Заснавальнік Telegram Павел Дураў трапіў пад прыцэл ФСБ ў справе аб садзейнічаньні тэрарыстычнай дзейнасьці

Павел Дураў, архіўнае фота

У Расеі заснавальнік Telegram Павел Дураў фігуруе ў крымінальнай справе пра садзейнічаньне тэрарыстычнай дзейнасьці (ч. 1.1 арт. 205.1 КК), паведамілі ўрадавае выданьне «Российская газета» і «Комсомольская правда» з спасылкай на матэрыялы ФСБ, перадае «Настоящее время».

У артыкуле «Российской газеты» гаворыцца, што мэсэнджэр ва ўмовах «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» стаў «галоўным інструмэнтам» спэцслужбаў краінаў NATO і Ўкраіны.

«Ілюзія ананімнасьці прывяла ў мэсэнджэр арміі радыкалаў, наркаманаў, забойцаў і тэрарыстаў, што стала фармаваць пагрозы нашаму грамадзтву», — піша выданьне.

Сьцьвярджаецца, што з 2022 году ў Расеі зарэгістравалі больш за 153 тысячы злачынстваў з выкарыстаньнем мэсэнджэра, зь іх 33 тысячы — дывэрсійна-тэрарыстычных, уключна з арганізацыяй выбухаў, падпалаў ваенкаматаў і забойстваў.

Паводле ФСБ, праз Telegram рыхтавалі тэракт у падмаскоўным Crocus City Hall і плянавалі забойствы Дар’і Дугінай (дачкі ідэоляга «русского мира» Аляксандра Дугіна), ваеннага карэспандэнта Максіма Фаміна, а таксама дзевяці расейскіх вайскоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскім вайскоўцам ва Ўкраіне рэкамэндуюць не карыстацца мэсэнджарам Max

Павел Дураў адрэагаваў на навіны з Расеі паведамленьнем у сваім тэлеграм-канале:

«Расея завяла супраць мяне крымінальную справу за „садзейнічаньне тэрарызму“. Штодня ўлады фабрыкуюць новыя зачэпкі, каб абмежаваць доступ расейцаў да Telegram, імкнучыся задушыць права на прыватнасьць і свабоду слова. Сумнае відовішча дзяржавы, якая баіцца ўласнага народу», — напісаў Дураў.

10 лютага ў Расеі заявілі пра пляны «пасьлядоўных абмежаваньняў» працы Telegram з прычыны таго, што ён, паводле ўладаў, не выконвае расейскія законы.

Пасьля гэтага кіраўнік расейскага Міністэрства лічбавага разьвіцьця Максут Шадаеў абвінаваціў Telegram у тым, што яго чытаюць замежныя спэцслужбы. Ён заявіў, што атрыманыя зьвесткі выкарыстоўваюцца для вядзеньня баявых дзеяньняў супраць расейскага войска. У Telegram заявілі, што сьцьвярджэньне ўладаў Расеі пра ўзлом шыфраваньня— гэта «наўмысная выдумка».

Затым Раскамнагляд абвінаваціў Telegram у стварэньні і падтрымцы інфраструктуры, якая дазваляе так званым сэрвісам «прабіву» нелегальна распаўсюджваць пэрсанальныя зьвесткі расейцаў. У ведамстве заявілі, што з 2022 году адміністрацыя мэсэнджэру выдаліла больш за 8 тысяч такіх сэрвісаў, а ў 2026-м выдаляе да 100 штотыдня, але на месца старых ботаў прыходзяць новыя.

У сьнежні ў Расеі пачалі запавольваць працу мэсэнджэра WhatsApp і ў лютым цалкам яго заблякавалі.

Папярэдняя кампанія па блякаваньні Telegram у Расеі была ў 2018—2020 гадах, аднак правалілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Signal у Беларусі ўсё? Чаму не даходзіць SMS ад мэсэнджара пры рэгістрацыі і як абысьці абмежаваньні