Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хронікі вайны. Расея зноў біла па ўкраінскай энэргетыцы. Украінскія дроны атакавалі хімічны завод у Цьвярской вобласьці

Пажар на складзе пад Кіевам пасьля атакі расейскага дрона, 7 лютага 2026 году
Пажар на складзе пад Кіевам пасьля атакі расейскага дрона, 7 лютага 2026 году

Ёсьць ахвяры сярод мірных жыхароў і ва Ўкраіне, і ў Расеі.

Уладзімір Зяленскі: Расея атакавала Ўкраіну 400 дронамі і 40 ракетамі

«Асноўная цэль — энэргасетка, генэрацыя і разьмеркавальныя падстанцыі. Ёсьць пашкоджаньні ў Валынскай, Івана-Франкоўскай, Львоўскай, Ровенскай абласьцях. У Роўне пашкоджаны шматпавярховік. У Ладыжыне на Віньніччыне дроны ўдарылі па корпусе аграрнага каледжа. Былі таксама ўдары па Кіеўскай і Харкаўскай абласьцях», — паведаміў прэзыдэнт Украіны.

Ён заявіў, што Маскву трэба пазбавіць магчымасьці ціснуць на Ўкраіну холадам, і заклікаў партнэраў паскорыць пастаўкі ракет для сыстэм Patriot і NASAMS.

На Сумшчыне расейскі бесьпілётнік атакаваў легавік. Машына загарэлася, загінула 31-гадовая жанчына, якая была за рулём. На Ровеншчыне ў выніку расейскага ўдару параненыя два чалавекі, яшчэ адзін — на Хмяльніччыне.

Украінскі энэргетычны холдынг ДТЭК паведаміў пра дзясяты ўдар па сваіх цеплаэлектрастанцыях з кастрычніка 2025 году. У выніку «істотна пацярпела» абсталяваньне.

Пад ударам апынуліся падстанцыі і паветраныя лініі, а таксама Бурштынская і Дабратворская ЦЭС.

«Вораг ударыў па аснове энэргасеткі краіны. Па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны прымененыя 4,5–5 чэргаў графікаў аварыйных адключэньняў. Актываваны запыт на аварыйную дапамогу ад Польшчы», — заявіў міністар энэргетыкі Ўкраіны Дзяніс Шмыгаль.

У Кіеўскай вобласьці ў горадзе Ягацін пасьля атакі дронаў загарэліся склады кандытарскай кампаніі Roshen.

Расея. Украінскія дроны атакавалі завод у Цьвярской вобласьці

У Расеі ў ноч на суботу быў атакаваны Рэдкінскі хімічны завод у Цьвярской вобласьці. Прадпрыемства сярод іншага вырабляе паліва для расейскіх ракет. Пра гэта паведамілі расейскія і ўкраінскія тэлеграм-каналы. Пра ўдар таксама напісаў кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяньня дэзінфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Каваленка.

Атаку пацьвердзіў і губэрнатар Цьвярской вобласьці Віталь Каралёў.

«Уначы 7 лютага ў выніку адбіцьця атакі БПЛА адбылося ўзгараньне на адным з прадпрыемстваў Канакоўскай акругі. На гэты момант інфармацыя пра пацярпелых адсутнічае», — цытуе Каралёва афіцыйны канал адміністрацыі рэгіёну.

Пазьней зьявілася паведамленьне пра ліквідацыю пажару. Мінабароны Расеі заявіла пра 4 перахопленыя бесьпілётнікі над Цьвярской вобласьцю.

Дроны атакавалі Белгарадзкую і Курскую вобласьці Расеі. Адзін чалавек загінуў

У Курскай вобласьці ў вёсцы Любаж дрон упаў на прыватны дом — адзін чалавек загінуў, трое пацярпелі. У Белгарадзкай кіраваны дрон атакаваў аўтамабіль у вёсцы Пагромец і параніў чалавека, паведаміў губэрнатар вобласьці Вячаслаў Гладкоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG