейшых расейскіх удараў па Харкаве, ілюстрацыйнае фота

У ноч на 26 лютага расейскія войскі атакавалі тылавыя рэгіёны Ўкраіны адначасова з прыфрантавымі. Для ўдару гэтым разам выкарысталі і баявыя дроны, і ракеты.

Найбольш параненых — у Харкаўскай, Запароскай і Днепрапятроўскай вобласьцях.

Паводле ўладаў Харкаўскай вобласьці, у выніку ўдару па чатырох раёнах абласнога цэнтра і па сяле Рай-Аленаўка раненьні атрымалі 14 чалавек, у тым ліку 7-гадовы хлопчык. У атацы расейскія войскі задзейнічалі 17 дронаў і дзьве балістычныя ракеты.

Адзін чалавек загінуў і восем атрымалі раненьні ў часе абстрэлу Запарожжа і Палогаўскага раёну Запароскай вобласьці. Усяго ў гэтым рэгіёне пацярпеў 31 населены пункт. Улады зафіксавалі 127 паведамленьняў аб пашкоджаньні жыльля, аб’ектаў інфраструктуры і аўтамабіляў.

Улады Днепрапятроўскай вобласьці паведамілі аб двух параненых у Крывым Рагу. У горадзе пашкодзілі пяціпавярховы дом, пажарную частку і аўтамабілі. У Зялёнадольскай грамадзе Крывароскага раён зьнішчылі сонечныя панэлі. У Нікапалі пад расейскімі ўдарамі апынуліся прыватныя будынкі і аўтамабілі. Паводле ўладаў, расейскія войскі нанесьлі амаль 20 удараў бесьпілётнікамі і артылерыяй толькі па двух раёнах рэгіёну.

У Кіеве ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі тры раёны. Сярод цэляў — дзевяціпавярховы дом, гаражы і прыватныя жылыя будынкі. Пакуль інфармацыі аб пацярпелых няма.

Ёсьць інфармацыя аб расейскай атацы Палтаўскай і Чаркаскай вобласьцяў. Мясцовыя ўлады пакуль не паведамляюць аб наступствах абстрэлаў.

Пазьней у апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што ў ноч на 25 лютага Расея выкарыстала супраць Ўкраіны 420 дронамі і 39 ракетамі розных тыпаў.

Сілы супрацьпаветранай абароны Ўкраіны змаглі зьбіць 374 бесьпілётнікі і 32 ракеты.

Адзін з украінскіх маніторынгавых каналаў а 1.22 паведаміў, што адзін з расейскіх дронаў пасьля ўзьдзеяньня сродкамі радыёэлектроннай барацьбы паляцеў у кірунку Мазыра Гомельскай вобласьці. «Ужо без пагрозы для Ўкраіны, лятае ўжо над Рэспублікай Беларусь», — адзначалася ў паведамленьні.

​
XS
SM
MD
LG