Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніцы Эўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен.
Яна адзначыла, што Крэмль нарошчвае колькасьць ваенных злачынстваў, «наўмысна атакуючы дамы і цывільную інфраструктуру», і гэта «не паводзіны дзяржавы, якая імкнецца да міру».
«Расея сядзе за стол перагавораў з сапраўднымі намерамі, толькі калі на яе ціснуць. Гэта адзіная мова, якую Расея разумее. Вось чаму мы сёньня робім крок наперад», — адзначыла кіраўніца Эўракамісіі.
«Мы ўзмацняем экспартныя абмежаваньні ў Расею, усталёўваючы новыя забароны на тавары і паслугі — ад гумы да трактароў і паслуг у сфэры кібэрбясьпекі — на суму больш як 360 мільёнаў эўра», — сказала яна.
Пад санкцыі трапяць яшчэ 43 караблі, якія ЭЗ лічыць часткай расейскага «ценевага флёту». Агулам у санкцыйным сьпісе іх стане 640.
ЭЗ таксама абмяжуе набыцьцё танкераў «для выкарыстаньня ў складзе ценевага флёту» і забароніць тэхнічнае абслугоўваньне і іншыя паслугі для танкераў і ледаколаў, якія перавозяць звадкаваны прыродны газ, у дадатак да ўжо дзейнай забароны на ягоны імпарт.
Апроч гэтага, абмежаваньні закрануць яшчэ 20 расейскіх рэгіянальных банкаў, а таксама кампаніі і плятформы, зьвязаныя з крыптавалютамі.
«Мы таксама нацэленыя на шэраг банкаў у трэціх краінах, якія датычныя да садзейнічаньня незаконнаму гандлю таварамі, што знаходзяцца пад санкцыямі», — заявіла фон дэр Ляен.
Сярод іншых мер —
- забарона на імпарт мэталаў, хімікатаў і крытычна важных мінэралаў, якія раней не былі пад санкцыямі, на суму больш як 570 мільёнаў эўра;
- дадатковыя экспартныя абмежаваньні на тавары і тэхналёгіі, уключна з матэрыяламі для вытворчасьці выбуховых рэчываў;
- увядзеньне квоты на імпарт аміяку.
Эўразьвяз таксама ўпершыню фактычна ўводзіць другасныя санкцыі супраць краін, зь якіх існуе вялікая рызыка рээкспарту ў Расею. У такія краіны ня будуць прадаваць эўрапейскія станкі зь лічбавым праграмным кіраваньнем і радыёстанцыі.
«Нарэшце, мы прапануем больш моцныя прававыя гарантыі для кампаній ЭЗ, каб абараніць іх ад парушэньняў іхных правоў інтэлектуальнай уласнасьці або ад несправядлівай экспрапрыяцыі ў Расеі праз злоўжываньні судовымі рашэньнямі ў сувязі з санкцыямі», — гаворыцца ў заяве Урзулі фон дэр Ляен.
Таксама Эўразьвяз пазычыць 90 мільярдаў эўра Ўкраіне і перадасьць ёй сотні генэратараў.
Форум