Зяленскі: «Адно прымяненьне „Арэшніка“ будзе азначаць, што беларусаў уцягнулі ў вайну»

Ракетны комплекс «Арэшнік» у Беларусі. Кадар зь відэа, распаўсюджанага дзяржаўнымі каналамі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі перасьцярог беларусаў ад уцягваньня ў вайну супраць Украіны. Ён заявіў, што Ўкраіна гатовая задзейнічаць усе інструмэнты, каб не дапусьціць магчымасьці запуску ракет тыпу «Арэшнік» зь Беларусі, перадае УНІАН.

«Мы кажам народу Беларусі, што іх уцягваюць у вайну супраць Украіны. Рэжым у Беларусі дазволіў наступ на Ўкраіну ў 2022 годзе, але беларусы тады ня бралі ўдзелу. Рэжым дазволіў поўнамаштабнае ўварваньне з тэрыторыі Беларусі і тое, каб адтуль ляцелі ракеты. Гэты рэжым ёсьць хаўрусьнікам агрэсара, але там, у Беларусі, — людзі, якія не бяруць непасрэднага ўдзелу ў вайне», — адзначыў Зяленскі.

Ён сказаў, што на выкарыстаньне расейцамі паветраных калідораў над Беларусьсю для атак па Ўкраіне і на ўсталяваньне антэн у Беларусі для дапамогі дронам Украіна рэагавала непублічна.

«Але мы ня можам гэтак ціха займацца пытаньнем „Арэшніка“», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны. — «Таму наш сыгнал Беларусі такі: вас могуць уцягнуць у гэтую вайну, і расейцы гэтага хочуць», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без ракеты і безь беларускіх вайскоўцаў: што вядома пра дысьлякацыю «Арэшніка» пад Крычавам. Спадарожнікавыя здымкі

Зяленскі чакае, што Ціханоўская перадасьць гэты пасыл прадстаўнікам іншых краін

«Мы спадзяёмся, што Сьвятлана Ціханоўская і іншыя прадстаўнікі народа Беларусі будуць казаць эўрапейцам, іншым народам і дзяржавам — а яны шмат сустракаюцца, — што Беларусь уцягваюць у вайну. Бо „Арэшнік“ — гэта ўжо не антэны. Мы зрабілі ўсё, каб антэны не працавалі, і дакладна зробім усё, каб „Арэшнік“ нават не пачаў працаваць. Гэта пагроза для нас. Калі ў Расеі атрымаецца цалкам залучыць у гэтую вайну яшчэ адну краіну — Беларусь — гэта будзе вялікая трагедыя», — заявіў Зяленскі.

Паводле Зяленскага, тое, што Лукашэнка сам ініцыяваў зьяўленьне «Арэшніка» ў Беларусі, не дазволіць яму ў выпадку атакі на Ўкраіну перакласьці ўсю адказнасьць на расейцаў, як ён гэта зрабіў у сытуацыі з ракетным абстрэлам напачатку поўнамаштабнага ўварваньня.

«Калі ў першую ноч ляцелі ракеты з тэрыторыі Беларусі, Лукашэнка потым усюды казаў: „Я тут не вінаваты, гэта ўсё расейцы, у нас даўно гэтая зброя стаяла“. Ён ня можа сёньня казаць тое самае пра ўдарныя дроны, бо такой зброі ў яго не было. І дакладна ён ня можа сёньня казаць гэта пра „Арэшнік“», — адзначыў Зяленскі.

Аналітыкі Інстытуту вывучэньня вайны лічаць, што Расея фактычна анэксавала Беларусь.

29 студзеня стала вядома, што на авіябазу ў Баранавічах прыбыла чарговая партыя расейскіх зьнішчальнікаў Су-30СМ2, здольных запускаць ракеты Р-37М з далёкасьцю паражэньня да 200 кілямэтраў, піша УНІАН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хронікі вайны. Расея зноў біла па ўкраінскай энэргетыцы. Украінскія дроны атакавалі хімічны завод у Цьвярской вобласьціЗяленскі: ЗША хочуць, каб мірнае пагадненьне паміж Украінай і Расеяй было дасягнута да чэрвеня Ціханоўская на слуханьнях Каардынацыйнай рады: «Многія ўнутры сыстэмы падзяляюць нашы погляды»