Дзяржсакратар ЗША Рубіё: у нас няма пэўнасьці ў сур’ёзнасьці намераў расейцаў завяршыць вайну ва Ўкраіне

Марка Рубіё на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы 14 лютага 2026

На сёлетняй Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў бясьпецы дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё зьвярнуўся да эўрапейскіх лідараў з заявамі аб трансатлянтычных сувязях, назваў Амэрыку «дзіцём Эўропы», заклікаў да рэформаў для вырашэньня праблем дэіндустрыялізацыі, міграцыі і сувэрэнітэту.

Прамова Марка Рубіё, якая кантраставала з больш канфрантацыйным тонам леташняга выступу віцэ-прэзыдэнта Дж. Д. Вэнса, выклікала воплескі і зьмякчыла заклапочанасьць з нагоды напружанасьці ў альянсе на тле цяперашніх глябальных канфліктаў, у тым ліку ва Ўкраіне.

У зале, поўнай палітычных і вайсковых лідэраў з усёй Эўропы і ня толькі, дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё выступіў з прамовай, якая зрабіла дзьве рэчы адначасова: супакоіла занепакоеных хаўрусьнікаў і рэзка заклікала да зьмен.

Пра мірныя перамовы Расеі і Ўкраіны

Дзяржаўны сакратар ЗША заявіў, што амэрыканская адміністрацыя ня ўпэўненая, што Расея ўсур’ёз імкнецца да міру ва Ўкраіне.

Паводле яго, расейскія прадстаўнікі пераконваюць ЗША ў сур’ёзнасьці сваіх намераў.

«Мы будзем працягваць правяраць гэта», — сказаў ён.

Дзяржсакратар ЗША падкрэсьліў, што для пачатку мірных перамоў паміж Украінай і Расеяй спатрэбілася ўмяшаньне ЗША. Пры гэтым ён зьвярнуў увагу на бясьсільле ААН, як і ў выпадку з Газай.

Паводле яго, адміністрацыя Дональда Трампа працягне рабіць усё для дасягненьня міру. Марка Рубіё адзначыў, што бакі змаглі на перамовах зьменшыць лік спрэчных пытаньняў, але самыя складаныя зь іх яшчэ ня вырашаныя.

Пра дачыненьні ЗША і Эўропы

Рубіё неаднаразова падкрэсьліваў прывязанасьць Амэрыкі да Эўропы, апісваючы духоўную і культурную сувязь Злучаных Штатаў з кантынэнтам. «Мы заўсёды будзем дзіцём Эўропы», — сказаў ён.

Ён апісваў рознагалосьсі не як дакоры, а як заклапочанасьць. Калі амэрыканскія заявы часам гучаць «прама і тэрмінова», сказаў ён, то гэта таму, што «мы глыбока клапоцімся пра вашу будучыню і нашу». Амэрыка хоча, каб Эўропа была моцнай, дадаў ён, таму што лёс Эўропы неаддзельны ад нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Каб падкрэсьліць цывілізацыйную сувязь, Рубіё зрабіў пералік эўрапейскіх культурных гігантаў — Моцарта, Бэтховэна, Дантэ, Шэксьпіра, Мікеланджэла, Да Вінчы — разам з The Beatles і The Rolling Stones, а таксама такіх славутасьцяў, як Сіксцінская капэла і Кёльнскі сабор. Яны, паводле яго слоў, сьведчаць не толькі пра веліч мінулага, але і пра пэрспэктывы будучыні.

Рубіё атрымаў працяглыя воплескі і нават авацыі стоячы стоячы — рэзкі кантраст, як адзначылі некалькі ўдзельнікаў, з прыёмам Вэнса год таму.

Пра сьветапарадак

Абапіраючыся на гісторыю канфэрэнцыі, заснаванай у 1963 годзе ў разгар халоднай вайны, Рубіё згадаў час, калі «тысячы гадоў заходняй цывілізацыі віселі на валаску». Захад перамог, сказаў ён, але няправільна інтэрпрэтаваў гэты трыюмф.

«Эйфарыя ад гэтага трыюмфу прывяла нас да небясьпечнай ілюзіі, што гісторыя скончылася, што лібэральная дэмакратыя непазьбежна распаўсюдзіцца, і што гандаль і глябальныя правілы заменяць нацыянальныя інтарэсы і межы», — адзначыў ён.

Гэтае бачаньне, паводле яго, ігнаравала «чалавечую прыроду» і ўрокі тысячагодзьдзяў. Яно прывяло да дэіндустрыялізацыі, перадачы сувэрэнітэту міжнародным інстытутам і таго, што ён назваў «беспрэцэдэнтнай хваляй масавай міграцыі», якая пагражала сацыяльнай згуртаванасьці.

Рубіё настойваў на тым, што Вашынгтон імкнецца не аслабляць саюзы, а «ажывіць старое сяброўства». Ён сказаў, што ЗША хочуць не хаўрусьнікаў, якія «рацыяналізуюць парушаны статус-кво», а партнэраў, гатовых аднавіць сілы. Заняпад, сьцьвярджаў ён, — гэта выбар. Гэтак жа, як Захад адкінуў фаталізм пасьля Другой усясьветнай вайны, ён павінен адмовіцца ад яго і цяпер. Злучаныя Штаты «не зацікаўленыя ў тым, каб быць ветлівымі і акуратнымі апекунамі кіраванага заняпаду Захаду». Гэтае выказваньне выклікала адну з самых рэзкіх рэакцый у зале.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская — спэцпрадстаўніцы ЭЗ: Беларускі рэжым ведае ўмовы зьняцьця санкцый


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі канцлер Мэрц: Стары сусьветны парадак «больш не існуе»