Расейскія Z-блогеры масава пішуць пра адключэньні тэрміналаў спадарожнікавага інтэрнэту Starlink па ўсёй лініі фронту ва Ўкраіне. Яны робяць акцэнт на тым, што гэта пакіне бяз сувязі ня толькі ўдарныя дроны, але і штурмавыя падразьдзяленьні, і, магчыма, нават верне расійскае войска ў «стан пачатку СВА ў 2022 годзе», перадае «Настоящее время».
Паводле паведамленьняў зь месцаў, тэрміналы Starlink перасталі працаваць на хуткасьці вышэй за 75–90 км/г. Гэта робіць немагчымай іх працу на большасьці расейскіх бесьпілётнікаў, «Геранях» / «Шахедах», БМ-35 і «Молниях». На гэтых дронах расейскія вайскоўцы ў апошнія месяцы выкарыстоўвалі тэрміналы спадарожнікавай сувязі для прыцэльных удараў.
Дарадца міністра абароны Ўкраіны Сяргей Бяскрэстнаў 5 лютага ў сваім Telegram-канале пацьвердзіў адключэньне Starlink у расейскіх вайскоўцаў. Ён заўважыў, што ў іх «катастрофа на франтах: усё кіраваньне войскамі лягло, на многіх участках спынены штурмавыя дзеяньні». І адзначыў, што ў некаторых падразьдзяленьнях Узброеных сілаў Украіны таксама «былі праблемы» — у тых, хто неапэратыўна падаў сьпісы на прыватныя Starlink.
Што менавіта сталася і як адключэньне Starlink у расейскіх вайскоўцаў можа паўплываць на баявыя дзеяньні?
Пра тое, што Расея выкарыстоўвае тэрміналы Starlink на фронце, было вядома даўно. Рабілася гэта ў абыход правілаў выкарыстаньня тэрміналаў: пакрыцьця Starlink у Расеі няма, «талеркі» кампаніі SpaceX там афіцыйна не прадаюцца, але расейская армія купляе і рэгіструе іх праз трэція краіны. У 2024 годзе Расейская служба Радыё Свабода высьветліла, як адбываюцца закупкі тэрміналаў для расейскай арміі.
Тэрміналы выкарыстоўваліся расейскімі вайскоўцамі ня толькі для сувязі паміж падразьдзяленьнямі. У студзені 2026 году сталі паступаць паведамленьні, што расейская армія выкарыстоўвае вельмі надзейныя і недарагія тэрміналы Starlink для дальнабойных удараў бесьпілётнікамі па Ўкраіне: міні-талеркі ўсталёўваліся проста на дроны.
Перад гэтым, восеньню 2025 году, BBC выявіла, што расейскае войска «вядзе» свае дроны і кіруе імі пры дапамозе дрона-рэтрансьлятара, што давала падобны эфэкт, але праблема абвастрылася менавіта са зьяўленьнем на расейскіх бесьпілётніках «Старлінкаў».
Starlink дазваляе расейцам кіраваць дронамі нават у глыбокім украінскім тыле. Акрамя таго, бесьперабойная спадарожнікавая інтэрнэт-сувязь робіць магчымымі прыцэльныя ўдары па складаных мэтах, напрыклад, аўтамабілях у руху, вайсковай тэхніцы і цягніках. Калі раней ударныя дальнабойныя дроны ляцелі па загадзя зададзеных каардынатах, і пацэліць імі ў рухомы аб’ект было практычна немагчыма, то менавіта дронам са «Старлінкам» у студзені быў атакаваны пасажырскі цягнік у Харкаўскай вобласьці, у выніку чаго загінулі 6 чалавек.
Яшчэ з-за адной расейскай атакі былі пашкоджаныя або зьнішчаныя два ўкраінскія верталёты — Мі-24 і Мі-8 — на аэрадроме Канатава ў Кіраваградзкай вобласьці: дроны на ручным кіраваньні ляцелі блізка да зямлі, і іх не маглі выявіць украінскія радыёлякацыйныя сыстэмы.
SpaceX «прыняла меры»
Пабачыўшы тэндэнцыю ў выкарыстаньні Starlink расейскімі вайскоўцамі, у Кіеве вырашылі паспрабаваць раз і назаўжды вырашыць праблему, пачаўшы перамовы зь Іланам Маскам, уладальнікам SpaceX, якая забясьпечвае сувязь Starlink. Перамовы, мяркуючы па ўсім, аказаліся пасьпяховымі: 1 лютага Маск абвясьціў, што SpaceX «прыняла меры», каб прадухіліць выкарыстаньне Starlink у вайсковых мэтах у расейскіх бесьпілётніках.
Міністар абароны Ўкраіны Міхаіл Фёдараў падзякаваў кіраўніцтву SpaceX за хуткую рэакцыю, на што Ілан Маск на наступны дзень адказаў Фёдараву, што «заўсёды рады дапамагчы». Пасьля гэтай перапіскі і адбылося масавае адключэньне Starlink у зоне баявых дзеяньняў як у расейскіх, так і ва ўкраінскіх вайскоўцаў.
Пасьля гэтага 1 лютага Фёдараў анансаваў стварэньне так званага «белага сьпісу» — сыстэмы, якая дазволіць выкарыстоўваць тэрміналы Starlink на тэрыторыі Ўкраіны толькі аўтарызаваным карыстальнікам. Усім украінскім падразьдзяленьням, у якіх ёсьць такія тэрміналы, а таксама грамадзянскім фізычным асобам і бізнэсу было прапанавана прайсьці працэс вэрыфікацыі і зарэгістраваць свой тэрмінал, каб яго не адключылі. Як сказана ў афіцыйнай інструкцыі па рэгістрацыі, украінскім вайскоўцам для ўнясеньня тэрмінала ў «белы сьпіс» фактычна дастаткова будзе ўнесьці зьвесткі пра яго ў лічбавую сыстэму Delta.
5 лютага Ілан Маск асабіста заклікаў украінцаў зарэгістраваць тэрміналы спадарожнікавага інтэрнэту Starlink у сыстэме і апублікаваў пакрокавую інструкцыю.
У Расеі няма «нічога і блізка параўнальнага са Starlink»
Увядзеньне сыстэмы рэгістрацыі Starlink аналітык праекта Oryx Якуб Яноўскі называе лягічным і «даўно насьпелым» рашэньнем для УСУ. Ён мяркуе, што бяз хуткасных ды іншых абмежаваньняў змогуць працаваць толькі тэрміналы, зарэгістраваныя ў вайсковай сыстэме Delta. Тэрміналы цывільных асобаў або бізнэсу змогуць працаваць толькі ў абмежаваным рэжыме, а незарэгістраваныя (а менавіта такія ў расейскіх вайскоўцаў) — ня змогуць працаваць зусім.
Але Яноўскі адзначае, што ва ўкраінскай сыстэме павінна быць выбудавана надзейная абарона для недапушчэньня выцекаў і ўнясеньня ў яе расейскіх тэрміналаў. Ён таксама нагадвае, што спробы ўвесьці «белыя сьпісы» «Старлінкаў» ва ўкраінскім войску рабіліся яшчэ некалькі гадоў таму, але тады шмат якія падразьдзяленьні УСУ не захацелі рэгістраваць свае тэрміналы.
Якуб Яноўскі адзначае, што інтэрнэт Starlink эфэктыўны на фронце адразу зь некалькіх прычынаў:
- тэрмінал лёгкі (каля 1 кг) і кампактны (Starlink Mini сваім памерам падобны да аркуша А4);
- у яго нізкае энэргаспажываньне;
- ён забясьпечвае высакахуткаснае злучэньне;
- яго вельмі складана як заглушыць, так і выявіць;
- ён працуе ў руху і без абмежаваньняў па далёкасьці палёту;
- каштуе ўсяго 300–400 эўра.
Пры гэтым многія вайсковыя сыстэмы, якія больш устойлівыя да радыёперашкодаў, ня могуць перадаваць вялікія абʼёмы даных, кажа Яноўскі. Або наадварот: тэрміналы, якія могуць гэта рабіць, даражэйшыя, буйнейшыя, цяжэйшыя і маюць больш высокае энэргаспажываньне, чым «Старлінк».
Асобна ён адзначае, што заглушыць тэрмінал кампаніі SpaceX значна цяжэй, чым дроны на GPS-сыгнале: ён працуе на высокіх частотах і накіроўвае сыгнал пры дапамозе фазаванай антэны. На практыцы гэта азначае, што тэрмінал са спадарожнікам злучае вузкі прамень, а ў зоне доступу тэрмінала знаходзіцца вялікая колькасьць спадарожнікаў (усяго на нізкай арбіце іх разьмешчана каля дзевяці тысяч). Пры глушэньні сыгналу тэрмінал проста пераключыцца на іншы даступны спадарожнік.
У такім выпадку, кажа Яноўскі, куды лягічней спрабаваць заглушыць самі спадарожнікі, але задушыць іх вельмі складана: яны хутка рухаюцца на вышыні прыблізна 500 км над Зямлёй. Для процідзеяньня ім патрэбныя магутныя і даволі рэдкія комплексы радыёэлектроннай барацьбы, якія ў ідэале трэба ўсталёўваць як мага бліжэй да лініі фронту, што ў рэаліях сёньняшняй дронавай вайны выглядае як самагубства, лічыць экспэрт. І нават гэта не гарантуе поўную страту сыгналу Starlink.
Аўтар расейскага тэлеграм-каналу «Разработчик БПЛА» пасьля пачатку адключэньня Starlink напісаў, што для расейскага войска без тэрміналаў нічога кардынальна ня зьменіцца, проста «стане менш зручна». У якасьці альтэрнатыўных рашэньняў ён прапанаваў «весьці» дрон да цэлі пры дапамозе ўласнай спадарожнікавай навігацыі, а Starlink уключаць толькі на апошнім этапе. Ён таксама лічыць, што абмежаваньне хуткасьці спадарожнікавага інтэрнэту можна абысьці, перазагружаючы тэрмінал, бо Starlink вызначае перавышэньне толькі празь дзьве хвіліны, і да гэтага часу хуткасьць можа быць вышэйшай.
«Мы ад пачатку жылі без „Старлінка“, для нас ён быў эпізадычным бонусам, які то зьяўляўся, то адвальваўся, і мы разьвівалі альтэрнатыўныя спосабы сувязі. Высакаклясная спадарожнікавая навігацыя ў нас ёсьць свая», — упэўнена напісаў Z-блогер.
Якуб Яноўскі словы блогера пра «высокаклясную спадарожнікавую навігацыю» назваў бессэнсоўнымі і заявіў, што ў Расеі няма «нічога і блізка параўнальнага са Starlink».
Дзе-нідзе штурмы ўвогуле спыніліся
Крыніцы Ўкраінскай службы Радыё Свобода ў Генштабе УСУ пацьвердзілі, што расейскія сілы скарацілі колькасць штурмаў на фронце пасля блякаваньня незарэгістраваных тэрміналаў «Старлінк».
На некаторых участках штурмы ўвогуле спыніліся.