Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскім вайскоўцам ва Ўкраіне рэкамэндуюць не карыстацца мэсэнджарам Max

Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Расейскім вайскоўцам ва Ўкраіне — на фоне абмежаваньня працы мэсэнджэра Telegram у Расеі — рэкамэндавалі не выкарыстоўваць для камунікацыі так званы расейскі нацыянальны мэсэнджар Max.

Пра гэта паведамляюць крыніцы расейскага праваеннага тэлеграм-канала Fighterbomber і «Медиозоны».

«Прыйшлі распараджэньні аб забароне выкарыстаньня і ўстаноўкі самага абароненага ў сьвеце нацыянальнага мэсэнджара на прылады з пашыранымі мультымэдыйнымі магчымасьцямі, якія былі шматразова забаронены мінулымі і пазамінулымі распараджэньнямі», — гаворыцца ў паведамленьні блогера. Суразмоўца «Медиозоны» сярод расейскіх вайскоўцаў пацьвердзіў гэтую інфармацыю. Паводле яго слоў, забарона прадыктавана меркаваньнямі бяспекі.

Fighterbomber дадаў, што камандаваньне ВС РФ абяцае ўкараніць у якасьці ваеннага мэсэнджара нейкі ўласны софт.

Меры па абмежаваньні Telegram

У пачатку лютага «Роскомнадзор» паведаміў аб далейшых мерах па абмежаваньні працы Telegram. 17 лютага блізкі да супрацоўнікаў сілавых структур тэлеграм-канал Baza са спасылкай на крыніцы паведаміў, што з 1 красавіка «Роскомнадзор» пачне «татальную блякіроўку» Telegram па аналёгіі з Instagram і Facebook.

Шэраг расейскіх праваенных блогераў і грамадзкіх дзеячаў скрытыкавалі ўлады, указаўшы, у прыватнасьці, на тое, што Telegram актыўна выкарыстоўваецца расейскімі вайскоўцамі ва Ўкраіне як сродак сувязі. Некаторыя блогеры адзначылі, што збоі ў працы Telegram і адключэньне Starlink ужо прывялі да праблем на фронце, у тым ліку ў Запароскай вобласьці.

У Крамлі адказалі, што сытуацыю, пры якой блякіроўка Telegram выкліча цяжкасьці ў каардынацыі намаганьняў расейскіх вайскоўцаў, уявіць «цяжка і немагчыма». «Ня думаю, што можна ўявіць сабе, што франтавая сувязь забясьпечваецца з дапамогай Telegram або нейкага мэсэнджара», — сказаў Дзьмітрый Пяскоў.

Аднак пазнай міністар лічбавага разьвіцьця, сувязі і масавых камунікацый Расеі Максут Шадаеў паведаміў, што ўлады Расеі вырашылі не блякаваць працу месэнджара Telegram для расейскіх вайскоўцаў «у зоне СВА». Шадаеў дадаў, што спадзяецца, што з часам расейскія вайскоўцы пяройдуць на «іншыя плятформы».

Што вядома аб Max

Бэта-версію расейскага «нацыянальнага мэсэнджара» Max прадставілі ў сакавіку 2025 года. Для рэгістрацыі патрэбна або беларуская, або расейская sim-карта (якую мігрантам ужо нельга атрымаць без здачы біямэтрычных дадзеных).

У расейскіх праўладных мэдыя яго называлі «забойцам» Telegram: распрацоўшчыкі дадатку абяцалі, што Max заменіць самы папулярны мэсэнджар для расейскіх карыстальнікаў.

Аднак нягледзячы на блякіроўкі Telegram і WhatsApp папулярным Max ня стаў, адзначае «Настоящее время». Адна з прычын у адсутнасьці абароны для карыстальнікаў: скразнога шыфраваньня чатаў, сакрэтных чатаў, самазьнішчальных паведамленьняў, двухфактарнай аўтэнтыфікацыі. Пры гэтым Max зьбірае куды больш інфармацыі аб карыстальніках, чым паказана ў палітыцы канфідэнцыйнасьці.

Прэтэнзіі да бясьпекі Max высоўвалі нават у ФСБ, пісаў Telegram-канал Faridaily са спасылкай на крыніцы. Частка з іх датычылася рызыкі магчымых уцечак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG